У свята павінна быць душа

- 14:21Навіны
Падчас абмеркавання конкурсных работ удзельнікаў

20 сакавіка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адбылося пасяджэнне журы рэспубліканскага конкурсу на распрацоўку архітэктурна-дызайнерскага праекта “Добраўпарадкаванне тэрыторыі святочнай зоны свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). У абмеркаванні конкурсных работ і пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай да свята, прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік і міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Гэты конкурс праводзіцца ў адпаведнасці з пратаколам пасяджэння пастаянна дзеючага камітэта пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Тозіка ад 28 лістапада 2012 года.Падчас абмеркавання конкурсных работ удзельнікаў Арганізатарамі творчага спаборніцтва, разлічанага на студэнтаў і навучэнцаў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны, выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі аблвыканкам. Конкурс мае на мэце добраўпарадкаванне прылеглай да аграгарадка Александрыя тэрыторыі, што мусіць адбіцца на агульным святочным настроі гасцей і ўдзельнікаў традыцыйнага беларускага свята “Купалле”, а таксама павышэнне якасці камфорту тутэйшага асяроддзя. Паводле ўмоў конкурсу, фарміраванне асяроддзя павінна ўключаць зборна-разборную сцэну, партэр (месцы для ўстаноўкі сядзенняў) на дзве з паловай тысячы гледачоў, розныя святочныя прадметы вулічнага дызайну (устаноўкі, транспаранты, прасторавыя кампазіцыі, сцягі і інш.), малыя архітэктурныя формы (лавы, кветачніцы, ліхтары), элементы гарызантальнага і вертыкальнага азелянення, элементы падсвечвання, спецыяльныя віды машчэння. У якасці прынцыповых характарыстык праектных аб’ектаў вылучаны іх транспартабельнасць, мабільнасць і эканамічнасць. Акрамя таго, архітэктурна-мастацкая задача конкурсу мае на ўвазе выкарыстанне традыцыйных сімвалаў і вобразаў беларускага Купалля і сучасных прыёмаў візуальных мастацтваў, дызайну і архітэктуры. Для пераможцаў, акрамя дыпломаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прадугледжаны грашовыя прэміі ў памеры 1,5, 1 і 0,5 мільёна рублёў адпаведна за 1-е, 2-е і 3-е месцы. Журы конкурсу ўзначаліў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук.
Увазе ўдзельнікаў пасяджэння 20 сакавіка былі прадстаўлены дзесяць лепшых работ студэнтаў і навучэнцаў, папярэдне адабраных журы, а таксама так званыя ініцыятыўныя пазаконкурсныя работы выкладчыкаў і студэнтаў. Прэзентуючы конкурсныя праекты прысутным, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сардараў звярнуў асаблівую ўвагу на іх разнастайнасць: некаторым работам быў характэрны ярка выражаны цэнтр, іншым — акцэнты на асобныя часткі планіроўкі, былі праекты ў значнай ступені ўрбанізаваныя і, наадварот, як мага больш набліжаныя да натуральнага ландшафту. Дастаткова экзатычна выглядаў адзін праект, паводле якога планіроўка розных аб’ектаў святочнай тэрыторыі выбудоўвалася ў старажытны славянскі сімвал язычніцкага духу Купалля. Не меншай разнастайнасцю вылучаліся і ініцыятыўныя работы, асабліва што тычыцца памятнага знака-сімвала Купалля, які плануецца ўсталяваць на ўзбярэжжы Дняпра: ад стылізаванай купальскай кветкі да скульптуры задуменнай дзяўчыны, якая яе шукае.
Зрэшты, проста любавацца конкурснымі праектамі ўдзельнікам пасяджэння не давялося. Палемічны тон сустрэчы адразу ж задаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, калі паставіў пытанне рубам: “Мы павінны найперш адказаць: усё гэта — доўгайграючы праект на гады або аднаразовае мерапрыемства, якое будзе доўжыцца толькі некалькі дзён у ліпені?  Работы ўдзельнікаў конкурсу

У залежнасці ад адказу на гэтае пытанне мы і павінны зыходзіць ва ўсім: і ў канцэпцыі добраўпарадкавання святочнай тэрыторыі, і ў выдатках”. У сваю чаргу намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік заўважыў, што на сённяшні момант, пакуль яшчэ невядомы далёкія перспектывы асваення гэтай тэрыторыі, неабходна разглядаць эканамічны і рацыянальны варыянт добраўпарадкавання тэрыторыі каля Александрыі з акцэнтам на мабільнасць і магчымасць аператыўнага дэмантажу ўсіх канструкцый. У гэтай сувязі Анатоль Апанасавіч нагадаў прысутным, што нават на такім глабальным мерапрыемстве, як Алімпійскія гульні ў Лондане, арганізатары бераглі сродкі і ўлічвалі той факт, што Алімпіяда не будзе доўжыцца вечна. Менавіта таму там усюды былі выкладзены пластмасавыя дарожкі, усталяваны зборныя трыбуны і г.д.
Асаблівы акцэнт удзельнікі пасяджэння зрабілі на ўзаемадзеянні праектных канструкцый з натуральным прыродным асяроддзем, тым больш што само славянскае свята Купалле мае на ўвазе найперш яднанне чалавека з прыродай. “Калі можна так сказаць, мы павінны яшчэ больш апрыродзіць тутэйшую цудоўную прыроду!” — красамоўна выказаўся Анатоль Тозік. А Аляксандр Радзькоў з гэтай нагоды ўспомніў прыклад расійскага Паўлаўска: “Здаецца, сапраўдны лес, але з розумам акультураны”.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч зазначыў, што незалежна ад таго, як будзе выглядаць канчатковая планіроўка тэрыторыі для свята каля Александрыі, там абавязкова павінна быць магчымасць разбіць пры неабходнасці палатачны гарадок, інакш кажучы, павінна быць пляцоўка, а ўжо на ёй мусяць быць прадугледжаны месцы для туалетаў, мангалаў і іншых неабходных элементаў масавых мерапрыемстваў. Дарэчы, у ходзе размовы раз-пораз усплывала лічба меркаванай колькасці людзей, якія збяруцца сёлета на свята “Александрыя збірае сяброў”. Пры ўмове спрыяльнага надвор’я на ўзбярэжжа Дняпра могуць прыехаць да 50 тысяч чалавек.
Яшчэ вельмі важна, што неаднойчы падкрэслівалі і Аляксандр Радзькоў, і Анатоль Тозік, спраектаваць тэрыторыю для свята так, каб па магчымасці ўпісаць яе ў вялікі турыстычны комплекс — з аграгарадком Александрыя, з мястэчкам Капысь, з тутэйшым жывапісным мостам і іншымі прыцягальнымі аб’ектамі. Аляксандр Міхайлавіч не раз звяртаў увагу прысутных на духоўнае напаўненне свята і самой тэрыторыі: “У свята павінна быць душа! Трэба, каб душа фарміравалася, і Александрыя якраз з тых месцаў нашай Беларусі, якія вельмі спрыяюць гэтаму…”. Дарэчы, удзельнікамі пасяджэння была вельмі прыхільна ўспрынята прапанова ўсталяваць на беразе Дняпра памятную скульптуру, якая сімвалізавала б беларускае Купалле. Хутчэй за ўсё, яна будзе ўяўляць закаханую дзяўчыну, а матэрыялам для статуі стане даступны і адносна недарагі сілуміт.
Ідэя свята — выдатная, тэма — удзячная, конкурс — добры, цяпер трэба толькі думаць і акуратна, з розумам увасабляць усе ўдалыя ідэі… На гэтым і пагадзіліся ўдзельнікі пасяджэння журы рэспубліканскага конкурсу на распрацоўку архітэктурна-дызайнерскага праекта “Добраўпарадкаванне тэрыторыі святочнай зоны свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Было вырашана прысудзіць два другія месцы і тры трэція, а для аўтараў прызавых праектаў — арганізаваць творчую камандзіроўку ў Александрыю, каб яны на месцы больш дэталёва вывучылі ландшафт, улічылі ўсе яго асаблівасці і прыйшлі да адзінага аптымальнага праекта святочнага добраўпарадкавання тэрыторыі.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

/p

/p