У асабістую прастору ўваход забаронены?

- 8:48Псіхалогія +

Тэму, на якую заўсёды варта гаварыць з дарослымі, што вучаць і выхоўваюць дзяцей, падлеткаў, часта шчодрай рукой падносіць нам жыццё. Так і на гэты раз фільм беларускага рэжысёра Аляксандры Бутар “У асабістую прастору ўваход забаронены” падштурхнуў выбраць менавіта гэтую псіхалагічную прастору ў жыцці педагогаў і вучняў для асэнсавання. Мы ўсе хочам гуманістычнай адукацыі і рухаемся да яе. Значыць, абавязаны ўваходзіць ва ўласную асабістую прастору і добра арыентавацца ў ёй, разумеючы і шліфуючы сябе. Натуральна далікатна і клапатліва. Разумеючы, што самым важным ва ўсе часы з’яўляецца чалавек — унікальны, неспасціжны, адзіны ў сваім родзе, удзелім увагу сабе, сваім пачуццям у прафесіі, асабістым жыцці. Існуе псіхалагічная пастка, якая можа зрабіць цяжкай нашу прафесійную дзейнасць і жыццё ў цэлым. У яе трапяць тыя, хто недаацаніў значэнне свайго эмацыянальнага свету. Імя пасткі — алексітымія.

Дыялог з чытачом

Алексітымія — гэта псіхалагічны стан, пры якім зніжана або абцяжарана здольнасць у выказванні словамі эмацыя­нальных станаў і пачуццяў. Алексітымія ўласціва людзям, якія па тых ці іншых прычынах абмежавана перапрацоўваюць, усведамляюць эмацыянальныя ўражанні, перажыванні, пачуцці, прычыны ўчынкаў.


Прыметы алексітыміі: цяжкасць у разуменні і апісанні словамі ўласных перажыванняў, пачуццяў; складанасць  у правядзенні адрозненняў паміж пачуццямі і цялеснымі адчуваннямі; беднасць фантазіі, уяўлення, вельмі рэдкія сны; завастрэнне ўвагі ў большай ступені на знешніх падзеях, чым на ўнутраных перажываннях.

Не пазналі сябе? І цудоўна! Не падпусцім да сябе гэтую праблему. Чаму варта старацца? Вось аргументы: вынікам алексітыміі становіцца празмерны прагматызм і адсутнасць творчых адносін да жыцця. А творчасць — гэта праяўленне індывідуальнасці, нестандартнасці ўспрымання, радасці існавання, самавыяўленне. Адсут­насць радасці прыводзіць да адчування шэрасці жыцця, да канкрэтна неабгрунтаванага незадавальнення і незадаволенасці жыццём. Часта пры алексітыміі ў людзей узнікаюць кароткачасовыя, рэзка выяўленыя ў паводзінах эмацыянальныя выбухі, прычыны якіх дрэнна ўсведамляюцца. Абмежаванне магчымасці разумець сябе становіцца значнай перашкодай для ўсведамлення таго, што адбываецца, для магчымасці цэласнага ўспрымання свайго жыцця. Чалавеку з алексітыміяй цяжка паглядзець на сябе збоку, усвядоміць сэнс свайго жыцця і дзейнасці, убачыць іх у часовай узаемасувязі, ажыццявіць сэнсавае звязванне цяперашняга з мінулым і будучыняй. А гэта ж дазваляе чалавеку ствараць і захоўваць унутраную гармонію, неабходным чынам мяняць свой унутраны свет і не аказвацца цалкам у палоне сітуацыі.

Як устойлівая асаблівасць чалавека алексітымія пачынае сваё развіццё ў падлеткавым узросце. Калі не наву­чыць дзіця расказваць пра тое, што яно адчувае, як яно гэта выказвае, яно не навучыцца суперажываць. А здараецца, што мы, дарослыя, часта не проста не пытаемся ў дзіцяці пра яго пачуцці, а, наадварот, усяляк вучым іх хаваць, дэманструем гэта сваім прыкладам. У такіх умовах выраста­юць людзі з неразвітай у патрэбным узросце здольнасцю да ­ўсведамлення і выказвання пачуццяў, — людзі з першаснай алексітыміяй.

Калі, на шчасце, алексітымія не ўстойлівая асаблі­васць нашай асобы, то яна можа быць часовай рэакцыяй на дэпрэсію або трывогу. Яна развіваецца ў выніку перавагі ў працэсе развіцця асобы абаронных механізмаў. Гэта значыць, калі выяўленне пачуццяў прыносіла ў мінулым боль, страх, пачуццё віны — чалавек атрымліваў негатыўны вопыт, які траўміраваў, і прыходзіў да высновы, што свае пачуцці лепш ніколі не паказваць і нікому пра іх не расказваць. А каб выпадкова не прагаварыцца, лепш хаваць іх і ад самога сябе. На жаль, адмаўленне ад магчымага болю часта выклікае і адваротны бок — адмаўленне ад магчымай радасці. Людзі з алексітыміяй больш за іншых схільны да праяўлення і развіцця псіхасаматычных захворванняў, да дэпрэсіі. Алексітымія можа сведчыць пра тое, што чалавек закрыты новаму вопыту і цэнтраваны на негатыўных падзеях. Негарманічнай можа быць не толькі эмацыянальная сфера чалавека, але і асобасная, што прыводзіць да спрашчэння жыццёвай накіраванасці, збяднення ўзаемасувязей з навакольным светам. Мы ж гэтага не хочам, ды і прафесія патрабуе ад нас роўна суп­рацьлеглага. Папрактыкуемся, удзяліўшы ўвагу свайму ўнутранаму свету. Зразумеўшы сябе, мы знойдзем дарогу да разумення іншых.

Калі спытаць сярэднестатыстычнага чалавека пра самаадчуванне, хутчэй за ўсё ён адкажа: “Нармальна”, “Добра”, “Дрэнна”. Калі вы спытаеце пра гэта ў сваёй школе ці дома, то наўрад ці атрымаеце такі яркі разгорнуты адказ: “Я зараз адчуваю раздражненне, якое ўзнікае, злёгку афарбаванае непакоем” або “Я адчуваю радасць, да якой прымешваецца невялікая доля варожасці”. Можа, і не варта імкнуцца да такой высокай дакладнасці аналізу сваіх пачуццяў, але развіты эмацыянальны інтэлект дазваляе выконваць штомінутны “зрэз” эмацыянальнага фону і хутка прымаць рашэнні на аснове яго аналізу. Таму варта практыкавацца ва ўсведамленні ўласных эмоцый.

Практыкаванне “Што я зараз адчуваю?”. Перыядычна пытайцеся ў сябе: “Што я зараз адчуваю?” Пры гэтым пачынайце з самых простых для распазнавання базавых станаў: радасці, смутку, гневу, страху. Для гэтага пастаўце сабе на кожны дзень два-тры тэлефонныя напаміны. Калі яны спрацоўваюць, адказвайце на пытанне: “Што я адчуў за секунду да гэтага?” Па-другое, навучыцеся вызначаць крыніцу эмоцыі і ступень яе інтэнсіўнасці. Можна некаторы час і дзённічак весці з наступнымі данымі: дзень, час, эмоцыя, яе інтэнсіўнасць, яе прычына.

Практыкаванне “Эмоцыі ў фарбах”. Зрабіце сваю галерэю эмоцый, дзе кожная карціна — гэта эмоцыя, выяўленая тымі фарбамі і кампазіцыяй, якую вы выбераце. Вельмі здорава маляваць адначасова з дзецьмі і параўнаць, якімі ў вас атрымаліся радасць, сум, злосць.

Практыкаванне “Вызначэнне эмацыянальнага стану навучэнцаў”.

Па слоўным апісанні поз і жэстаў вызначыце эмацыянальны стан вучня.

  1. Сядзіць, прытрымліваючы галаву, вочы напаўзаплю­шчаны; машынальна штосьці малюе на паперы, тузае ручку і аловак. Знешне затарможаны. (Нуда.)
  2. Вучань часта пакашлівае, назіраецца змяненне тону голасу, падцягванне далоней да губ і падбародка, магчымы падрыгванне шыі, патыліцы, валасоў, рухі дробныя, мітуслівыя. (Нервовасць.)
  3. Вучань стаіць, завёўшы рукі за спіну, і моцна сціскае адной рукой другую (калі сядзіць, то скрыжоўвае ногі). (Самакантроль.)
  4. Вучань пераплятае пальцы рук: вялікія пальцы нервова рухаюцца і пашчыпваюць далоні; вучань грызе ці смокча канец алоўка, кранае спінку крэсла і расхіствае яе, але не са­дзіцца; топчацца, перабірае нагамі. (Няўпэўненасць.)
  5. Вучань стаіць, скрыжаваўшы рукі на грудзях. (Недавер і закрытасць, псіхалагічная абарона.)
  6. Вучань стаіць, плечы крыху накіраваны наперад, напружаная “драўляная” спіна, шыя, голас злёгку дрыжыць, перапыняецца, аблізвае губы, сціскае рукі ў кулакі. (Трывога, страх.)

Практыкаванне “Націск — супраціўленне” для ўсве­дамлення прывычнага спосабу ўзаемадзеяння, пошуку кан­структыўных шляхоў для зносін, а таксама пры вырашэнні складаных сітуацый.

Злучыце далоні рук на ўзроўні грудзей, а потым націсніце правай далонню на левую. Левая рука пачынае несвядома аказваць супраціўленне. Што адбываецца з левай рукой? Параўнайце атрыманы вопыт з сітуацыямі зносін, узаема­дзеяння з вучнямі. Як паводзяць сябе людзі, калі пачынаюць адчуваць націск, агрэсію ў свой адрас? У адказ на негатыўныя эмоцыі мы падсвядома пачынаем супраціўляцца, напрыклад, агрэсія выклікае агрэсію, жаданне абараніцца, пазбегнуць зносін.

Практыкаванне “Эксперт”.

Пералічыце псіхалагічныя прычыны нежадання дзяцей, падлеткаў вучыцца. Не зазірайце адразу ў прыведзены ніжэй спіс. Папрацуйце самастойна.

  1. Ранняя закаханасць, якая забірае ўсю ўвагу, энергію, перажыванні, мары.
  2. Праблемы ў сям’і (канфлікты, развод бацькоў, хвароба блізкіх, цяжкасці ў адносінах з братам ці сястрой, нараджэнне другога дзіцяці).
  3. Цяжкасці ва ўзаемаадносінах з сябрамі.
  4. Пачуццё пратэсту як яго вучаць, хто вучыць.
  5. Неўсвядомленае супраціўленне бацькам, якія прымушаюць вучыцца.
  6. Заніжаная самаацэнка вучня.

Практыкаванне “Пральная машынка” для зняцця эмацыянальнага напружання. Пагуляйце з вучнямі, і для вас адкрыюцца маленькія іх сакрэты. Удзельнікі выстройваюцца ў дзве шарэнгі тварам адзін да аднаго — гэта барабан пральнай машыны. Адзін з удзельнікаў выбірае сабе ролю прадмета, які мае патрэбу ў мыцці (шаўковы шалік, майка для фітнесу, джынсы, вячэрняя сукенка) і, звяртаючыся да астатніх удзельнікаў, заказвае неабходны для яго рэжым мыцця: “далікатнае мыццё”, “інтэнсіўнае мыццё”, “моцнае забруджванне”, “паласканне” і інш. “Той, хто мае патрэбу ў мыцці”, праходзіць паміж дзвюма шарэнгамі ўдзельнікаў, якія з дапамогай дотыкаў да яго выконваюць агучаны рэжым мыцця. У ролі таго, хто мае патрэбу ў мыцці, выступаюць усе жа­даючыя.

Дарагія нашы чытачы! Варта працаваць над развіццём свайго эмацыянальнага інтэлекту, мяняючы сваё жыццё да лепшага. Толькі ўдасканальваючы сябе, мы ствараем умовы для змяненняў вакол нас, іншымі словамі, мяняем свет, робячы яго больш добрым і разумеючым.

Псіхалагічнае люстэрка

Тэст на пачуцці

Пачуцці, якія мы перажываем пры любых жыццёвых акалічнасцях, неабходныя і каштоўныя. Вельмі важна заўважаць іх, прымаць і аналізаваць. Іншымі словамі, аддаваць ім час і сілы. Не ўсе, канечне, а некаторую іх частку. Выключна карыснае ўменне — кіраваць сваімі эмоцыямі і пачуццямі хаця б часткова. Аднак гэтымі ўменнямі можа авалодваць толькі той, хто навучыўся заўважаць іх, назіраць і “разваж­ваць”. Гэта значыць управіцца можна толькі з тым, што заўважыў, вылучыў, усвядоміў. Даследаваць свае ўменні ў гэтай галіне нам дапаможа методыка “Таронцкая шкала алексітыміі” (TAS).

Адзначце, у якой ступені вы згодны ці не згодны з кожным з наступных сцвярджэнняў.

На кожнае сцвярджэнне трэба даваць толькі адзін адказ з пералічаных: цалкам не згодны; хутчэй не згодны; ні адно ні другое; хутчэй згодны; цалкам згодны.

Тэкставы матэрыял (пытанні).

  1. Калі я плачу, то заўсёды ведаю, чаму.
  2. Мары — гэта страта часу.
  3. Я хацеў бы быць не такім сарамлівым.
  4. Мне часта цяжка вызначыць, якія пачуцці адчуваю.
  5. Я часта мару пра будучыню.
  6. Мне здаецца, я таксама здольны лёгка знаходзіць сяброў, як і іншыя.
  7. Ведаць, як вырашаць праблемы, важней, чым разумець прычыны гэтых рашэнняў.
  8. Мне цяжка знаходзіць правільныя словы для выказвання маіх пачуццяў.
  9. Мне падабаецца даводзіць да ведама людзей сваю пазіцыю па тых ці іншых пытаннях.
  10. У мяне бываюць фізічныя адчуванні, якія незразумелы нават дактарам.
  11. Мне недастаткова ведаць, што прывяло да такога выніку, мне неабходна ведаць, чаму і як гэта адбываецца.
  12. Я здольны з лёгкасцю апісаць свае пачуцці.
  13. Я лічу за лепшае аналізаваць праблемы, а не проста іх апісваць.
  14. Калі я засмучаны, то не ведаю, сумны я, спалоханы ці злы.
  15. Я часта даю волю ўяўленню.
  16. Я праводжу многа часу ў марах, калі не заняты нічым іншым.
  17. Мяне часта азадачваюць адчуванні, якія з’яўляюцца ў маім целе.
  18. Я рэдка мару.
  19. Я лічу за лепшае, каб усё ішло само сабой, чым разумець, чаму адбылося менавіта так.
  20. У мяне бываюць пачуцці, якім я не магу даць цалкам дакладнае азначэнне.
  21. Вельмі важна ўмець разбірацца ў эмоцыях.
  22. Мне цяжка апісваць свае пачуцці ў дачыненні да лю­дзей.
  23. Людзі мне гавораць, каб я больш выказваў свае пачуцці.
  24. Трэба шукаць больш глыбокія тлумачэнні таго, што адбываецца.
  25. Я не ведаю, што адбываецца ў мяне ўнутры.
  26. Я часта не ведаю, чаму я злуюся.

Ключ да таронцкай шкалы алексітыміі (TAS).

Падлік балаў ажыццяўляецца: 1) адказы пытанняў 2, 3, 4, 7, 8, 10, 14, 16, 17, 18, 19, 20, 22, 23, 25, 26 ацэньваюцца наступным чынам: “цалкам не згодны” — ацэньваецца ў 1 бал, “хутчэй не згодны” — 2, “ні адно ні другое” — 3, “хутчэй згодны” — 4, “цалкам згодны” — 5;

2) інакш ацэньваюцца пункты шкалы 1, 5, 6, 9, 11, 12, 13, 15, 21, 24. У іх ставім супрацьлеглую ацэнку ў балах па гэтых пунктах (значыць, ацэнка 1 атрымлівае 5 балаў; 2 — 4; 3 — 3; 4 — 2; 5 — 1).

Сума балаў, атрыманая ў выніку складання па ўсіх пунктах, ёсць выніковы паказчык “алексітымічнасці”. Вынікі мо­гуць размеркавацца ў інтэрвале ад 26 да 130 балаў.

Алексітымічны тып асобы — 74 балы і вышэй.

Неалексітымічны тып асобы — 62 балы і ніжэй.

Група рызыкі — у інтэрвале ад 62 да 74 балаў.

Не рызыкуйце, будзьце ўважлівыя, далікатныя да сваіх і чужых эмоцый, пачуццяў!

Святлана РАДЗЬКОВА.