У цэнтры ўвагі — крокавая даступнасць дашкольнай адукацыі

- 15:57Рэспубліканскі педагагічны савет

Сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі абмеркавалі на Рэспубліканскім педагагічным савеце падчас работы адной з тэматычных секцый.

Спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, інстытутаў развіцця адукацыі, загадчыкі і выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі вынеслі на абмеркаванне шэраг актуальных тэм: арганізацыя розных форм дашкольнай адукацыі ў сталіцы, развіццё шматфункцыянальнай сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі ў Мінскай вобласці, пашырэнне спектра адукацыйных паслуг на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці, забеспячэнне здароўезберагальных умоў на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, асаблівасці арганізацыі якаснага і бяспечнага харчавання навучэнцаў.

— Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі з’яўляецца захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі, у тым ліку праз развіццё розных форм яе арганізацыі. У адпаведнасці з адукацыйнымі запытамі законных прадстаўнікоў выхаванцаў, сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі становіцца больш дыферэнцыраванай. Усяго ў Мінску налічваецца 458 устаноў дашкольнай адукацыі, у тым ліку 25 санаторных, 13 спецыяльных, 14 цэнтраў развіцця дзіцяці. У апошні час значна знізіўся ўзроставы парог пачатку наведвання дзецьмі ўстаноў дашкольнай адукацыі. У сувязі з гэтым пастаянна ўзрастае колькасць груп для дзяцей з 1,5 да 2 і з 2 да 3 гадоў. Для задавальнення запытаў бацькоў на ранняе развіццё дзяцей функцыянуе 451 група кароткачасовага знаходжання, што ў параўнанні з 2016 годам на 83 больш. Аднак праблема пераўкамплектаванасці ўстаноў дашкольнай адукацыі горада па-ранейшаму застаецца актуальнай, — адзначыла Наталля Алегаўна Васіленка, начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў дашкольнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Адным з найбольш распаўсюджаных відаў груп кароткачасовага знаходжання для дзяцей, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы, з’яўляюцца адаптацыйныя групы. Яны арганізоўваюцца напярэдадні паступлення дзяцей ранняга ўзросту ва ўстановы дашкольнай адукацыі. На працягу апошніх трох гадоў у Мінску колькасць бацькоў, якія жадаюць наведваць з дзецьмі ва ўзросце ад года да 3 гадоў дадзеную групу, павялічваецца. Перспектыўны план групы разлічаны на тры месяцы: з сакавіка па май. Частата наведвання дзіцем групы і час знаходжання ў ёй вызначаецца на падставе запыту бацькоў. Дзеці разам з бацькамі выконваюць гульнявыя заданні, прапанаваныя педагогам. Гульні і заданні складзены з улікам псіхафізічных асаблівасцей выхаванцаў. Пры гэтым асаблівае значэнне надаецца арганізацыі адукацыйнай прасторы і адукацыйнага працэсу ў адаптацыйнай групе. Новая форма дашкольнай адукацыі дазваляе ажыццяўляць асобасна арыентаваны падыход, удзяляючы ўвагу кожнаму дзіцяці. Як паказвае практыка, функцыянаванне такой групы забяспечвае паспяховую адаптацыю выхаванцаў да ўмоў устаноў дашкольнай адукацыі, эмацыянальны дабрабыт дзяцей ранняга ўзросту, а таксама фарміраванне ў адпаведнасці з узростам спосабаў зносін з дарослымі і равеснікамі.

Другой запатрабаванай у бацькоў формай педагагічнай падтрымкі дзяцей ад нараджэння да трох гадоў з’яўляецца матчына школа, у якой ажыццяўляецца ўзаемадзеянне дзяцей, бацькоў і педагогаў. Сёння 1188 дзяцей ва ўзросце да трох гадоў наведваюць матчыны школы ва ўстановах дашкольнай адукацыі сталіцы. Групы сумеснага знаходжання бацькоў і дзяцей працуюць па гнуткім графіку, заняткі праводзяцца 2—3 разы на тыдзень ад 2 да 3,5 гадзіны ў дзень. Адукацыйны працэс накіраваны на рознабаковае развіццё дзяцей — сенсаматорнае, пазнавальнае, эстэтычнае, маўленчае, фізічнае і інш. Калі адаптацыйныя групы працуюць на працягу трох месяцаў, то матчына школа функцыянуе на працягу ўсяго навучальнага года.

Яшчэ адным рэзервам забеспячэння даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі з’яўляецца адкрыццё сямейных груп. Яны запатрабаваны ў раёнах актыўнага жыллёвага будаўніцтва і прадастаўляюцца ў тым ліку мнагадзетным сем’ям. У 2016/2017 навучальным годзе ў сталіцы функцыянавала шэсць сямейных груп як структурных падраздзяленняў устаноў дашкольнай адукацыі. Заняткі праводзяцца або дома, або ў дзіцячым садзе. На працягу навучальнага года выхаванцы наведваюць музычныя і фізкультурныя заняткі, удзельнічаюць у ранішніках, выставах сумеснай творчасці і інш. Такім чынам, семейныя групы забяспечваюць даступнасць дашкольнай адукацыі, задавальняюць попыт на адукацыйныя паслугі, магчымасць працаўладкавання мнагадзетнай мамы на няпоўны працоўны дзень, а таксама забяспечваюць пераемнасць дашкольнага і сямейнага выхавання.

Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема забеспячэння крокавай даступнасці дзіцячых садоў. Нягледзячы на тое, што кожны год адкрываюцца новыя ўстановы, пытанне застаецца вострым, паколькі жыллёвае будаўніцтва ў некаторых населеных пунктах значна апярэджвае развіццё сацыяльнай сферы.

Дарэчы, у Беларусі да пачатку навучальнага года запланаваны ўвод у эксплуатацыю шасці ўстаноў дашкольнай адукацыі на 1120 месцаў. Сярод новабудоўляў гэтага лета — прыбудова на 80 месцаў да будынка ясляў-сада ў Брэсце, сад на 200 месцаў у мікрараёне Задняпроўе-5 Оршы, дзіцячы сад на 190 месцаў у Астраўцы, два дзіцячыя сады па 230 месцаў у кожным у Стоўбцах і Жодзіне, а таксама яслі-сад на 190 месцаў у мінскім мікрараёне Каменная Горка-4. Акрамя таго, да канца бягучага года плануецца ўвод у эксплуатацыю яшчэ чатырох устаноў дашкольнай адукацыі на 695 месцаў. Усяго ж (з улікам адкрытых у першым паўгоддзі) сетку ўстаноў дашкольнай адукацыі сёлета папоўняць 16 новых аб’ектаў.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.