У падтрымку “зялёнага” руху

- 13:21Якасць адукацыі

З 2004 года ў сярэдняй школе № 3 Ашмян працуе цэнтр “ЭКА” — добраахвотнае творчае аб’яднанне навучэнцаў 5—11 класаў, якія імкнуцца ўдасканальваць свае веды ў галіне экалогіі, набываць уменні і навыкі пошукава-даследчай і доследнай дзейнасці. З 2010 года школа ўдзельнічае ў рэалізацыі міжнароднага праекта “Зялёныя школы”. Кіраўніком праекта з’яўляецца Алена Мечыславаўна Картановіч, настаўніца біялогіі і геаграфіі. Праграма праекта “Зялёныя школы” цесна пераплятаецца з праграмай цэнтра “ЭКА” школы. Яна прадугледжвае паглыбленае вывучэнне экалагічнай праблематыкі на факультатыўных занятках.

Удзельнікі праекта вызначылі ідэю, якая ляжыць у аснове іх дзейнасці: мысліць глабальна — дзейнічаць лакальна. А кіруюцца яны прынцыпам: “Наш навакольны свет — гэта наш арганізм. Ахоўваючы навакольнае асяроддзе, мы ахоўваем сваё здароўе”. Праграма “Зялёныя школы” ўключае ў сябе работу па наступных напрамках: біяразнастайнасць на тэрыторыі школы, энергетыка, вада, адходы, мясцовае згуртаванне. У яе рэалізацыі прымаюць удзел 320 навучэнцаў школы. Праграма “Зялёныя школы” ў нашай установе рэалізоўваецца праз вучэбную дзейнасць падчас правядзення экскурсій, на ўроках пры вывучэнні разнастайнасці жывых арганізмаў; на факультатывах “Надзвычайны свет раслін”, “Дзікая прырода Беларусі”, “Азбука Берагошы”, “Мая Бацькаўшчына”; падчас правядзення інфармацыйных і класных гадзін у 1—11 класах; школьных прадметных дэкад: біялогіі, хіміі, геаграфіі, энергазберажэння і экалогіі; падчас работы экалагічнага клуба “Крылаты дазор” навучэнцы 6—8 класаў назіраюць за птушкамі, аказваюць ім дапамогу, падкормліваюць у зімовы перыяд; пры рабоце вучэбнага і віртуальнага кабінета энергазберажэння; пры рабоце школьнага навуковага таварыства “Эўрыка”; праз удзел навучэнцаў у навукова-практычных канферэнцыях; падчас паходаў, прагулак, экскурсій.
Алена Мечыславаўна Картановіч праводзіць шмат экскурсій, а ў перыяд летніх канікул кіруе гуртком “Зялёныя школы” ў рамках работы школьнага лагера, аздараўленчага раённага лагера “Дружба”. Падчас экскурсій дзеці збіраюць галінкі і плады дрэў і кустоў, кавалачкі кары, якія ўпалі, сухія сцяблінкі траў, шышкі, раскляваныя птушкамі або абгрызеныя вавёркай. З сабой яны бяруць компас, лапаткі, слоікі, лупы і г.д. Самым цікавым, на думку навучэнцаў, з’яўляецца збор і вызначэнне насякомых. Іх таксама прываблівае работа, звязаная з прыборамі, сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, камп’ютарам, мікраскопам, магчымасць прыгатаваць мікрапрэпарат, разгледзець пад мікраскопам аб’ект даследавання, сфатаграфаваць яго.
Напрамак “Біяразнастайнасць” (мэта: вывучэнне, дапамога і ахова жывых арганізмаў на тэрыторыі школы). Навучэнцамі складзена картасхема прышкольнай тэрыторыі, якая размешчана ў фае школы першага паверха. На ёй адзначана 11 відаў травяністых раслін. На картасхеме таксама адзначана 10 месцаў назірання за насякомымі. Выявы насякомых і раслін размешчаны на стэндзе “Зялёная школа” і на сайце школы, а таксама занесены ў анлайн-базу florafauna.by.
Пасадка мясцовых відаў дрэў і кустоў — традыцыйная акцыя, якую праводзяць навучэнцы школы разам з Будзёнаўскім і Граўжышкоўскім лясніцтвамі ў рамках тыдня лесу. У гэтым навучальным годзе навучэнцамі 8—11 класаў было пасаджана больш за 30 га лесу.
Акцыі па пасадцы лесу на працягу шэрага гадоў праходзяць у Эстоніі, Польшчы, Расіі і іншых краінах. Адным з арганізатараў гэтага міжнароднага праекта стала Фінляндыя. У 2012 годзе на саміце “Рыа +20” (Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія) была вызначана асноўная мэта праекта — пасадзіць 100 мільёнаў дрэў да 2017 года. У 2014 годзе сярэдняя школа № 3 Ашмян стала самай актыўнай удзельніцай у рэалізацыі гэтага праекта. Вынікам работы, якая праводзіцца, стала запрашэнне Алены Юр’еўны Місуна, кіраўніка гэтага мерапрыемства ў школе, у Ёэнсуу (Фінляндыя) для ўзнагароджання і ўручэння каштоўнага падарунка.
Напрамак “Энергазберажэнне” (мэта: вучыць рацыянальнаму энергаспажыванню ў школе і дома). Навучэнцамі складзена справаздача па выніках вывучэння спажывання электраэнергіі за 2014/2015 навучальны год. Вызначана асноўнае месца расходу электраэнергіі — сталовая. На схематычным плане будынка школы, у фае першага паверха, пазначаны асноўныя прыборы, якія спажываюць электраэнергію, і рэжым іх работы.
У 2009 годзе ў школе створаны кабінет па энергазберажэнні (загадчыца кабінета А.Ю.Місуна, настаўніца пачатковых класаў і англійскай мовы). У 2010— 2011 гадах Алена Юр’еўна наведала семінары расійска-нарвежскага праекта “ШПІРЭ” (SPАRE — Школьныя праграмы выкарыстання рэсурсаў і энергіі), мэтай якога з’яўляецца апрабацыя вучэбна-метадычных комплексаў на энергазберажэнні. Школа прыняла ўдзел у апрабацыі гэтых комплексаў. У 2013 годзе каманда школы заняла 1 месца ў міжнародным конкурсе, арганізаваным ШПІРЭ.
У 2010/2011 навучальным годзе Настасся Дукель, навучэнка 8 класа, заняла 1 месца ў раёне, 2 — у вобласці ў конкурсе праектаў “Энергія ветру”. Ужо ў 11 класе Настасся пад кіраўніцтвам настаўніка хіміі Сяргея Раманавіча Пілецкага заняла 1 месца ў рэгіянальным конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў, які прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пры падтрымцы Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” і Архускага цэнтра Гродна. Акрамя таго, у яе 3 месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Найлепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод устаноў адукацыі”.
У 2011/2012 навучальным годзе Юлія Янушкевіч, навучэнка 10 класа, стала пераможцай абласнога і ўдзельніцай Рэспубліканскага конкурсу “Экамарафон”. Метадычныя распрацоўкі факультатыву А.Ю.Місуна занялі 1 месца ў раённым конкурсе “Энергія і асяроддзе пражывання”.
Алена Юр’еўна разам з членамі экацэнтра стварыла сайт па энергазберажэнні, віртуальны кабінет па энергазберажэнні, матэрыяламі якіх карыстаюцца класныя кіраўнікі 1—11 класаў падчас правядзення інфармацыйных і класных гадзін. Урок настаўніцы А.Ю.Місуна адзначаны ў рамках Рэспубліканскага конкурсу “Смецце варта ўвагі”.
Навучэнцы школы пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі і свайго класнага кіраўніка Ганны Іванаўны Чубрык стварылі сваімі рукамі ветрагенератар і сонечную батарэю. Гэтыя прыборы і даследчыя работы на працягу двух гадоў маюць поспех — 1 і 2 месцы на абласным і ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаІнтэлект”, “Таленты ХХІ стагоддзя”, 1 месца ў раённай НПК “Першы крок у навуку”.
Напрамак “Водазберажэнне” (мэта: вучыць рацыянальнаму выкарыстанню вады ў школе і дома). За ўдзел у праектах па рацыянальным выкарыстанні вады школа атрымала сертыфікат, у якім вызначаны клас эфектыўнасці будынка па вадзе — А. Навучэнцамі школы складзены план дзеянняў па водазберажэнні: замяніць краны ў туалетах на трэцім паверсе; замяніць зліўныя бачкі ў туалетах на трэцім паверсе; устанавіць зліўныя бачкі рацыянальнага аб’ёму (4—6 л) або двайнога зліву (3, 6 л); звяртаць увагу, ці не цячэ вада дарма з водаправоднага крана; сачыць за спраўнасцю водаправодных кранаў па ўсёй школе; закручваць за сабой кран з вадой, а дзяжурным правяраць краны ў месцах агульнага карыстання пасля кожнага перапынку; сачыць за спраўнасцю бачкоў у туалетах, каб не выцякала лішняя вада; выкарыстоўваць ваду толькі тады, калі гэта сапраўды неабходна.
Напрамак “Абыходжанне з адходамі” (мэта: зацікавіць школьнікаў у неабходнасці змяншаць адходы ў школе і дома праз раздзельны збор смецця). Навучэнцамі школы вывучаны магчымасці перадачы на перапрацоўку або абяскоджванне асобных відаў адходаў. Настаўніца біялогіі А.М.Картановіч правяла інфармацыйную гадзіну ў 7—9 класах “Адходы дома і ў школе”. Праведзены гутаркі з навучэнцамі 1—9 класаў па тэхніцы бяспекі пры сартаванні адходаў. Распрацаваны план па вывучэнні складу адходаў, якія з’яўляюцца ў школе, і крыніцы іх з’яўлення. Праведзены аналіз крыніц з’яўлення смецця. Устаноўлены ў школе скрыні з назвамі тыпаў адходаў (папера, пластык, змяшанае смецце). Складзена памятка “Як можна зменшыць колькасць адходаў”. Навучэнцы не толькі вывучаюць праблемы экалогіі, але і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі школьных конкурсаў “Вырабы са смецця”. У рэкрэацыі школы размешчаны карціны з другсыравіны, зробленыя рукамі навучэнцаў пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Н.Ф.Пронінай. Навучэнцы школы стварылі на прышкольнай тэрыторыі прыстасаванні для кампаставання арганічных адходаў.
Напрамак “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы” (мэта: азнаёміць навучэнцаў з экалагічным станам прыродных аб’ектаў нашай мясцовасці, прыцягнуць увагу грамадскасці, мясцовых жыхароў да праблем пітной вады).
Навучэнцамі быў праведзены забор узораў вады з калодзежа насупраць школы па вул.Аўдзеева (100 мг/л). Пробы былі ўзяты з трох крыніц, быў вывучаны іх хімічны аналіз. На падставе месцазнаходжання крыніц была складзена картасхема крыніц Ашмянскага раёна. На вывучэнні складу вады з крыніц справа не скончылася. Навучэнцы і іх бацькі правялі вялікую работу па паляпшэнні крыніцы ў наваколлі в.Будзёнаўкі, якая знаходзілася ў “аварыйным” стане. Паляпшэнне пачалося з таго, што быў зроблены падыход да самой крыніцы з горкі — прыступкі. Далей вучні пачалі прыхарошваць саму крыніцу. Спачатку крыніца цякла з простай трубкі, і да яе не было ніякага падыходу. Навучэнцы вырашылі зрабіць падножжа ля самой крыніцы. Для гэтага набылі бярвёны, апрацавалі іх і дошкі, з дапамогай якіх зрабілі падножжа, антысептыкам. Крыніца мянялася на вачах!
Навучэнцы 8—10 класаў прыбіралі смецце з сумежнай тэрыторыі вакол крыніцы: пластмасавыя і шкляныя бутэлькі, бляшанкі, цэлафанавыя пакеты, паперу і многа іншых прадметаў хатняга ўжытку. Пасля генеральнага прыбірання тэрыторыі мясцовасць, якая прымыкае да крыніцы, мы вырашылі абгарадзіць плотам памерам 2,5м*1,5м і 0,7м у вышыню, які вырабілі бацькі і рабочыя сярэдняй школы № 3, а навучэнцы фарбавалі плот. Паблізу крыніцы вырашылі зрабіць лаўку, і цяпер любы жадаючы можа адпачыць тут разам з сябрамі або сям’ёй ці проста зайсці пакаштаваць вады. Навучэнцы зрабілі рыбку-паказальнік, на якім напісалі пра месцазнаходжанне крыніцы і склад вады. Вучні ўжо распрацоўваюць план добраўпарадкавання яшчэ адной крыніцы.
Нам трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць: працягнуць вывучэнне раслін, жывёл; засяліць сажалку, якая ёсць у школе, раслінамі; праводзіць мерапрыемствы па інфармаванні навучэнцаў, жыхароў Ашмян па пытаннях энергазберажэння, водазберажэння; выканаць план дзеянняў на год па мінімізацыі адходаў; актыўна супрацоўнічаць з прыродаахоўнымі арганізацыямі.
Работа па экалагічным выхаванні навучэнцаў, якая праводзіцца, павінна прыносіць вынік. За апошні час дзеці сталі больш назіральнымі і актыўнымі. Яны разумеюць, што празрыстае паветра, спевы птушак, зялёныя лугі, чыстыя рэкі і азёры — усё гэта трэба зберагчы для будучых пакаленняў. Для навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Ашмян у рамках рэалізацыі праграмы “Зялёная школа” гэта стала аксіёмай.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.