У музеі алімпійскай славы

- 11:30Нам пішуць

Каб актывізаваць цікавасць да заняткаў фізічнай культурай, больш даведацца пра алімпійскі рух і алімпійцаў Беларусі, па ініцыятыве настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Ціхініцкай сярэдняй школы і пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама адбылася паездка 20 лепшых спартсменаў школы ў музей алімпійскай славы, што ў Мінску.

Наведванне музея падарыла незабыўнае ўражанне. Навучэнцы былі ў захапленні ад убачанага. Экскурсавод пазнаёміла з гісторыяй і развіццём фізкультуры і спорту ў Беларусі, распавяла пра ролю Міжнароднага алімпійскага камітэта ў адраджэнні алімпійскай культуры і дасягненні беларускіх спартсменаў на летніх і зімовых Алімпіядах пачынаючы з 1952 года.

Вучні ўбачылі нацыянальны сцяг Беларусі, які пабываў на Эверэсце, алімпійскія факелы 1980 і 2006 гадоў, многія філатэлічныя і нумізматычныя калекцыі. Сфатаграфаваліся ля стэндаў, дзе нашы алімпійскія чэмпіёнкі па біятлоне 2018 года падарылі музею сваю форму і інвентар. Адзін з вучняў дакрануўся да лыжы алімпійскага чэмпіёна па фрыстайле Антона Кушніра, загадаўшы пры гэтым запаветнае жаданне.

Усе навучэнцы з захапленнем глядзелі на шкляную вітрыну, за якой знаходзіцца спартыўная амуніцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, актыўнага ўдзельніка спаборніцтваў па хакеі, футболе, тэнісе, лыжных гонках.

Знайшлося месца ў музеі і нашаму земляку — алімпійскаму чэмпіёну 1972 года ў веславанні на байдарках Мікалаю Гарбачову, прозвішча якога ўсе дзеці назвалі адразу ж. Школьнікі задавалі экскурсаводу пытанні, на якія атрымлівалі вычарпальныя адказы.

З радасцю скарысталіся магчымасцю праявіць свае спартыўныя здольнасці на віртуальнай бегавой дарожцы, у сектарах для скачкоў і кіданні дыска і кап’я, пры стральбе з лазернай зброі. Супрацоўнікі музея былі здзіўлены вынікамі, якія паказалі нашы навучэнцы.

На развітанне вучні падарылі музею фігуру Дар’і Домрачавай, выкананую рукамі вучняў у тэхніцы пап’е-машэ пад кіраўніцтвам майстра Святланы Іванаўны Рыбалка. На хвалі эмацыянальнага ўздыму і натхнення з багажом атрыманых ведаў, са словамі падзякі навучэнцы Ціхініцкай сярэдняй школы пакінулі музей алімпійскай славы, паабяцаўшы наведаць гэтую ўнікальную ўстанову яшчэ не раз.

Рыгор КЛІМКОЎ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Ціхініцкай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна.