У Салігорску ведаюць, як захапіць вучняў кітайскай мовай

- 17:28Образование, Образование: Беларусь — Китай

У сярэдняй школе № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І. Казлова кітайскую мову вывучаюць больш як 200 навучэнцаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Адметна, што з кожным годам колькасць вучняў, якія мараць навучыцца размаўляць па-кітайску, толькі расце. Урокі кітайскай мовы ва ўстанове выкладаюць два педагогі, адзін з якіх — носьбіт мовы.

— Калі заняткі вядзе носьбіт мовы, гэта яшчэ адзін стымул вывучаць культуру і традыцыі далёкага Кітая, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 імя Героя Савецкага Саюза В.І. Казлова Алена Волкава.

Каб разнастаіць вывучэнне мовы новымі падыходамі, у школе часта праводзяць майстар-класы, падчас якіх навучэнцы бліжэй знаёмяцца з культурай Паднябеснай. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе было праведзена некалькі адпаведных мерапрыемстваў, удзел у якіх прымалі дзеці, бацькі і педагогі.

— Мы заўсёды стараемся прыдумваць нешта арыгінальнае, — расказала настаўніца кітайскай мовы Яна Салаш. — Хочацца зрабіць урок не стандартным, а цікавым і захапляльным. У тым, што нашы заняткі вучням падабаюцца, можна не сумнявацца. Каб было інакш, яны б не прасілі вывучаць прадмет штодзень.

Наталля САХНО