У БДУІР адкрылі новую вучэбную лабараторыю

- 11:27Вышэйшая школа

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адкрылі сумесную лабараторыю кампаніі SK hynix memory solutions Eastern Europe і кафедры інфарматыкі факультэта камп’ютарных сістэм і сетак. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел рэктар БДУІР Вадзім Богуш, першы віцэ-прэзідэнт кампаніі SK Hynix Inc. Джэйсан Лі, дырэктар кампаніі SK hynix memory solutions Eastern Europe Ховард Крыстафер Алан і намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ па маркетынгу і развіцці Аляксандр Марцінкевіч.

Супрацоўніцтва факультэта і кампаніі пачалося ў 2015 годзе. SK hynix memory solutions Eastern Europe штогод удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні студэнцкай алімпіяды БДУІР у сферы ІТ BIT-Cup, падтрымлівае правядзенне конкурсаў па намінацыях, звязаных з нізкаўзроўневым праграмаваннем пад мікракантролеры і праектаваннем на мовах Verilog і VHDL.

Мэтай стварэння такога падраздзялення стала далучэнне студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў універсітэта да даследаванняў і распрацовак у галіне праектавання сучасных NAND-flash-назапашвальнікаў.

— Прыемна, што высокатэхналагічная карэйская кампанія, ацаніўшы ўсе магчымасці размяшчэння, даследчай магутнасці, вытворчых і распрацоўніцкіх кампетэнцый, для супрацоўніцтва выбрала менавіта Рэспубліку Беларусь, — адзначыў Вадзім Богуш. — Гэты выбар у многім робіць нам паслугу, паколькі структура патрабуе перш за ўсё высокакваліфікаваных спецыялістаў, здольных вырашаць найскладанейшыя інжынерныя задачы. Даследаванні патрабуюць чыстага позірку, актыўнай працы і сучасных магутнасцей і магчымасцей. Кампанія SK hynix memory solutions Eastern Europe накіравана на распрацоўку высокатэхналагічных прадуктаў, і нашы інтарэсы тут супадаюць, бо аб’ядноўваецца і вучэбны працэс, і навуковыя даследаванні.

Вучыцца ў лабараторыі змогуць студэнты І і ІІ ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях факультэта камп’ютарных сістэм і сетак. Дысцыпліны, якія будуць там выкладацца, накіраваны на вывучэнне моў апісання абсталявання VHDL/Verilog, архітэктур праграмуемай логікі (FPGA) і развіццё навыкаў праектавання лічбавых прылад з іх выкарыстаннем у далейшым. Спецыялісты з кампаніі SK hynix memory solutions Eastern Europe будуць курыраваць работы моладзі па курсавых, дыпломных і магістарскіх даследаваннях і праводзіць майстар-класы па напрамках дзейнасці кампаніі. Першая сустрэча ў лабараторыі адбылася 25 верасня.

— Нам патрэбны таленавітыя спецыялісты-інжынеры з развітым крытычным і лагічным мысленнем і добрай тэарэтычнай падрыхтоўкай. Спадзяёмся, адкрыццё лабараторыі дазволіць падрыхтаваць спецыялістаў, якіх у далейшым можна будзе наймаць у нашу кампанію. Вельмі цяжка знайсці спецыялістаў, якія гатовы прысвяціць сябе інжынернай дзейнасці NAND flash, таму мы і хочам адкрыць сваю лабараторыю ў такім выбітным універсітэце, як БДУІР. Гэта першы крок да агульных поспехаў, — падзяліўся Джэйсан Лі.

Аляксандр Марцінкевіч падкрэсліў, што БДУІР стаў для ПВТ асноўным пастаўшчыком кадраў, звярнуў увагу на тое, што сёння быць проста праграмістам недастаткова.

— Канкурыраваць са светам мы можам толькі ў галіне ведаў, — выказаў думку Аляксандр Міхайлавіч. — І гэтая лабараторыя не будзе рыхтаваць проста тэсціроўшчыкаў, праграмістаў і даваць веды, пабудаваныя толькі ў згаданым кірунку: яна створыць базу для правядзення сумесных навуковых даследаванняў, будзе рыхтаваць людзей, якія ў далейшым змогуць распрацоўваць канкурэнтаздольныя ІТ.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.