У лепшых традыцыях мінулага

- 10:00Навіны рэгіёнаў

У Магілёве ў лепшых традыцыях мінулага адбыўся калядны кадэцкі баль. Святочнае мерапрыемства ўжо даўно з’яўляецца адметнай рысай правядзення ў рэгіёне рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Сёлета баль прайшоў ужо дзясяты раз. Удзельнікамі сталі сем пар хлопцаў і дзяўчат. Гэта выхаванцы абласнога кадэцкага вучылішча імя Я.Нікалаенкі, навучэнкі студыі эстраднага танца “Эдэльвейс” цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва, а таксама выхаванкі эстраднага тэатра-студыі “Вясёлка” Абласнога цэнтра творчасці. Прысутнічалі на мерапрыемстве і ганаровыя госці. Сярод іх — намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова і іншыя.

Пад гукі меладычнай музыкі адкрыўся баль выкананнем урачыстага паланэза. Далей змянялі яго то павольны вальс, то вясёлая полька, іншыя мелодыі. Старадаўняя музыка, паклоны і рэверансы, юныя дамы ў прыгожых сукенках, кавалеры ў парадных мундзірах… Усё гэта стварала непаўторную атмасферу свята і пераносіла ў мінулае.

Дарэчы, маладыя людзі вельмі добра падрыхтаваліся да мерапрыемства. Яны вывучылі правілы этыкету на балях, адтачылі танцавальныя навыкі. Немагчыма было апісаць усю ўрачыстаць танцуючых пар.

На балі знайшлося месца таксама песням, карагодам, гульням. Акрамя таго, кадэты прадэманстравалі сваё ўменне валодаць зброяй, навыкі страявой падрыхтоўкі. Заканчэннем мерапрыемства стала ўручэнне Магілёўскаму абласному кадэцкаму вучылішчу імя Я.Нікалаенкі падарункаў ад ганаровых гасцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.