У студатрады — за вопытам і прафесіяналізмам

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Круглы стол, прысвечаны закрыццю “Трэцяга працоўнага семестра — 2018”, прайшоў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. У рамках мерапрыемства прадстаўнікі штаба працоўных спраў і адміністрацыі ўстановы адукацыі падсумавалі работу студэнцкіх атрадаў у гэтым годзе, пагутарылі са студэнтамі, а таксама ўручылі памятныя сувеніры і падзякі лепшым байцам і камандзірам. У сваю чаргу студэнты абмяняліся ўражаннямі і вопытам работы ў складзе такіх атрадаў.

Фота да матэрыяла: У студатрады — за вопытам і прафесіяналізмам.Па словах начальніка штаба працоўных спраў універсітэта Сяргея Віктаравіча Спірына, старшага выкладчыка кафедры педагогікі МДУ, у гэтым годзе ў студэнцкіх атрадах працавалі 320 студэнтаў установы вышэйшай адукацыі ў складзе 21-га атрада. Пераважна гэта былі педагагічныя атрады — адпаведна профілю ўніверсітэта. Больш за 100 студэнтаў працавалі па індывідуальным працаўладкаванні. Напрыклад, прадстаўнікі факультэта фізічнага выхавання ўкладвалі тратуарную плітку на тэрыторыі ЗТАА “Омск Карбон Магілёў”.

У сярэднім за адну змену ў студэнцкім педагагічным атрадзе баец зарабіў каля 350 рублёў, калі гэта быў будаўнічы атрад, аплата працы нават перавышала 500 рублёў, удакладніў Сяргей Спірын. Маладым выкладчыкам ва ўзросце да 31 года, якія вырашылі падпрацаваць гэтым летам, таксама плацілі за катэгорыю і стаж. Аднак і ў студэнтаў былі перавагі: у тых, хто аформіўся ў атрад праз штаб працоўных спраў, заработная плата не абкладалася падаходным падаткам. Таму студэнты часта атрымлівалі за сваю працу нават больш, чым вопытныя педагогі.

Адным з самых вялікіх студэнцкіх педагагічных атрадаў на працягу ўжо некалькіх гадоў становіцца атрад імя Героя Савецкага Саюза Івана Ціханавіча Грышына. Акрамя таго, гэта яшчэ і адзін з лепшых атрадаў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Так, на Рэспубліканскім конкурсе “Працоўны семестр — 2017” атрад узнагароджаны падзякай ЦК БРСМ у намінацыі “Лепшы педагагічны атрад”, а таксама адзначаны ў спецыяльнай намінацыі “За творчасць у працы” з уручэннем “Хрустальнай кельні”.

Фота да матэрыяла: У студатрады — за вопытам і прафесіяналізмам.Нязменны камандзір педагагічнага атрада, намеснік начальніка штаба працоўных спраў і выкладчык сацыяльна-гуманітарнага каледжа Міхаіл Пагоцкі адзначае, што ў першую чаргу ў студэнцкія атрады ідуць не па ўзнагароды, а па прафесійны вопыт, бо дзе, як не тут, можна навучыцца наладжваць кантакт з дзецьмі, знаходзіць з імі паразуменне, праяўляць арганізатарскія здольнасці і вучыцца ўзаемадзейнічаць у камандзе.
“Наш атрад унікальны ў першую чаргу тым, што ў яго складзе амаль 90% — студэнты нашага ўніверсітэта, выдатнікі вучобы і актывісты грамадскай дзейнасці, — расказаў Міхаіл Пагоцкі. — У атрадзе заўсёды пануе добразычлівая, прыязная і творчая атмасфера. Мы праводзім вялікую колькасць спартыўна-масавых і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, прычым не толькі для дзяцей, але і для саміх байцоў. Напрыклад, кожную змену мы арганізуем жартоўныя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства на лепшага выхавальніка атрада”.

Таксама суразмоўца адзначыў, што дзіцячы лагер — гэта зона павышанай адказнасці і вялікая праца, якая пачынаецца задоўга да заезду першых наведвальнікаў. Сфарміраваць педагагічны атрад, скласці праграмы, прайсці інструктажы… І гэта не поўны спіс усяго, што трэба паспець да пачатку змены. Прычым педагагічны лагер — гэта праца не толькі перад зменай і падчас змены, але і пасля яе: пасля заканчэння працоўнага семестра на аснове работы атрадаў ужо некалькі гадоў пішуцца цікавыя праекты, якія потым прэзентуюцца на рэспубліканскіх конкурсах.

Менавіта так узнік педагагічны праект “Суперважаты”, аўтарамі якога выступілі старшыя выкладчыкі кафедры педагогікі Эльвіра Аляксееўна Карпенка і Вольга Сяргееўна Сімчанка. У рамках праекта прадугледжаны распрацоўка дыстанцыйнага курса “Майстэрні для важатага”, вэбінараў па актуальных пытаннях выхавання, запуск міні-праекта для важатых “Лайфхакі ад суперважатага”. На думку распрацоўшчыкаў, такія формы работы дазволяць забяспечыць дыстанцыйнае метадычнае суправаджэнне для важатых дзіцячых аздараўленчых лагераў.

У завяршэнні сустрэчы прарэктар па выхаваўчай рабоце Уладзімір Віктаравіч Ясеў выказаў падзяку студэнтам за працу на карысць беларускага грамадства, дысцыплінаванасць і захопленасць сваёй справай.

“Вы працуеце не толькі для сябе, але і на карысць іншых. Гэта вельмі важная і каштоўная якасць будучых педагогаў і спецыялістаў, — звярнуўся ён да прысутных. — Звычайна кажуць, што беларусы перш за ўсё талерантная нацыя, аднак я, абапіраючыся на народныя традыцыі, таксама адзначыў бы ўласцівыя нам узаемадапамогу і пачуццё пляча. Гэтая рыса якраз-такі фарміруецца і праяўляецца ў нашых навучэнцаў падчас працы ў студэнцкіх атрадах. Паралельна з імі ідуць згуртаванасць, калектывізм, мэтанакіраванасць, набыццё камунікацыйных навыкаў, псіхалагічная ўстойлівасць да цяжкасцей і непрадбачаных сітуацый”.

Падзяку за актыўны ўдзел у правядзенні трэцяга працоўнага семестра 2018 года, адказнае стаўленне да сваёй працы, творчы падыход і эфектыўную арганізацыю культурна-масавых мерапрыемстваў Уладзімір Віктаравіч уручыў камандзіру педагагічнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Каваленкі (дзіцячы аздараўленчы лагер “Чайка”) Варвары Сяровай; камандзіру педагагічнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Бяловай (дзіцячы аздараўленчы лагер “Зара”) Таццяне Глебік; камандзіру педагагічнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Грышына (дзіцячы аздараўленчы лагер “Любуж”) Міхаілу Пагоцкаму.

Акрамя таго, падзякі ад рэктарата атрымалі работнікі штаба працоўных спраў — начальнік Сяргей Віктаравіч Спірын і яго намеснік Анастасія Сяргееўна Краўчук.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.