У госці да чароўнага дуба

- 11:45Навіны рэгіёнаў

Пры музеі нашага ліцэя працуе клуб “Пошук”. За гады яго існавання навучэнцы знайшлі шмат цікавых звестак з гісторыі роднага краю, пабывалі ў розных мясцінах Брэстчыны, звязаных з вядомымі падзеямі і людзьмі. Так, сёлета члены клуба вырашылі больш падрабязна даведацца пра польскую пісьменніцу Марыю Радзевіч, якая працяглы час жыла на Кобрыншчыне.

Марыя Радзевіч нарадзілася ў 1864 годзе ў мястэчку Пінюга на Гродзеншчыне. Паходзіла з роду землеўладальнікаў. Была дачкой Генрыха і Амеліі Кужаніцкіх, якія за дапамогу паўстанцам былі сасланы ў Сібір. Пасля амністыі ў 1871 годзе сям’я Марыі пераехала ў Варшаву. У 1877 годзе бацька будучай пісьменніцы атрымаў у спадчыну маёнтак Грушава ў Кобрынскім павеце. Маёнтак займаў каля 1,5 га: палі, лугі, лясы і балоты. Марыя Радзевіч стала яго гаспадыняй у 1887 годзе і пражыла ў ім да 1939. Потым пераехала ў Варшаву, дзе і памерла ў 1944 годзе.Калі мужчыны працавалі, пісьменніца гаварыла: “Працуйце і размаўляйце, не заўважайце мяне”. Садзілася побач і слухала байкі мужчын, а потым нешта занатоўвала. Так ствараліся мастацкія творы. Адзін з іх, раман “Чароўны” (пра грушаўскі дуб), прынёс маладой пісьменніцы ў будучым вядомасць і быў перакладзены на 9 еўрапейскіх моў. У 1994 годзе члены таварыства аматараў Валыні і Палесся з Варшавы ўсталявалі пад знакамітым дубам памятны знак у гонар зямлячкі.
У двары, побач з домам, дасюль узвышаецца вялізны дуб, які Марыя Радзевіч лічыла чароўным. За домам быў вялікі дагледжаны сад, дзе стаяла альтанка, абсаджаная бэзам. Непадалёку размяшчаўся флігель. Летам у ім спыняліся падарожнікі. У глыбіні саду знаходзіліся два невялікія вадаёмы, злучаныя паміж сабой. Пасярэдзіне аднаго з іх быў астравок, дзе стаяла выразаная з дрэва постаць апостала Пятра. У садзе было адведзена месца пад агарод, за якім даглядалі маладыя дзяўчаты, нанятыя з ліку сельскіх жыхароў. Сёння маёнтак выглядае інакш.
“Марыя Радзевіч была надзвычай добрай жанчынай, заўсёды дапамагала людзям. На Новы год і Каляды арганізоўвала святочныя мерапрыемствы для дзяцей з салодкімі падарункамі”, — расказаў падчас наведвання былога маёнтка мясцовы жыхар М.В.Нясцюк, які ведае пра пісьменніцу са слоў дзядулі, што калісьці працаваў у пані.
Вяскоўцы ахвотна расказалі пра адзін з твораў пісьменніцы, паводле якога быў зняты мастацкі фільм. А былы бібліятэкар паказала навучэнцам некаторыя кнігі Марыі Радзевіч і расказала яе літаратурную біяграфію.
Другая сусветная вайна застала пісьменніцу ў Грушаве. Маёнтак быў разрабаваны. У аднаго з мясцовых жыхароў захавалася лаўка Марыі Радзевіч, седзячы на якой яна, магчыма, пісала свае творы.
У савецкі час дом быў перададзены ў распараджэнне мясцовай улады і перабудаваны ў аднапавярховы. У 70—80-я гады мінулага стагоддзя ў ім размяшчаліся медыцынскі пункт, магазіны і рабочая сталовая. Сёння дом пустуе. Акрамя таго, на тэрыторыі былога маёнтка быў узведзены двухпавярховы будынак, у якім спачатку знаходзілася кантора, а затым базавая школа. Цяпер будынак не эксплуатуецца з-за аварыйнага стану.
Падчас наведвання былога маёнтка навучэнцы пабывалі на могілках, дзе пахаваны бацькі Марыі Радзевіч.
Хочацца спадзявацца, што былы дом вядомай польскай пісьменніцы, які з’яўляецца мемарыяльным, будзе ўзяты пад ахову дзяржавы.

Алена НЯСЦЮК,
выкладчыца гісторыі абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.
Фота аўтара.