Удасканальваем выразнасць дзіцячых малюнкаў

- 10:42Навіны рэгіёнаў

Маляванне — адзін з любімых заняткаў дзяцей, бо яны адразу бачаць вынікі сваёй дзейнасці: след ад алоўка ці пэндзля, контур і вобраз прадмета… У малюнках дзеці адлюстроўваюць душэўны стан, адносіны да розных аб’ектаў, перажываюць прыемныя падзеі ці пазбаўляюцца негатыўных эмоцый. Дзіцячыя малюнкі прыцягваюць яркасцю, непасрэднасцю, нечаканасцю вобразаў, эмацыянальнай выразнасцю.

Педагогі вучаць малышоў бачыць і адчуваць сродкі мастацкай выразнасці (лініі, колер, форму, кампазіцыю) на занятках па выяўленчай дзейнасці. Выхаванцы з цікавасцю разглядаюць ілюстрацыі дзіцячых кніг. Гэта дапамагае навучыць дзяцей уважліва назіраць і мэтанакіравана спасці­гаць таямніцы прыгажосці і вытанчанасці форм, колеравай гармоніі і прасторы — асвойваць сродкі мастацкай выразнасці кніжнай графікі: колер, форму, позу, жэст, кампазіцыю, дынаміку, контур, фактуру адлюстраванай паверхні (кудлаты, пухнаты і інш.).

Каб ілюстрацыі выклікалі ў дашкольнікаў радасць, жаданне любавацца імі, эмацыянальнае перажыванне, успамін пра яркія адчуванні, трэба выклікаць цікавасць да заняткаў, стварыць умовы для разумовага напружання і дыялагічных зносін, накіраваць увагу дзяцей на ўсвядомленае эстэтычнае ўспрыманне кніжнай графікі. Для стварэння эмацыянальнай зацікаўленасці малышоў выкарыстоўваю мастацкае слова, пераважна з музычным суправаджэннем, сюрпрызны момант, гульні і гульнявыя прыёмы (“Чароўны мяшэчак”, “Даведайся па частцы цэлае” і інш.).

У малодшай групе разглядаем адну ілюстрацыю, у сярэдняй і старшай групах — ужо дзве і больш. Гэта дазваляе паказаць дзецям, як па-рознаму прадстаўлены мастакамі-ілюстратарамі аб’екты, з’явы рэчаіснасці і казачныя героі. Разглядванне малюнкаў выклікае ў малышоў пытанні. Выяўленчыя сродкі мастакоў прыцягваюць дзіцячую ўвагу. Так, адказ на пытанне “Які (персанаж)?” патрабуе пэўнага апісання яго знешняга выгляду (разглядаем велічыню, форму, колер, фактуру паверхні), эмацыянальнага стану, характэрных рыс (звяртаем увагу на позу, жэсты, міміку).

Прапаную азнаёміцца з фрагментам аналітычнай гутаркі на занятках па выяўленчай дзейнасці “Зайчаня ў лесе”:

— Хто гэта? (Зайчаня.)

— Якое яно? (Русае.)

— Калі зайчаня русае, то якая пара года? (Ранняя восень.)

— Што яшчэ паказвае на раннюю восень? (Зжаўцелая трава, познія кветкі, пажоўклае лісце на дрэвах.)

— Якую эмоцыю вы бачыце на пысе зайчаняці? (Спалох.)

— Значыць, яно… (спалоханае).

— Як вы гэта вызначылі? (У зайчаняці спалоханыя вочы, рот адкрыты.)

— Каго зайчаня магло спалохацца? (Магчыма, яно ўбачыла ваўка, лісу, саву, паляўнічага.)

— Зайчаня стаілася? (Уцякае.)

— Як вы здагадаліся? (Цела зайчаняці выцягнута, пярэднія лапкі на зямлі, а заднія яшчэ ў паветры.)

— Значыць… (зайчаня бяжыць вельмі хутка).

— Паглядзіце на заечы кажушок. Які ён? (Пухнаты.)

— Што дапамагло мастаку перадаць вобраз пухнатага зайчаняці? (Лініі і рыскі.)

— Што яшчэ мастак адлюстраваў з дапамогай ліній? (Зжаўцелую траву.)

— А дрэвы? (Дрэвы паказаны рознакаляровымі плямамі.)

— Чаму мастак паказаў зайчаня вялікім, а дрэвы — маленькімі? (Зайчаня да нас бліжэй, а дрэвы — далей.)

— Уявіце, што вы апынуліся на палянцы. Што чуеце? (Шоргат травы, птушыныя спевы, шапаценне лісця.)

— Зрабіце глыбокі ўдых. Што адчулі? (Пах сухой травы, водар кветак.)

Напрыканцы аналітычнай гутаркі падыходзім да сумеснага пошуку і выбару выразных спосабаў і сродкаў малюнка. Творчы працэс стварэння вобраза зайчаняці праходзіць пад апасродкаваным кіраўніцтвам педагога і гукі класічнай музыкі. Выстава і аналіз дзіцячых работ завяршаюць заняткі і дапамагаюць выхавальніку прааналізаваць сваю дзейнасць.

Для сістэматычнай работы па фарміраванні выразнасці дзіцячых малюнкаў праз кніжную графіку ў групе створаны кніжны куток, дзе сабраны дзіцячыя творы з прывабнымі ілюстрацыямі розных мастакоў-ілюстратараў, у тым ліку рэкамендаваных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, складзена картатэка гульняў на разуменне знакавай сістэмы малюнка, а таксама картатэка метадаў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца на занятках па маляванні.

Такім чынам, работу над выразнасцю дзіцячых малюнкаў будую і праводжу так, каб не толькі ўвесці малышоў у свет прыгажосці з дапамогай высокамастацкіх і даступных дзіцячаму ўспрыманню ілюстрацый кніжнай графікі, але і акунуць іх у свет творчасці і фарбаў.

Юлія ШЫНГЕЛЬ,
выхавальніца ясляў-сада № 43 Баранавіч.