У вас спакойна

- 15:42Вышэйшая школа, Якасць адукацыі

Атрымаць добрыя веды і стаць запатрабаваным спецыялістам у сябе на радзіме, а магчыма і ў Беларусі — вось галоўная мэта замежных магістрантаў, якія вучацца ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.

Магістранты з Пакістана, Індыі і Ганы сустрэлі мяне разам з супрацоўнікамі аддзела міжнародных сувязей універсітэта ва ўтульнай аўдыторыі. Нягледзячы на моцны мароз, яны, жыхары цёплых краін, выглядаюць шчаслівымі і жыццярадаснымі. Адразу адзначаю для сябе, наколькі цёплыя і дружалюбныя адносіны склаліся паміж магістрантамі і супрацоўнікамі аддзела. Мае суразмоўнікі адразу пацвярджаюць, што я не памыляюся.

— У Беларусі вельмі ветлівыя і добразычлівыя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы, — адзначае Ранжыт Дадра з Індыі. — У выкладчыках, работнiках міжнароднага аддзела я перш за ўсё бачу сяброў, і гэта вельмі каштоўна.

Ранжыт прыехаў у Гомель яшчэ ў сакавіку мінулага года, каб працягнуць адукацыю ў магістратуры. Зараз ён вывучае эканоміку ў адной з вядучых рэгіянальных тэхнічных устаноў вышэйшай адукацыі. На маё пытанне, чаму выбраў менавіта Беларусь і ці не шкадуе аб сваім выбары, хлопец адказвае, што насамрэч вельмі рады вучыцца менавіта ў нашай краіне і прапануе сваім сябрам з Індыі рабіць стаўку на гомельскі палітэх. Адзін з іх нядаўна прыехаў і зараз вучыцца на падрыхтоўчым аддзяленні ўніверсітэта.

— Спачатку ў мяне была ідэя вучыцца ў Канадзе, — расказвае Ранжыт. — Потым я пачаў аналізаваць, паглядзеў, што Беларусь бліжэй геаграфічна і гэта эканамічна даволі развітая краіна. Вядома, важнымі ў прыняцці канчатковага рашэння былі і такія крытэрыі, як фінансавыя затраты на адукацыю і тэрмін навучання (у Канадзе навучанне ў магістратуры складае два гады).

Амер прыехаў у гомельскі ўніверсітэт з Пакістана. Акрамя ўсяго, яго зацікавіла яшчэ магчымасць вывучыць рускую мову. Ён лічыць, што, ведаючы рускую, ён зможа не толькі скончыць магістратуру, але і прадоўжыць адукацыю ў аспірантуры, абараніць кандыдацкую дысертацыю. Яго сябар і зямляк Саед, які прыехаў у Гомель вывучаць энергетыку, таксама плануе працягваць адукацыю далей. Але гэтае пытанне на перспектыву: пакуль ён думае аб абароне магістарскай.

— Калі параўноўваць Беларусь з іншымі краінамі, то тут больш спакойна, — дзеліцца Насір Мухамед Амер. — Навучанне і пражыванне таннейшыя, чым у той жа Германіі, а якасць адукацыі не горшая за еўрапейскую.

Да вучэбнага працэсу хлопцы адносяцца сур’ёзна. Сёння, каб быць запатрабаваным на рынку працы, неабходна быць высокакваліфікаваным спецыялістам, і не мае значэння, у якой краіне ты жывеш ці плануеш рэалізоўваць сябе ў якасці прафесіянала.

Напрыклад, Анкра Твумасі з Ганы прызнаецца, што ў яго вялікія планы. Пасля абароны магістарскай дысертацыі ён мае намер працягнуць навучанне ў аспірантуры ГДТУ імя П.В.Сухога, абараніць кандыдацкую і застацца жыць і працаваць у Беларусі. А вось Брэфо Джозэф хоча быць карысным у сваёй краіне. Юнак вывучае сельскагаспадарчыя машыны, і яго веды вельмі патрэбны на радзіме.

Хлопцы адчуваюць сябе ўпэўнена. Якасць адукацыі ў гомельскім універсітэце іх задавальняе, яны ўжо знайшлі шмат сяброў з ліку беларускіх студэнтаў, дапамагаюць адно аднаму, дзеляцца ведамі, разам праводзяць вольны час. Хто ведае, магчыма, з часам народзяцца нейкія сумесныя ідэі і праекты.

На пытанне, чаго бракуе ім у нашай краіне, замежныя магістранты амаль у адзін голас кажуць пра адсутнасць магчымасці працаваць паралельна з вучобай.

— Не вельмі зручна, што, маючы вучэбную візу, ты можаш толькі вучыцца, працаваць магчымасці няма, — адзначае Шах Саед Замір Хусейн. — Няёмка крыху, што даводзіцца прасіць грошы ў бацькоў для таго, каб тут жыць і аплачваць навучанне, хацелася б самім нешта зарабляць.

Яшчэ адна праблема для студэнтаў і магістрантаў з-за мяжы — моўны бар’ер. З равеснікамі, зразумела, такіх пытанняў не ўзнікае — моладзь разумее неабходнасць валодання англійскай мовай і вывучае яе. Свабодна можна размаўляць па-англійску і з маладым пакаленнем выкладчыкаў, чаго нельга сказаць пра старэйшых.

— Мы ведаем гэтую праблему і стараемся яе выпраўляць, — гаворыць начальнік аддзела міжнародных сувязей ГДТУ імя П.В.Сухога Аляксандр Сямак. — Выкладанне ў замежных студэнтаў і магістрантаў вядзецца на англійскай мове, аднак пакуль не кожнаму выкладчыку гэта па сілах. Наш універсітэт працуе над гэтым, тым больш мы разумеем важнасць сувязі паміж студэнтамі і магістрантамі і прафесарска-выкладчыцкім складам па-за лекцыямі.

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.В.Сухога з’яўляецца адной з вядучых тэхнічных устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны. Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка інжынерных кадраў і кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі для галін машынабудавання, металургіі, энергетыкі, эканомікі, радыёэлектронікі і інфармацыйных тэхналогій. Універсітэт прапануе навучанне па 22 спецыяльнасцях першай ступені адукацыі і 8 спецыяльнасцях магістратуры. З кожным годам гомельскі палітэх набывае ўсё большую папулярнасць сярод замежных студэнтаў і магістрантаў, геаграфія краін пастаянна пашыраецца. Сёння тут вучацца студэнты з Туркменістана, Украіны, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Емена, Егіпта, Пакістана, Індыі, Марока, Ганы, Камеруна, Сенегала, Шры-Ланкі, Палесціны і Ірака.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.