У сугуччы з патрабаваннямі часу

- 13:11Суразмоўца

Сёння мы вядзём размову з рэктарам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Інгай Пятроўнай Кандрацьевай. Тэма нашай гутаркі — новыя напрамкі работы інстытута па ўдасканаленні павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і кіруючых работнікаў. Як зрабіць нашага педагога мабільным, адаптаваным да сённяшніх рэалій жыцця, навучыць ісці ў нагу з патрабаваннямі часу і сферы адукацыі, быць цэнтральнай фігурай у адукацыйнай дзейнасці і бясспрэчным аўтарытэтам — гэтыя і іншыя пытанні мы абмеркавалі ў інтэрв’ю.

— Інга Пятроўна, нядаўна завяршыўся абласны этап конкурсу “Настаўнік года”. Ён даўно стаў традыцыйным, але яго значнасць не змяншаецца. З кожным разам ставяцца ўсё новыя і новыя задачы, дасягаюцца новыя вяршыні, ідзе працэс удасканалення прафесійнага майстэрства педагога. Усе гэтыя мэты, напэўна, сугучныя з функцыямі дзейнасці вашага інстытута.

— Сапраўды, для інстытута конкурс — своеасаблівы індыкатар эфектыўнасці работы ўстановы і выбудоўвання новых перспектыў у сістэме дадатковай адукацыі дарослых. Гэта яшчэ адна магчымасць правесці рэвізію таго, што ўжо назапашана, і сфакусіравацца на пэўных трэндах, якімі мы бу­дзем кіравацца ў будучыні.

— Асноўны кірунак дзейнасці вашага інстытута — гэта павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў. Якія пазіцыі тут з’яўляюцца трэндавымі для вас?

— У павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў Мінскай вобласці мы канцэнтруем увагу на 4 пазіцыях: прак­тыкаарыентаванасць, пераемнасць, дыверсіфікацыя і арыентацыя на кан­цэпцыю ўсеагульнага кіравання якасцю. Удакладню, што ў фокусе названай канцэпцыі знаходзіцца метад бесперапыннага павышэння якасці ўсіх арганізацыйных працэсаў.

— Чаму менавіта гэтыя напрамкі вы ўзялі за аснову павышэння кваліфікацыі?

— Практыкаарыентаванасць — гэта агульнапрызнаны кірунак, які за пэўны перыяд часу даказаў сваю мэтазгод­насць. Мы таксама скіраваны на гэты шлях у павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі. Ужо ў мінулым годзе нам удалося давесці колькасць практыкаарыентаваных нелекцыйных заняткаў да 90%. Відавочна, што гэта важкі паказчык. Гэта не адмяняе неабходнасць і высокую значнасць лекцыйных заняткаў, але разам з тым мы робім стаўку на аглядныя і праблемныя лекцыі, дзе актуальныя навуковыя веды падаюцца на высокім узроўні сістэматызацыі, а працэс іх засваення слухачамі набліжаецца да даследчыцкай дзейнасці. Дэталізацыю і канкрэтызацыю лекцыйнага матэрыялу педагогі паспяхова ажыццяўляюць у рэжыме самаадукацыі.

Іншая справа — практычныя заняткі, у ходзе якіх трэба адпрацоўваць канкрэтныя спосабы дзейнасці, уменні і навыкі педагога ва ўмовах, набліжаных да рэальных. У падмогу гэтаму напрамку ў нас наладжана ўстойлівае супрацоўніцтва паміж прафесарска-выкладчыцкім складам інстытута і педагогамі-практыкамі. На сённяшні дзень нам удалося сфарміраваць стабільную супольнасць педагогаў-практыкаў, гатовых умела і эфектыўна трансліра­ваць свой вопыт на практычных занятках, семінарах, трэнінгах, майстар-класах, круглых сталах, вучэбных канферэн­цыях. Яны разам з выкладчыкамі інстытута ўдзельнічаюць у правядзенні вучэбных заняткаў. Такі тандэм, у якім аб’яднаны тэорыя і практыка, навуковыя падыходы і практычны вопыт, прыносіць добры плён.

Што тычыцца пераемнасці, то гэты кірунак мае на ўвазе паслядоўнасць і непарыўнасць у суправаджэнні прафесійнага росту педагога. Першапачаткова мы выкарыстоўваем дыстанцыйнае рэгістрацыйнае анкетаванне. Да таго моманту, калі настаўнікі прыходзяць да нас на павышэнне кваліфікацыі, мы ўжо маем уяўленне аб іх прафесійных інта­рэсах і схільнасцях, а таксама аб цяжкасцях, якія ўзніклі. У дапамогу настаўнікам, якія нацэлены на павышэнне кваліфікацыі, працуе выкладчык з функцыямі цьютара. Апрацаваўшы першасныя анкеты, ён можа прапанаваць настаўнікам цалкам вызначаныя вучэбныя модулі варыя­тыўнай часткі (яна складае 70%) вучэбнай праграмы павышэння кваліфікацыі. Такім чынам настаўнік, зыходзячы з індывідуальных запытаў, можа з дапамогай выкладчыка-цьютара пабудаваць сваю адукацыйную траекторыю. Па завяршэнні павышэння кваліфікацыі праводзіцца другаснае, заключнае, анкетаванне, якое выяўляе прафесійныя цяжкасці педагога, якія засталіся, і інтарэсы для наступнага самаўдасканалення.

З боку інстытута пасля павышэння кваліфікацыі настаўнікам прапаноўваецца лінейка метадычных мерапрыемстваў міжкурсавога перыяду.

Нашым новаўвядзеннем з’яўляецца распрацоўка тэматычных тайм-лайнаў. Гэта значыць, што ў нас па самых запатрабаваных кірунках — педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў пры пад­рыхтоўцы да алімпіяд і іншых інтэлектуальных спаборніцтваў па вучэбных прадметах, кіраванне вучэбна-даследчай дзейнасцю, развіццё ІТ-кампетэнцый педагога і г.д. — ёсць так званыя гадзінныя шкалы, дзе ў храналагічнай паслядоўнасці размешчаны ўсе адукацыйныя мерапрыемствы, якія право­дзяцца ў інстытуце ў бягучым годзе па пэўных кірунках.

Наступная пазіцыя ў павышэнні кваліфікацыі — гэта дыверсіфікацыя. Сёння мы добра ведаем цану жывым зносінам вочнай формы навучання. Гэта аснова асноў ва ўзаемаадносінах педагогаў як прадстаўнікоў гуманітарнага сегмента соцыуму ў выбудоўванні міжасобасных зносін. У камунікацыі з выкладчыкамі, калегамі нараджаюцца новыя педагагічныя ідэі, назапашваецца лепшы педагагічны вопыт. Але разам з гэтым трэба быць у агульнасацыяльным трэндзе — выкарыстоўваць дыстанцыйную форму аказання адукацыйных паслуг. Гэтая форма ў інстытуце зарадзілася яшчэ 5 гадоў назад, і з году ў год мы пашыраем межы дыстанцыйнага навучання. Яно патрабуе высокага ўзроўню кампетэнтнасці выкладчыцкага складу, у прыватнасці ў галіне валодання сучаснымі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, стварэння новых форм адукацыйнага кантэнту, кіравання адукацыйным працэсам. Таксама да гэтай формы выкладання трэба быць гатовым псіхаэмацыянальна.

Акрамя таго, неабходна ўдасканаленне ІТ-кампетэнтнасці саміх педагогаў, якія будуць слухачамі дадзеных дыс­танцыйных курсаў. Тыя ўменні і навыкі ў ІТ-сферы, якія яны атрымалі ў час вочнага павышэння кваліфікацыі па тэматыцы выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у педагагічнай дзейнасці, адпрацоўваюцца настаўнікамі падчас работы на платформах дыстанцыйнага навучання. Яшчэ адзін важны арыенцір у сістэме павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Мінскай вобласці — гэта канцэпцыя ўсеагульнага кіравання якасцю. Сёння мы жывём у свеце, які характарызуецца нестабільнасцю, нявызначанасцю, неадназначнасцю. Як жа ў гэтых умовах прафесійна рэалізавацца настаўніку? Каб яму дапамагчы, мы прапрацоўваем вучэбныя модулі, якія арыентаваны на фарміраванне такіх кампетэнцый, як фільтрацыя інфармацыі, прадстаўленне яе ў форме графічных арганізатараў мыслення, выбар стратэгій паводзін і дзейнасці. Усё гэта патрэбна для прыняцця эфектыўнага рашэння ў канкрэтных адукацыйных сітуацыях. Тое, што раней лічылася стабільным, цяпер пастаянна і непазбежна мяняецца. І на гэтым мы робім акцэнт. Настаўнік павінен зразумець, што ён жыве ў імкліва зменлівых умовах, калі мяняюцца ў тым ліку тэхналогіі, інфармацыйныя патокі, сістэма ведаў, і яму даверана ­стаць правадніком гэтых змяненняў, а рыхтавацца да гэтага неабходна ў тым ліку праз сістэму павышэння кваліфікацыі. Хачу заўважыць, што канцэпцыя ўсеагульнага кіравання якасцю ў першую чаргу арыентавана на кіраўнікоў устаноў адукацыі. Адна справа, калі трэба прымаць прафесійныя педагагічныя рашэнні ў адукацыйнай практыцы, і другая — у кіраўніцкай дзейнасці, калі трэба быць лідарам у прыняцці рашэнняў у сітуацыі нявызначанасці, неадназначнасці і складанасці. І ад таго, наколькі ўпэўненым будзе адчуваць сябе ў гэтым свеце кіраўнік установы адукацыі, бу­дзе залежаць выніковасць работы ўсёй рэгіянальнай сістэмы адукацыі.

Сёння планаваць, прагназаваць становіцца ўсё складаней. Прыйшоў  час кіраўнікоў-інтэгратараў, якія могуць апра­цоўваць вялікія патокі інфармацыі, ствараць эфектыўныя базы даных і на іх аснове хутка прымаць узважаныя рашэнні і несці за іх адказнасць. На вучэбных занятках мы таксама гаворым пра неабходнасць і спосабы наладжвання кіраўніком сваёй сістэмы нэтворкінга, эфектыўнага ўзаемадзеяння з тымі сацыяльнымі партнёрамі, якія могуць ­стаць надзейнымі аднадумцамі ў рэалізацыі адукацыйных задач.

Акрамя гэтага, мы павінны ра­зумець, што работа кіраўніка — гэта вялікі стос задач. Асобную ўвагу мы ўдзяляем развіццю выключна кіраўніцкіх кампетэнцый у рэаліях сённяшняга дня. Напрыклад, засваенню матрыцы Эйзенхаўэра — як аднаго з інструментаў, якія дазваляюць размеркаваць задачы на ўмоўна важныя і няважныя, тэрміновыя і нетэрміновыя і тым самым эфектыўна вырашаць задачы тайм-менеджменту. Канечне, мы дастаткова шмат увагі ўдзяляем інструментам развіцця кіраўніцкай інтуіцыі, таму што ў гэтым свеце алгарытмічнае мысленне, якім бы сістэмным, дакладна вывераным яно ні было, гэта ўжо не інструмент сучаснага менеджара, і патрэбна трэніроўка інтуіцыі. Псіхалогія як навука, якая цесна звязана з кіраўніцкай дзейнасцю, гаворыць пра тое, што ёсць сістэма практыкаванняў, спецыяльных трэнінгаў для развіцця кіраўніцкай інтуіцыі, умення прымаць хуткія рашэнні на аснове аналізу даных, і, безумоўна, тых якасцей, якія ўвогуле павінны быць характэрны для кіраўніка: гэта дапытлівасць і бесперапыннае  самаразвіццё.

Мы працуем над развіццём неабходных асобасных якасцей кіраўніка. Калі гэта датычыцца іншай прафесійнай сферы, то гэтыя якасці не так істотна ўплываюць на якасць работы, затое ў кіраўніцкай дзейнасці асобасная пазіцыя і якасці кіраўніка — гэта сур’ёзныя дамінанты. Адна з ключавых асобасных якасцей кіраўніка — гэта адкрытасць да меркавання іншых. Немагчыма кіра­ваць па прынцыпе “я так вырашыў і так бу­дзе”. Сёння развіваецца эра калегіяльнага кіравання, таму ўменне слухаць і чуць, быць гнуткім і прыслухоўвацца да разумнай аргументацыі і, магчыма, мяняць вугал успрымання і пункт погляду на праблему — гэта тое, чым павінен валодаць сучасны кіраўнік.

Кіраўнік — гэта якраз тая катэгорыя, дзе важная пралангаваная работа — і ў інстытуцыйнай форме, і ў форме андрагагічнай падтрымкі пры самаадукацыі, кансультацый па вузкіх пытаннях. Таму што сёння кіраўнік — гэта спецыяліст, які павінен арыентавацца ў вельмі шырокім коле пытанняў ад фінансава-гаспадарчых да псіхалагічных, у тым ліку эфектыўнай камунікацыі, не толькі міжасобаснай, але і ў віртуальнай прасторы.

Іншым разам кіраўнікі вельмі інертныя ў плане рэалізацыі парадыгмы адукацыі праз усё жыццё. Штодзённыя маштабныя задачы часам не дазваляюць ім фізічна рабіць гэта своечасова. Тым не менш мы арыентуем і паказваем ім, што самаразвіццё, уменне пашы­раць свае прафесійныя гарызонты ў канчатковым выніку станоўча адаб’юцца на аптымізацыі дзейнасці.

— Які кірунак у развіцці адукацыйнай дзейнасці інстытута вы лічыце сёння найбольш запатрабаваным і перспектыўным?

— Я думаю, гэта арганізацыя STEM-адукацыі. Сёння STEM-адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага. Міністэрства адукацыі імкнецца сістэматызаваць работу па дадзеным кірунку. У НІА пад эгідай міністэрства вядзецца распрацоўка канцэпцыі STEM-адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Нашы спецыялісты таксама актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні да­дзенай канцэпцыі. У нас ужо ёсць свой вопыт. У Мінскай вобласці створаны 10 STEM-цэнтраў. Усе праекты грунтуюцца на запытах педагагічнай грамадскасці і навучэнцаў.

Мы актыўна супрацоўнічаем з Паркам высокіх тэхналогій, праводзім шэраг сумесных мерапрыемстваў. У прыватнасці, сярод знакавых мерапрыем­стваў гэтага года — конкурсы “Мая скрэтч-гісторыя” і “Праграмаванне ў асяроддзі скрэтч”, у якіх прымалі ўдзел педагогі і навучэнцы з усёй краіны. Новы кірунак узаемадзеяння — STEM-адукацыя. Цяпер дзейнасць у STEM-цэнтрах сфакусіравана больш на інжынірынгу і тэхналогіях. У STEM-цэнтрах актыўна развіваецца легаканструяванне, праграмаванне, робататэхніка, 3D-прататыпаванне, кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі, стварэнне медыя­кантэнту, работа з мікракант­ролерамі Arduino — усё тое, што адносіцца да інжынірынгу і тэхналогій.

Цяпер мы працуем над такой агульнай задачай, як поўная рэалізацыя STEM-падыходаў у міждысцыплінарным гучанні. У прыватнасці, імкнёмся развіваць тыя праекты, дзе актыўна выкарыс­тоўваліся б прадметныя кампетэнцыі прыродазнаўчых навуковых дысцыплін (біялогіі, хіміі, фізікі, геаграфіі, экалогіі) і матэматыкі, якая выконвае сэрвісную функцыю ў адносінах да навук, інжынерыі, тэхналогій.

Паўнавартасная рэалізацыя STEM-падыходу — гэта перспектыва і на ўзроўні краіны, і на ўзроўні вобласці. Але спецыфіка вобласці ў тым, што ў нас ёсць дастаткова аддаленыя рэгіёны, для якіх рэалізацыя гэтага адукацыйнага трэнда — сур’ёзны выклік. Таму для папулярызацыі і эфектыўнага развіцця STEM-руху ў вобласці ў інстытуце сумесна з фізіка-матэматычным факультэтам БДПУ імя Максіма Танка створаны праект “Мабільны STEM-клас”. Выкладчыкі нашага інстытута, педуніверсітэта, а таксама педагогі-практыкі, што маюць цікавы вопыт, які можа быць маштабаваны ў межах усёй вобласці, выязджаюць у рэгіёны з трохдзённай праграмай для педагогаў, якія праяўляюць інтарэс да STEM-адукацыі. “Мабільны клас” ужо пабываў у 4 раёнах, а ў найбліжэйшай перспектыве плануецца наведаць яшчэ 3 раёны. Мабільны STEM-клас — гэта своеасаблівая перасовачная вучэбная лабараторыя, якая аснашчана менавіта тым абсталяваннем, на якім сапраўды можна прадстаўляць STEM-кейсы, ствараць актуальныя праекты, дзяліцца вопытам арганізацыі міждысцып­лінарнага праектнага навучання.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.