У аснове выхавання — любоў

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Акружыць бясконцай любоўю, дапамагчы дзіцяці знайсці сябе і зразумець, што яно не адно, даць магчымасць самасцвердзіцца і рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Усё гэта — тыя асноўныя прынцыпы выхавання, якімі кіруецца ў сваёй рабоце прыёмная маці аддзела па адукацыі, спорце і турызме Дрыбінскага райвыканкама Тамара Уладзіміраўна Маісеенка. 

Статус прыёмнай маці Тамара Уладзіміраўна набыла больш як 10 гадоў назад. Гэта не было выпадковасцю. Ёй заўсёды падабалася бавіць час з дзецьмі. Напэўна, таму жанчына выбрала для сябе адпаведны прафесійны шлях — стала настаўніцай. 

— Выбар прафесіі не быў для мяне складаным. Мая маці — настаўніца, таму педагагічнай працай я праніклася з дзяцінства і яшчэ да заканчэння школы дакладна вызначылася з тым, кім буду. Атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Па размеркаванні трапіла на Дрыбіншчыну ў Пудаўнянскую школу, — паведаміла Т.У.Маісеенка. 

Родную мову маленькім жыхарам Пудаўні Тамара Уладзіміраўна выкладала на працягу 27 гадоў. А потым у яе жыцці здарылася трагічная падзея: заўчасна пайшла з жыцця сястра, у якой засталіся непаўналетнія дзеці.

— Так я спачатку стала апекуном пляменнікаў. А потым вырашыла цалкам прысвяціць сябе пазбаўленым матулінай любові дзецям, — адзначыла Т.У.Маісеенка. 

На сённяшні дзень Тамара Уладзіміраўна выхавала і выпусціла ў дарослае жыццё пяцярых прыёмных дзяцей. Для сваіх выхаванцаў Т.У.Маісеенка стварала ўсе ўмовы для паўнавартаснага развіцця. Асновай жа выхавання заўсёды была любоў. Гэта прынесла адпаведныя вынікі: кожны з яе дзяцей, як родных, так і прыёмных, змог рэалізаваць сябе, знайшоў сваё месца ў жыцці.

— Тамара Уладзіміраўна — неверагодная маці. Яна ніколі не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых. Кожнаму прысвячае ўсю сябе, акружае душэўным цяплом і сярдэчнай дабрынёй. Паказчыкам эфектыўнасці выхаваўчай сістэмы, створанай Тамарай Уладзіміраўнай, з’яўляецца тое, што ўсе яе дзеці паспяхова ўвайшлі ў грамадства. Значна і тое, што ўсе сыны і дочкі падтрымліваюць цёплыя адносіны са сваёй прыёмнай мамай, — адзначыла намеснік дырэктара Дрыбінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра М.М.Прачуханава.

Самаадданая праца Т.У.Маісеенка не раз атрымлівала высокую ацэнку, адзначалася ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад. Але для самой Тамары Уладзіміраўны самы важны паказчык паспяховасці яе працы — шчасце ўсіх яе дзяцей. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтрам.