У штодзённай карпатлівай працы з кожным дзіцем і яго бацькамі

- 10:41Планёрка ў рэгіёне

Сёння на суботнюю планёрку мы накіраваліся да начальніка аддзела адукацыі спорту, і турызм Шумілінскага райвыканкама Віцебскай вобласці Валянціны Васільеўны МЯНЬКОВАЙ, якая расказала, чым сёння жыве сістэма адукацыі і выхавання рэгіёна.

— Валянціна Васільеўна, як сёння развіваецца і куды рухаецца сістэма адукацыі Шумілінскага раёна?

— Існуючая структура ўстаноў адукацыі раёна здольна забяспечыць даступнасць якаснай і эфектыўнай адукацыі для ўсіх катэгорый дзяцей і накіравана на выкананне сацыяльнага заказу дзяржавы і грамадства. Агульная сярэдняя адукацыя з’яўляецца базавым элементам адукацыйнай сістэмы, менавіта таму пытанне яе якасці з’яўляецца прыярытэтным. Разам з тым на парадку дня па-ранейшаму застаюцца пытанні аптымізацыі. З 1 верасня 2016 года закрыты 2 установы адукацыі, 3 рэарганізаваны. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму вырашаны пытаннi працаўладкавання работнікаў сістэмы адукацыі, а таксама падвозу навучэнцаў. Галоўнай мэтай дадзенай работы з’яўляецца стварэнне лепшых умоў для навучання дзяцей на больш якасным узроўні.

Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца алімпіяднаму руху. З мэтай падрыхтоўкі навучэнцаў да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах арганізаваны міжшкольныя факультатыўныя заняткі па грамадазнаўстве, англійскай мове, матэматыцы. Работу на факультатывах арганізоўваюць выкладчыкі Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІTCO”. Ствараюцца ўмовы для фарміравання даследчай культуры навучэнцаў і педагогаў. На працягу 13 гадоў праходзіць раённая канферэнцыя навуковых таварыстваў навучэнцаў. Па выніках абласных, рэспубліканскіх дыстанцыйных конкурсаў рознай накіраванасці дыпломамі ўзнагароджаны 83 навучэнцы (2015/2016 навучальны год). На базе школ раёна створаны рэсурсныя цэнтры па такіх вучэбных прадметах, як замежная мова, руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура. Дзейнічае рэсурсны цэнтр пачатковых класаў.

— Сёння шмат гавораць пра ўзаемадзеянне сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі. Але на практыцы атрымліваецца, што выхаваўчыя акцэнты зрушаны ў бок школы. Атрымліваецца, што цяпер і бацькоў трэба выхоўваць. Як нала-джана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— Неабходнасць і важнасць узаемадзеяння школы і сям’і відавочныя. Ні для каго не сакрэт, што дзейнасць школы ў разы перавышае дзейнасць сям’і. Але інакш і быць не можа, бо менавіта педагогі з’яўляюцца спецыялістамі ў галіне адукацыі, а таму мы павінны ініцыіраваць узаемадзеянне з бацькамі, якое прыводзіць абодва бакі да супрацоўніцтва. Узнікае неабходнасць у стварэнні мадэлі ўзаемадзеяння з сям’ёй на аснове супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі. Трэба навучыцца выбудоўваць адносіны з бацькамі з улікам іх запытаў, ступені актыўнасці і ўзроўню псіхолага-педагагічнай інфармаванасці, імкнуцца развіваць і вучыць бацькоў, бо ад іх кампетэнтнасці будзе шмат у чым залежаць і якасць адукацыйнага працэсу. Канечне, шэраг мерапрыемстваў устаноў адукацыі накіраваны на працу з татамі і мамамі: агульнашкольныя сходы, лекторыі, круглыя сталы, урокі-практыкумы, дыскусіі і інш. Узаемадзеянне школы і сям’і адбываецца праз пасяджэнні сямейных клубаў, дыстанцыйнае ўзаемадзеянне, праз выкарыстанне школьных сайтаў. Задача школы — не вызваліць сям’ю ад клопату аб выхаванні дзіцяці, а, наадварот, наблізіць бацькоў да школьнага жыцця, да іх дзяцей.

— Наколькі запатрабаваны навучэнцамі і бацькамі шосты школьны дзень? Што ў гэты дзень прапаноўваюць школы раёна сваім вучням?

— Адбыліся станоўчыя зрухі ў арганізацыі занятасці навучэнцаў у шосты школьны дзень, які прызначаны для правядзення фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай работы, культурных мерапрыемстваў, факультатыўных заняткаў. Вядзецца актыўная работа па прыцягненні бацькоў да арганізацыі шостага школьнага дня. У суботнія мерапрыемствы ўцягнуты дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія стаяць на розных відах уліку, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. У суботу ў школах арганізавана работа бацькоўскіх універсітэтаў з мэтай псіхолага-педагагічнай асветы. Такая форма работы найбольш запатрабавана сярод бацькоўскай грамадскасці.

— З увядзеннем профільнай адукацыі памяняліся акцэнты ў арганізацыі вучэбнага працэсу, таму хочацца спыніцца на стварэнні профільных класаў.

— У нас у 5 установах адукацыі арганізавана профільнае навучанне па 9 вучэбных прадметах. 47% дзесяцікласнікаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Ахоп профільным навучаннем адзінаццацікласнікаў сёлета склаў 48,6%. Пераважаюць профільныя групы філалагічнага і хіміка-біялагічнага напрамкаў. На базе Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната функцыянуюць педагагічныя класы. Новыя правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікоў профільных педагагічных класаў своечасовыя. Высокая верагоднасць, што ў педагогіку прыйдуць тыя, хто лічыць навучанне і выхаванне дзяцей сваім прызваннем. Сёння навучэнцы педкласаў гімназіі знаёмяцца з актыўнымі метадамі і прыёмамі, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, спрабуюць сябе ў педагогіцы (выступаюць у ролі настаўніка, імкнучыся праяўляць творчасць і ініцыятыву), пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага фарміруюць сваё партфоліа.

— Хочацца спытаць і пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай пісьменнасці педагогаў, як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Педагагічнай грамадскасцю запатрабавана дзейнасць вучэбна-метадычнага кабінета. З мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў выкарыстоўваюцца такія формы работы, як педагагічныя чытанні, эстафеты эфектыўнай педагагічнай практыкі, конкурсы прафесійнага майстэрства, адзіныя метадычныя дні і інш. Метадычная служба выпускае матэрыялы па розных напрамках: зборнікі эфектыўнай педагагічнай практыкі, метадычныя распрацоўкі ўрокаў і факультатыўных заняткаў, памяткі, рэкамендацыі і інш. Акрамя таго, метадысты ажыццяўляюць выезды ва ўстановы адукацыі для аказання метадычнай дапамогі маладым настаўнікам, вывучэння эфектыўнага вопыту работы творчых педагогаў, падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў раённых метадычных фарміраванняў і майстар-класаў. Праводзяць кансультацыі па распрацоўцы і планаванні мерапрыемстваў, па падрыхтоўцы конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый і семінараў, па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі раёна.

— Якія праблемы сёння больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Мяне і маіх калег хвалююць пытанні фінансавання ўстаноў адукацыі і аснашчэння іх сучасным абсталяваннем. Неабходна шукаць новыя формы адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі, якія дазволяць максімальна поўна задавальняць запыты бацькоў з улікам іх матэрыяльнага становішча і прапаноўваць спектр паслуг для паўнавартаснай падрыхтоўкі дзіцяці да школы. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі хвалюе якасная падрыхтоўка да выніковага ўдзелу ў 3 этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, стварэнне эфектыўнай мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі, удасканаленне прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі і бацькамі, накіраванай на свядомы выбар прафесіі. Кола пытанняў досыць вялікае. Вырашэнне іх — гэта залог поспеху, штодзённая карпатлівая праца з кожным дзіцем, яго законнымі прадстаўнікамі, соцыумам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.