У цесным узаемадзеянні

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Хочаш атрымаць добрыя кадры — прымай удзел у іх падрыхтоўцы. Так лічаць у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 89 Гродна, працуючы ў цесным узаемадзеянні з Гуманітарным каледжам ГрДУ імя Янкі Купалы.

Маладымі спецыялістамі прыходзяць выпускнікі Гуманітарнага каледжа ва ўстановы дашкольнай адукацыі. Як яны падрыхтаваны, прычым не толькі тэарэтычна, ці ўмеюць знайсці падыход да дзяцей, увогуле, ці лю­бяць выбраную прафесію? Такімі пытаннямі, напэўна, задаюцца кіраўнікі дзіцячых садоў. Не менш у выпуску добрых прафесіяналаў зацікаўлены педагогі ўстановы адукацыі. Узаемадзеянне адных з другімі яшчэ падчас вучэбнага працэсу дае свае вынікі. Выйграюць ад такога супрацоўніцтва і навучэнцы.

Адным з шэрага сумесных мерапрыемстваў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна і Гуманітарнага кале­джа стаў семінар “Узаема­дзеянне з заказчыкамі кадраў у рамках практыка-арыентаванага навучання навучэнцаў спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Педагогі каледжа разам з навучэнцамі накіраваліся ў да­школьны цэнтр. Дарэчы, будучыя маладыя спецыялісты ўжо на практыцы спазналі, што такое праца выхавальніка, бо замяняюць работнікаў дашкольнага цэнтра падчас адпачынкаў, праходзяць тут практыку.

— Такія мерапрыемствы вельмі важныя, бо кожны навучэнец можа не толькі прадэманстраваць свае тэарэтычныя веды, але і паспрабаваць сябе ва ўзаемадзеянні з дзецьмі, — адзначыла загадчык аддзялення дашкольнага выхавання Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Ала Яравіцына. — Добра, што ўжо на другім курсе малады чалавек пачынае ра­зумець, наколькі ён матываваны на гэтую прафесію, ці правільны выбар зрабіў, што ў яго атрымліваецца, а што не. І мы таксама можам карэкціраваць падрыхтоўку спецыялістаў. Наогул, вучэбныя планы — гэта не нерухомы дакумент, яны вельмі інавацыйныя. Дысцыпліны падабраны так, каб кожны навучэнец мог праявіць сябе індывідуальна. І мы ўдзячны, што дашкольны цэнтр развіцця дае нам пляцоўку для апрабацыі нашых інавацый.

Педагог-псіхолаг Кацярына Асколкава таксама лічыць, што такое супрацоўніцтва вельмі важнае. Навучэнцы прыхо­дзяць у зладжаны калектыў і знаёмяцца з сістэмай работы, могуць паспрабаваць сябе на практыцы, пагутарыць з выхавальнікамі, пераняць іх сакрэты падыходу да дзяцей, прыёмы, метады работы. У далейшым, калі становяцца маладымі спецыялістамі, яны ўжо знаёмы з сістэмай работы.

— Мы заўсёды рады вітаць маладых людзей, таму што яны адгукаюцца на новае, уносяць у работу творчы падыход, гатовы эксперыментаваць, праяў­ляць ініцыятыву. І нам ёсць у іх чаму павучыцца. Такое супрацоўніц­тва вопытных работнікаў і мола­дзі ўплывае на ўсіх, — дадала Кацярына Асколкава.

Практыка-арыентаванае супрацоўніцтва сапраўды карыснае для ўсіх. Навучэнцы атрымліваюць вопыт, разуме­юць, куды яны прыйдуць на работу. А ў дашкольнай установе маюць магчымасць адбіраць для сябе будучыя кадры.

— Як паказала практыка, гэта вельмі важнае звяно — пад­рыхтоўка кадраў на базе ўстановы, — заўважыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Людміла Булавіна. — Мы задаволены тымі, хто да нас прыходзіць. Будучыя маладыя спецыялісты любяць сваю работу і большасць з іх застаецца ў прафесіі, працягваюць далей вучыцца, паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Прыемна гля­дзець, як яны рас­туць прафесійна і асобасна.

Загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Жанна Вайцяхоўская дадала, што выхавальнікі імкнуцца падтрымаць навучэнцаў, падзяліцца сваімі сакрэтамі, напрыклад, як заахвоціць дзяцей есці, як захапіць на занятках і зрабіць іх цікавымі і займальнымі. І навучэнцы спачатку назіраюць, а потым дапамагаюць педагогу. А затым спрабуюць свае сілы. У дашкольным цэнтры ім дапамагаюць раскрыць свае лепшыя якасці.

— Мы павінны ўлюбіць навучэнцаў каледжа ў прафесію, — упэўнена Жанна Вайцяхоўская. — Тады да дзяцей прыйдуць улюбёныя ў прафесію педагогі, якія ў будучыні змогуць рэалізаваць свой творчы патэнцыял і прынесці карысць краіне.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.