У чароўнай атмасферы зімовай казкі

- 10:54Сацыяльны ракурс

Наша школа заўсёды выглядае прыгожай і дагледжанай, але асаблівую прыцягальнасць яна набывае ў снежні, калі ўпрыгожваецца ілюмінацыяй. Установа адукацыі здалёк прыцягвае ўвагу турыстаў, якія ў пераднавагоднія і навагоднія дні праязджаюць міма яе ў Белавежскую пушчу.

Да навагодняга свята школа рыхтуецца загадзя. З вялікай любоўю класы афармляюцца сняжынкамі, снегавікамі, ёлачкамі і гірляндамі. Праводзіцца конкурс навагодніх плакатаў, дзе вучні паказваюць творчыя здольнасці і ўласнае бачанне святочнай падзеі.

Фае першага паверха ператвараецца ў казку. У цэнтры — ёлка-прыгажуня, аздобленая цацкамі ручной работы, і выстащка творчых вырабаў “Навагодняе чараўніцтва”, падрыхтаваная выхаванцамі гуртка “Творчыя майстэрні” пад кіраўніцтвам А.М.Брышчук. Гурткоўцы выканалі работы ў тэхніцы “Кітайскае модульнае арыгамі” і “Кінусайга”, канструявалі з розных матэрыялаў, займаліся пляценнем з газетных трубачак, выпільвалі, вязалі прутком, шылі… У гэтым ім дапамаглі бацькі. Сярод вырабаў — ёлачка-тапатушка, ёлачка-гномік, навагодні дамавік, зімовае дрэва жаданняў, навагоднія снегавічкі і многае-многае іншае.

Зімовыя канікулы не толькі ўзнімаюць настрой, але і прыносяць карысць. Так, вучні ўдзельнічалі ў спартыўна-масавым мерапрыемстве “Снежны снайпер”.

Дзеці, якія добра вучацца і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, пабывалі на абласной ёлцы, дзе адправіліся ў казачнае падарожжа па часе. Актывісты БРСМ узялі ўдзел у фотаконкурсе “У новы год па-маладзёжнаму”.

Сёння педагогі, вучні і іх бацькі рыхтуюць праграму “Славім Каляды!”. Любімыя святы з’ядналі ўсіх і прынеслі шмат радасці.

Аксана РОСЛЯК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.