У тандэме са школай

- 15:01Брэстчына, Прэс-тур

У тым, што ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі шмат здольных навучэнцаў і таленавітых педагогаў, журналісты “Настаўніцкай газеты” пераканаліся падчас урачыстага мерапрыемства, дзе па выніках мінулага навучальнага года ўзнагароджваліся лепшыя юнакі і дзяўчаты. Дзень уганаравання прайшоў па-маладзёжнаму крэатыўна і весела. Творчыя нумары дарылі гледачам станоўчыя эмоцыі і добры настрой. Навучэнцы, якія дасягнулі высокіх вынікаў у розных напрамках дзейнасці, атрымалі з рук выкладчыкаў заслужаныя ўзнагароды. Не абышлі ўвагай і ганаровых гасцей. На галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышава нават сабралі дасье. Вядома, жартаўлівае, чым у чарговы раз паказалі: у каледжы ўсё робяць грунтоўна і з душой.

— “Настаўніцкая газета” даўно стала настольным выданнем, якое дапамагае ў прафесійнай дзейнасці, — прызнаўся дырэктар каледжа М.М.Куіш. — Для нашага калектыву вельмі важная ацэнка работы збоку. Гэта не дазваляе самазаспакойвацца і спыняцца на дасягнутым, а прымушае настойліва і мэтанакіравана рухацца наперад, шукаць эфектыўныя шляхі вырашэння актуальных праблем. І журналісты адыгрываюць у гэтым не апошнюю ролю, паколькі іх публікацыі добра матывуюць выкладчыкаў да самаразвіцця і творчага пошуку. Стаць героем газетнага матэрыялу прыемна для сябе і ганарова для іміджу ўстановы ў цэлым.

З такім меркаваннем цалкам пагадзіўся галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў, які адзначыў, што яе старонкі заўсёды адкрыты для цікавых педагогаў, творчых ідэй, эфектыўнага вопыту работы. І ўсяго гэтага больш чым дастаткова ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі. Установа даўно і надзейна замацавалася на рэгіянальным рынку адукацыйных паслуг, пра што красамоўна сведчаць штогадовыя вынікі прыёмнай кампаніі і размеркавання выпускнікоў. Каледж рыхтуе аператараў сувязі і ЭВМ, электраманцёраў лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання, па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, сакратароў.

У інавацыйным рэжыме

— На працягу 2016—2018 гадоў у каледжы рэалізоўваўся эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі сеткавага прафесійнага навучання школьнікаў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце В.В.Ліпко. — Прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў ажыццяўлялася ў спецыяльных вучэбных групах па прафесіях аператара ЭВМ 4 разраду, электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання 2 разраду і сакратара з мэтай павышэння сацыяльнай абароненасці на рынку працы, фарміравання станоўчай матывацыі да працягу прафесійнай адукацыі па выбраным профілі.

На базе сярэдняй школы № 23 Брэста было створана вучэбнае структурнае падраздзяленне каледжа. У праекце ўдзель­нічалі яго адміністрацыя, выкладчыкі прадметаў прафесійнага кампанента, майстры вытворчага навучання, 45 вучняў і іх бацькі. Для якаснага адукацыйнага працэсу былі забяспечаны неабходныя ўмовы, у тым ліку матэрыяльна-тэхнічнага характару.

Дзеля ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў праводзіліся анкетаванне іх і бацькоў, параўнальны аналіз першага і другога года навучання. Вынікі анкетавання паказалі даволі высокую задаволе­насць прафесійнай падрыхтоўкай. Большасць вучняў станоўча адносіцца да яе. Ім цікава набываць прафесію ў каледжы, якая, на іх думку, спатрэбіцца ў жыцці. Некаторыя школьнікі канчаткова вызначыліся з прафесійным выбарам дзякуючы гэтай падрыхтоўцы. Амаль усе бацькі адабраюць рашэнне дзяцей па асваенні адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі.

Завяршальным этапам праекта стала вытворчая практыка, якую вучні праходзілі ва ўстановах адукацыі і на прадпрыемствах. Выніковая атэстацыя школьнікаў праводзілася ў форме кваліфікацыйнага экзамену. Усе вучні паспяхова прайшлі яе і атрымалі пасведчанні аб прысваенні адпаведнай кваліфікацыі. 35% школьнікаў — удзель­нікаў эксперыментальнага праекта прадоўжылі навучанне па роднаснай прафесіі.

Дзякуючы паспяховай рэалізацыі, праект быў пераведзены ў статус інавацыйнага. Так, у мінулым навучальным годзе ў каледжы ажыццяўляўся праект па ўкараненні мадэлі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў ва ўмовах сеткавага навучання. У рамках арганізацыі адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні вялася падрыхтоўка аператараў сувязі 5 разраду, аператараў ЭВМ 4 разраду, электраманцёраў лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання 2 разраду і сакратароў. У групы для навучання па праграмах прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) былі залічаны 140 старшакласнікаў з сярэдніх школ №№ 23, 16, 33, 20 і 19 Брэста. У будучым навучальным го­дзе каледж прадоўжыць падрыхтоўку вучняў, пераведзеных на 2 курс. У адпаведнасці з заяўкамі сярэдніх школ №№ 23, 33, 16, 15, 13 і 22 Брэста, будзе арганізавана прафесійная падрыхтоўка ўжо 200 старшакласнікаў.

На перспектыву

— Развіццё эфектыўнай сістэмы прафесійнай адукацыі немагчыма без выкарыстання сучасных форм і метадаў павышэння педагагічнага майстэрства, — упэўнены дырэктар каледжа М.М.Куіш, старшыня Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі. — Задача ПТНУ і ССНУ — выйсці на новую якас ць прафесійнай адукацыі, якая адпавядае эканамічным запытам краіны і накіравана на паспяховае засваенне навучэнцамі пэўных ведаў, уменняў і навыкаў. Важную ролю ў гэтым адыгрывае дзейнасць абласнога савета дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі, які цесна ўзаемадзейнічае з кіраўнікамі прамысловых, транспартных, сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў па пытаннях падрыхтоўкі кадраў з улікам запытаў рэгіянальнага рынку працы, паляпшэння якасці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў і інш. На пася­джэннях савета разглядаюцца пытанні, звязаныя з павышэннем эфектыўнасці ПТНУ і ССНУ праз вывучэнне замежнага вопыту, актыўнае ўкараненне ІКТ, пошук новых форм выхаваўчай работы, развіццё вучнёўскага самакіравання, сеткавае ўзаемадзеянне школ, ПТНУ, ССНУ, прадпрыемстваў і зацікаўленых ведамстваў, цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, праз навукова-метадычную, эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць, творчыя справаздачы, майстар-класы і прэзентацыі вопыту педагогаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.