У адзінстве навукі і практыкі

- 15:04Рознае, Суразмоўца
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Марат Генадзьевіч Жылінскі адказвае ў парламенце за навуковы складнік заканатворчай дзейнасці. І гэта зразумела. Менавіта з навуковым ухілам складвалася і службовая кар’ера Марата Генадзьевіча. Атрымаўшы пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка спецыяльнасць настаўніка гісторыі, Марат Генадзьевіч у хуткім часе абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў працаваць дацэнтам у педагагічным універсітэце. Імкнучыся ўдасканальвацца ў навуковай сферы, М.Г.Жылінскі праз пэўны час перайшоў працаваць у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з пасады намесніка дырэктара гэтай установы быў выбраны ў парламент. Сёння наша гутарка з Маратам Генадзьевічам прысвечана навуцы, дэпутацкай дзейнасці і перапляценням у яго жыцці гэтых двух кірункаў.

— Марат Генадзьевіч, ці захаваўся навуковы складнік у вашай дэпутацкай дзейнасці? Наколькі гэтыя два кірункі ўзаемазвязаны? Ці маеце па-ранейшаму цесныя сувязі з вашымі калегамі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі?
— Так, сапраўды, навуковы складнік маёй працоўнай дзейнасці захаваўся і ў парламенце. Для мяне гэта аддушына. І калі мае калегі, асабліва з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, непасрэдна з Інстытута гісторыі мяне запрашаюць на тое ці іншае мерапрыемства, я з радасцю там прысутнічаю і тым самым знаходжуся ў гушчыні спраў навукоўцаў, адчуваю сябе, як у сям’і, па-ранейшаму патрэбным. Вось літаральна гэтымі днямі ўдзельнічаў у пасяджэнні Прэзідыума НАН, дзе быў прадстаўлены навукова-аналітычны даклад члена-карэспандэнта А.І.Лакоткі аб народна-традыцыйнай культуры Беларусі і задачах дзяржавы ў кантэксце сучасных этнакультурных працэсаў. Цікавым быў і нядаўна праведзены ў акадэміі круглы стол, прысвечаны развіццю ў нашай краіне гуманітарных навук, у тым ліку гісторыі, сацыялогіі, філасофіі, эканомікі, літаратуры, мовы, этнаграфіі, мастацтва. А.А.Каваленя, акадэмік-сакратар, які ўзначальвае увесь гуманітарны комплекс у акадэміі, прадставіў дакладную справаздачу па ўзроўні развіцця гэтых навук, аб удасканаленні гэтай работы, вызначэнні новых напрамкаў на бліжэйшую перспектыву, захаванні нацыянальнага здабытку нашым нашчадкам. Па сутнасці, усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў НАН Беларусі, праходзяць у рамках працэсаў, якія вызначаюць далейшае развіццё беларускай навукі.
Трэба адзначыць, што прысутнасць на рознага роду форумах прадстаўніка дзяржаўнай улады, у нашым выпадку заканадаўчай, дае свой плюс тым, хто праводзіць гэтае мерапрыемства, і мне самому, таму што гэта дае магчымасць унікаць у сутнасць той ці іншай тэматыкі, вызначаць праблемы, якія ўзнікаюць, прадстаўляць сваё меркаванне ў дыскусіі і ў канчатковым выніку актывізавацца ў сучаснай рэчаіснасці і не адрывацца ад яе.Тым самым дэпутат перад грамадскасцю прадстаўляе ў сваёй асобе дзяржаўную пазіцыю па тым ці іншым пытанні, што, безумоўна, выклікае павышаны інтарэс да мерапрыемства з боку яго ўдзельнікаў.
У цэлым у дэпутацкай дзейнасці існуе свая спецыфіка. Гэта пастаянная работа з законапраектамі, дзе вельмі працаёмкай з’яўляецца юрыдычны складнік. Кожны дэпутат, акрамя работы непасрэдна ў складзе сваёй камісіі, яшчэ займаецца куратарствам заканатворчасці іншых камісій. Напрыклад, у кола маіх абавязкаў уваходзіць супрацоўніцтва з дэпутатамі камісіі па нацыянальнай бяспецы. І ва ўсе тыя законапраекты, якія прыходзяць на разгляд членаў гэтай камісіі, я таксама маю права ўносіць свае прапановы. Калі ў мяне ўзнікаюць пытанні, заўвагі па тым ці іншым законапраекце, то, згодна з маёй кампетэнцыяй, я магу іх выказаць членам камісіі альбо вынесці на разгляд у час пасяджэння рабочай групы. Так было і пры распрацоўцы Кодэкса аб адукацыі, у стварэнні якога, акрамя адпаведных структур, прымалі ўдзел усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. А гэта пацвярджае, што заканатворчасць у парламенце — агульная справа дэпутацкага корпуса, і работа ўсіх яго камісій не абмежавана толькі адным профільным кірункам.

— Раскажыце, калі ласка, акрамя дэпутацкай дзейнасці, якую грамадскую нагрузку вы маеце?
— У першую чаргу я назваў бы работу ў Мінскім гарадскім таварыстве “Веды”, якое я ўзначальваю больш як год. Да гэтай работы далучаны не толькі дэпутаты, але і прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, БРСМ, вучоныя. Мы наладзілі кантакты з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, нашымі ўніверсітэтамі, дзе на іх базе ў цесным кантакце праводзім розныя мерапрыемствы ў форме круглых сталоў, канферэнцый. Так, у прыватнасці, апошнім часам у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі беларускай дзяржаўнасці, фарміраванню нацыянальнай свядомасці беларусаў. Улічваючы той факт, што ў гэтым годзе мы будзем святкаваць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то шэраг сустрэч з грамадскасцю мы прысвячаем гэтай тэме ў кантэксце агульнай больш чым тысячагадовай гісторыі нашай краіны, якая бярэ свой пачатак з першага ўпамінання аб Полацку ў 862 годзе. Дарэчы, парламентарызм у нашай краіне мае таксама даўнія карані, і першы парламенцкі вопыт быў прадстаўлены ў час так званага полацкага веча.Такім чынам гістарычна пацверджана, што фарміраванне беларускай нацыі і дзяржаўнасці бярэ пачатак з далёкіх вякоў і мы, сённяшнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, як сучаснікі найноўшай гісторыі нашай краіны, адначасова з’яўляемся нашчадкамі нашых продкаў, захавальнікамі і прадаўжальнікамі традыцый нашага народа і яго найбагацейшай гістарычнай спадчыны.
Прадставіць нашай грамадскасці ўнікальную гісторыю і сучаснасць нашай краіны — на гэта накіраваны нашы сустрэчы ў таварыстве “Веды”, куды мы запрашаем студэнтаў, маладых навукоўцаў, гісторыкаў, парламентарыяў, прадстаўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў. Трэба сказаць, што нашых грамадзян вельмі цікавяць гэтыя мерапрыемствы, яны неабыякавы да гісторыі і сучаснасці нашай краіны. І гэта вельмі пазітыўны момант. Веданне сваіх каранёў дапаможа нашаму грамадству ўмацаваць нацыянальную свядомасць,фарміраваць гонар за свой старажытны народ. А знаходжанне Беларусі ў геаграфічным цэнтры Еўропы, на скрыжаванні геапалітычных і геастратэгічных шляхоў адкрывае магчымасці фарміраваць сусветную гісторыю, навуку і эканоміку.

— Як вядома, вашы навуковыя доследы звязаны з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
— Сапраўды. У свой час, у 2004 годзе, па даручэнні Прэзідэнта краіны мне пашчасціла прыняць удзел у стварэнні падручніка “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны”, які стаў падарункам нашым ветэранам. Да 60-годдзя Вялікай Айчыннай вайны 150 тысяч ветэранаў атрымалі гэтую кнігу. Акрамя таго, змест гэтай кнігі быў узяты за аснову школьнага факультатыву, а таксама спецкурса па гэтай тэматыцы для студэнтаў. Мяркуючы па водгуках навучэнцаў і педагогаў, гэтая тэма стала вельмі хвалюючай для нашага грамадства. Асабліва ўскалыхнула нашых дзяцей і моладзь напісанне рэфератаў аб сваіх родных і блізкіх, чые лёсы былі апалены вайной. Навучэнцы вельмі старанна вывучалі гісторыю сваёй сям’і, сваіх продкаў і потым натхнёна расказвалі аб гэтым на ўроках. Менавіта праз такія праекты выхоўваецца патрыятызм падрастаючага пакалення, нацыянальная свядомасць і чалавечая годнасць. На мой погляд, такая літаратура па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ў далейшым павінна займаць ганаровае месца ў фарміраванні ідэалогіі нашай дзяржавы.

— Марат Генадзьевіч, як вядома, у хуткім часе плануецца правядзенне другога з’езда вучоных. Асновай гэтага форуму стане абмеркаванне Праграмы ўдасканалення навуковай сферы ў Рэспубліцы Беларусь. Раскажыце, калі ласка, аб змесце гэтага дакумента? Якія асноватворныя кірункі навуковай дзейнасці там акрэслены?
— У стварэнні гэтай праграмы былі задзейнічаны ўсе міністэрствы і ведамствы нашай краіны. Каардынатарам у гэтым выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.У праграме ставіцца мэтай дасягненне ўстойлівага развіцця навуковай сферы, інтэграцыя навукі і вытворчасці як важнейшай умовы па павышэнні канкурэнтаздольнай эканомікі і ўмацавання нацыянальнай бяспекі краіны. У праграме таксама прадстаўлены канкрэтныя задачы максімальнай рэалізацыі патэнцыялу навукі па імпартазамяшчэнні, развіцці экспартаарыетаванай вытворчасці. Не сакрэт, што сёння неабходна ўдасканаліць сістэму дзяржаўнага кіравання навукай, забяспечыць пераемнасць развіцця навуковых школ, захаваць традыцыі навуковага настаўніцтва. Вельмі актуальным з’яўляецца адзінства навуковага даследавання, распрацоўкі праекта і рэалізацыі яго на вытворчасці, тым самым аб’яднанне тэорыі і практыкі, што на сённяшні дзень пакуль праблематычна. На жаль, сёння наш вучоны выступае ў дзвюх ролях — як тэарэтык і як практык. Ён прадстаўляе сваю ідэю і сам імкнецца яе ўкараніць, пры тым што гэта не задача вучонага. У праграме таксама выкладзены кірункі мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэння дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы навукі, прыцягнення ў навуковае асяроддзе таленавітай моладзі, стварэння максімальна спрыяльных магчымасцей для прафесійнага росту вучоных. Прыярытэтамі навуковай сферы стане кадравае забеспячэнне навукі, структурнае ўдасканаленне, развіццё малых і сярэдніх інавацыйных прадпрыемстваў, удасканаленне сістэмы навуковага заказу, павышэнне грамадскага статусу навукі.

— У цэнтры ўвагі па-ранейшаму застаецца пытанне фінансавання навуковай сферы. Ці плануюцца ў гэтым змены?
— Пытанне фінансавання любой галіны заўсёды вельмі актуальнае. І ў сферы навукі важна вызначыць, ці будзе ўзята за аснову бюджэтнае фінансаванне, альбо навука будзе імкнуцца зарабляць сама? Па сутнасці, гэта ўжо адбываецца. Прыкладаў экспартаарыентаваных, навукаёмістых тэхналогій сёння шмат. Дастаткова паглядзець справаздачныя матэрыялы НАН за мінулыя гады (асабліва за апошні год), дзе такая тэндэнцыя назіраецца найбольш яскрава і аддача ад навуковай дзейнасці даволі істотная. Мы маем цікавыя распрацоўкі, патэнты, прамысловыя ўзоры.
Адзначаючы гэтыя пазітыўныя зрухі ў навуковай сферы, навукоўцы добра разумеюць, што нельга затарможвацца ў навуковым развіцці, трэба ісці ў нагу з сусветным навуковым рухам і заняць сваю нішу менавіта ў той навуцы, якая адлюстроўвае характэрныя рысы і асаблівасці нашай краіны. А гэта распрацоўка тых навуковых праектаў, якія звязаны з Беларуссю. Гэта можа быць не толькі гуманітарны кірунак, але і навука аб зямлі Беларусі, яе нетрах, прыродных выкапнях, землекарыстанні, навуковыя даследаванні ў сферы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Разам з гэтым наша навука павінна захоўваць і больш інтэнсіўна развіваць сваю экспартаарыентаванасць.
Калі адсочваць узровень нашай краіны ў кантэксце рэйтынга Сусветнага банка па індэксе ведаў, то Беларусь яшчэ пару гадоў назад займала 45-ае месца сярод 146 краін свету і апярэдзіла ўсе краіны СНД, акрамя Расіі, якая заняла 43 месца. Па індэксе эканомікі ведаў наша краіна заняла 59 месца, уступіўшы Украіне і Расійскай Федэрацыі.
Шчыра кажучы, пакуль той паказчык, які вызначае матэрыяльнае ўтрыманне аднаго вучонага ў параўнанні з краінамі Еўропы, пакуль недастатковы. Выдаткі на правядзенне навуковых даследаванняў і распрацовак у разліку на аднаго даследчыка таксама нізкія. Так, у прыватнасці, яшчэ пару гадоў назад яны складалі 22 тысячы 900 долараў ЗША, а ў Расіі, напрыклад, 75 тысяч. Таму, адназначна, тэма фінансавага забеспячэння навукі ў нашай краіне будзе займаць цэнтральнае месца ў абмеркаванні на з’ездзе вучоных. Размова там будзе весціся аб механізмах фінансавання, далучэнні да фінансавання прыватнага і замежнага капіталу, інвестыцыйных траставых фондаў, аб выкарыстанні навуковых крэдытаў, далучэнні сродкаў камерцыйных прадпрыемстваў.

— Значная частка дакумента адводзіцца кадраваму патэнцыялу навукі. Як будзе фарміравацца склад маладых вучоных?
— Сёння ў навуковай сферы працуе каля 30,5 тысячы супрацоўнікаў, якія выконваюць канкрэтныя навуковыя распрацоўкі. А вось навуковых даследчыкаў налічваецца каля 19 тысяч. З іх 5,5 тысячы працуюць у арганізацыях НАН Беларусі. Вучоную ступень доктара навук сёння мае каля 700 чалавек, кандыдата навук — 3 тысячы чалавек, з іх 55 працэнтаў — работнікі НАН.
Пытанні кадравага забеспячэння навуковай сферы трэба ставіць і на заканадаўчым узроўні, і ў кантэксце Кодэкса аб адукацыі, дзе канкрэтна акрэсліць працэс падрыхтоўкі кадраў для навуковай сферы і вызначыць яго механізм. Магчыма, гэты працэс будзе рэалізоўвацца ў выглядзе заказу прыватных прадпрыемстваў і арганізацый на выпускнікоў УВА. Ужо сёння назіраецца такая тэндэнцыя, калі прыватныя фірмы адсочваюць таленавітых, перспектыўных студэнтаў універсітэтаў і пасля заканчэння запрашаюць іх на работу. Трэба прызнаць, што дзяржаўныя структуры менш актыўныя ў гэтым кірунку. Напэўна, мог бы дапамагчы новаствораны банк даных выпускнікоў УВА не толькі на стадыі іх выпуску, але і працаўладкавання.
У сваю чаргу па ініцыятыве НАН Беларусі плануецца стварыць акадэмічны ўніверсітэт, дзейнасць якога будзе накіравана на кадравае забеспячэнне навуковай сферы маладымі вучонымі. З гэтай мэтай абавязкам інстытута павышэння кваліфікацыі акадэміі будзе адсочванне выпускнікоў УВА, здольных да навуковай дзейнасці, тых, хто збіраецца рэалізаваць свой навуковы патэнцыял у магістратуры, аспірантуры, а ў далейшым, магчыма, абараніць кандыдацкую і доктарскую дысертацыю. Для такога кантынгенту акадэмічны ўніверсітэт прадаставіць навуковую пляцоўку. Навучанне будзе арганізавана такім жа чынам, як і ў звычайным універсітэце, і з такімі жа формамі ацэнкі ведаў. Акадэмія не мае намеру стварыць канкурэнцыю Міністэрству адукацыі, непасрэдна яго вышэйшай школе. Мы робім адну агульную справу і імкнёмся ўпарадкаваць працэс падрыхтоўкі маладых навукоўцаў, стварыць бар’ер для адтоку таленавітай моладзі.
Сёння метады замацавання выпускнікоў, забеспячэння сацыяльных гарантый не заўсёды спрацоўваюць. Матэрыяльны стымул ставіцца на самае важнае месца. Урэшце атрымліваецца, што моладзь, замест таго каб нечага дасягнуць, перш-наперш цікавіцца, што за гэта будзе. А павінна быць наадварот. У першую чаргу ў нашых маладых людзей патрэбна развіваць цікавасць да выбранай спецыяльнасці, вучыць імкнуцца да сваёй мэты, каб маладыя людзі ўсведамлялі, што з кожным новым узроўнем прафесіяналізму будзе расці і іх матэрыяльнае забеспячэнне.
Важна пры гэтым праводзіць тлумачальную работу. За аснову павінен быць узяты ідэалагічны момант, менавіта такі, што мы нарадзіліся ў Беларусі, на зямлі сваіх продкаў, тут будуць жыць нашы дзеці і ўнукі, таму мы павінны перш за ўсё працаваць на сваю краіну. На жаль, наша дзяржава не валодае такімі эканамічнымі рэсурсамі, як Расія, каб задаволіць патрэбнасці грамадзян у поўнай меры. Але пры ўсіх цяжкасцях кожны чалавек, які дасягнуў пэўных вяршынь у той ці іншай сферы дзейнасці, ніколі не будзе абдзелены ні маральна, ні матэрыяльна. Сёння мы бачым, што прэзідэнт нашай краіны рэгулярна заахвочвае людзей, якія сталі нашым гонарам. Такія людзі павінны быць прыкладам для ўсіх нас.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.