У рабоце з дзецьмі трэба прыслухоўвацца да сваёй інтуіцыі, пераканана малады спецыяліст з Полацка

- 17:17Образование

«Сакрэт паспяховай работы ў тым, каб развівацца ў прафесіі і прыслухоўвацца да сваёй інтуіцыі ў зносінах з дзецьмі”, — пераканана педагог дадатковай адукацыі Настасся Шатрова, паведамляе карэспандэнт  «Настаўніцкай газеты».

Настасся Паўлаўна вядзе заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах на базе дзвюх полацкіх школ — № 6 і № 8. Дарэчы, сама яна выпускніца сярэдняй школы № 6. Дзяўчына з дзяцінства марыла стаць мастаком. Маці, заўважыўшы схільнасць дачкі да творчасці, запісала яе ў гурток па маляванні ў клубе “Задыяк” па месцы жыхарства да педагога Мікалая Фёдаравіча Бакума. У 5 класе Насця вырашыла прадоўжыць навучанне ў мастацкай школе. Сама даведалася аб уступных іспытах, паступіла і паспяхова скончыла ўстанову. Затым яшчэ два гады рыхтавалася да паступлення ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, займаючыся ў студыі пры мастацкай школе. І тут яна справілася. У студэнцкія гады нагрузка была высокай, патрабавала поўнай самааддачы. Тым не менш дзяўчына зноў дасягнула пастаўленай мэты. Пасля атрымання дыплома па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва. Чарчэнне. Народныя промыслы” яна вярнулася ў Полацк.

— Мне падабаецца мая прафесія, — адзначае Настасся Шатрова. — Мая маці Святлана Паўлаўна Шатрова таксама педагог дадатковай адукацыі, працуе ў аддзеле экалагічнага выхавання Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Яна для мяне галоўны настаўнік, заўсёды падтрымае і дасць слушную параду. Імкнуся яе не падводзіць. На сваіх першых занятках я моцна хвалявалася, нягледзячы на тое, што пэўны вопыт ужо мела. Але падчас зносін з навучэнцамі ўпэўненасць вярнулася, і заняткі прайшлі ўдала. Для мяне важна будаваць даверлівыя адносіны з дзецьмі. Калі ў вучня нешта не атрымліваецца, я заўсёды спачатку яго пахвалю, а потым падкажу, як зрабіць лепш. З асабістага вопыту ведаю: як для дарослага, так і для дзіцяці падтрымка і разуменне — гэта аснова поспеху.

Палачанка лічыць, што сучасны педагог павінен валодаць эмпатыяй, умець ісці ў нагу з часам, матываваць і натхняць навучэнцаў. Гэтаму яна і вучыцца ў цяперашні час ужо на практыцы. Настасся з радасцю назірае за тым, як развіваюцца мастацкія здольнасці вучняў, расце аб’ём іх ведаў і навыкаў, прыходзіць вера ва ўласныя сілы. Ёй падабаецца бачыць, як у дзяцей загараюцца вочы, калі яны займаюцца любімай справай. Дарэчы, жадаючых вучыцца ў Настассі Шатровай нямала. І сама яна па-ранейшаму малюе для душы. Гэта дапамагае ёй адпачываць і падтрымліваць сувязь са сваім унутраным творчым светам.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі
Фота аўтара