Тыдзень рускай мовы і літаратуры

- 12:21Нам пішуць

У другой палове студзеня ў Курманаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці прайшоў традыцыйны тыдзень рускай мовы і літаратуры.

Рыхтаваліся загадзя: выпуск насценгазеты, завучванне вершаў, падбор ілюстрацый. Тыдзень быў вельмі насычаны рознымі мерапрыемствамі. Займальныя конкурсы і віктарыны, пазнавальныя гульні захапілі ўсіх.

Асабліва яркія ўражанні засталіся пасля напісання агульнашкольнай дыктоўкі з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Высоцкага. Дыктоўку пісалі не толькі навучэнцы, але і педагагічныя работнікі і тэхнічны персанал установы адукацыі. І дзеці, і дарослыя паказалі добрыя веды рускай мовы. Сярод навучэнцаў лідзіравала навучэнка 10 класа Настасся Казакова, сярод педагогаў — сацыяльны педагог Галіна Яўгенаўна Баранава, а сярод тэхнічных работнікаў — Любоў Мікалаеўна Ласякова.

Традыцыяй стала правядзенне ва ўстанове конкурсаў “Жывая класіка” і “Проба пяра”. Асабліва актыўна ўдзельнічалі ў іх хлопчыкі і дзяўчынкі з 4 і 7 класаў.

Скончыўся тыдзень правядзеннем лінгвістычнай віктарыны “Свая гульня”, у якой узялі ўдзел дзве зборныя каманды 5—9 класаў “Разумнічак” і “Знайка”. Гульцы праверылі веды па рускай мове, узровень развіцця маўлення, граматычны кругагляд.

Алена ХЛІМАНКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.