Убачыць кожнага

- 11:20Спартыўныя падзеі

Самы вялікі стадыён Гродна прымаў самых маленькіх удзельнікаў праекта “Спорт для ўсіх”. Тут праходзілі старты спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы”. Больш за 400 навучэнцаў 2—4 класаў, якія спачатку сталі пераможцамі лёгкаатлетычных спаборніцтваў у школе, потым — у раёне, выйшлі на адборачны абласны этап перад рэспубліканскім фіналам.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Скідзеля Вячаслаў Ражко ў сваіх выхаванцах упэўнены. Мілона Струкава, Кірыл Філіповіч, Ангеліна Цяцько, Яраслаў Канюшэўскі, Цімафей Батура ўжо прадэманстравалі высокія вынікі на двух этапах спаборніцтваў. А залогам такіх дасягненняў Вячаслаў Рамуальдавіч лічыць сістэмную штодзённую работу са сваімі выхаванцамі.

Даць магчымасць кожнаму навучэнцу праявіць сябе ў спорце, выявіць таленты і дапамагчы ім развіцца — менавіта такую мэту ставяць арганізатары абласнога праекта “Спорт для ўсіх” — упраўленне спорту і турызму і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. На працягу навучальнага года ў кожнага дзіцяці будзе магчымасць стаць удзельнікам спаборніцтваў па 17 відах спорту, такіх як лёгкая атлетыка, валейбол, баскетбол, футбол, гандбол, веласпорт, стральба, плаванне, біятлон, лыжныя гонкі, шашкі, шахматы, настольны тэніс і інш. У Гродне для дашкольнікаў правядуць спаборніцтвы па спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, скачках на батуце. Для іх таксама арганізоўваюць спартландыі “100 крокаў да Алімпа”. Спаборніцтвы будуць праходзіць у тры этапы: школа, раён, вобласць.

— Важнасць праекта “Спорт для ўсіх” у тым, што ствараецца сістэма работы з таленавітымі спартыўнымі дзецьмі, — гаворыць дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту вучнёўскай моладзі Сяргей Савіцкі. — Ствараецца база даных адораных навучэнцаў. Яны выяўляюцца не толькі падчас спартыўных спаборніцтваў. Ва ўсіх школах пройдзе комплекснае тэсціраванне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў 2—6 класаў. Яны выканаюць наступныя практыкаванні: чаўночны бег, скачок у даўжыню з месца, бег на кароткія дыстанцыі і доўгія дыстанцыі, падцягванне на перакладзіне (юнакі), падыманне тулава (дзяўчаты), нахілы наперад. Даныя будуць адпраўлены ў спартыўныя школы для далейшага прыцягнення дзяцей да заняткаў спортам і залічэння іх у спартыўныя секцыі.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя з 44-гадовым стажам Міхаіл Жышко, які працуе ў Абухаўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, гаворыць:

— Мы бачым кожнага навучэнца з 8—9-гадовага ўзросту. Амаль стапрацэнтна вучні школы займаюцца ў спартыўных секцыях і гуртках. Такія заняткі падтрымліваюць і бацькі навучэнцаў. У невялікіх населеных пунктах вельмі важна заняць дзяцей карысным адпачынкам і даць ім старт у вялікую спартыўную будучыню.
У вучняў гэтай сельскай школы ёсць магчымасць займацца веласпортам, вольнай барацьбой, валейболам.

Акрамя спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы”, у рамках праекта пройдуць традыцыйныя спаборніцтвы школьнікаў “Снежны снайпер”, “Скураны мяч”, “Залатая шайба”, “Белая ладдзя” і іншыя. Дарэчы, на працягу двух апошніх гадоў гродзенскія школьнікі былі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы” і шкаліяды.

У кожным раёне вобласці ў межах праекта “Спорт для ўсіх” арганізоўваюць шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, у Кастрычніцкім раёне Гродна прайшлі спартыўныя перапынкі, падчас якіх трэнеры спартыўных школ праводзілі майстар-класы і расказвалі навучэнцам пра магчымасці запісу ў секцыю. Алімпійскі чэмпіён па кулявой стральбе Канстанцін Лукашык сустрэўся з навучэнцамі роднай сярэдняй школы № 18 Гродна. У сярэдняй школе № 1 Ліды арганізавалі дзень здароўя “Усе на старт!” для вучняў 5—11 класаў. Ім трэба было прайсці 14 станцый: “Падцягванне”, “Прэс”, “Тэніс”, “Скакалка”, “Азбука Морзэ”, “Боўлінг”, “Скачкі ў даўжыню з месца”, “Вусень”, “Спартыўная хада”, “Штурханне ядра”, “Баскетбол”, “Эстафета з лыжкай”, “Скачкі ў мяшках”, “Валейбол”.

Спартыўныя мерапрыемствы праекта “Спорт для ўсіх” будуць праходзіць у навучальных установах Гродзеншчыны на працягу ўсяго навучальнага года.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.