Мы часта чуем, што новы дзень ставіць перад намі новыя задачы. Якімі б зменлівымі ні былі ўмовы, галоўная задача, якая стаіць перад педагогамі, кіраўнікамі, установамі адукацыі, — працаваць эфектыўна. Гэта азначае, што трэба бачыць праблемы і аператыўна знаходзіць для іх рашэнне, адначасова заўважаць поспехі і падтрымліваць станоўчыя тэндэнцыі. Аб гэтых надзённых пытаннях і тэндэнцыях у цэнтральным рэгіёне разважае начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна КАЗАК.
— Першае пытанне, якому ўдзяляецца значная ўвага, — гэта інфарматызацыя, выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій. Мы ўжо забяспечылі ўстановы адукацыі неабходным сучасным абсталяваннем. Цяпер варта звярнуць увагу на яго выкарыстанне, у першую чаргу на бяспеку выкарыстання навучэнцамі інфармацыйных рэсурсаў. Неабходна абмежаваць дзяцей ад небяспечнага кантэнту, шкодных сайтаў і інфармацыі. Важна навучыць іх правільна карыстацца сусветнай павуцінай, каб яны ўмелі здабываць патрэбную інфармацыю, сартаваць, фільтраваць яе. Неабходна выхаваць у дзяцей культуру выкарыстання гэтых рэсурсаў. Апошнім часам, на жаль, нярэдка чуем навіны, напрыклад, аб групах у сацыяльных сетках, якія падштурхоўваюць дзяцей да злачынстваў, суіцыдаў і інш. У святле гэтых падзей выхаванне культуры выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў становіцца задачай жыццёва важнай у літаральным сэнсе.
Што тычыцца педагогаў, то і яны павінны ўмець карыстацца дасягненнямі прагрэсу. Мы плануем, што ў найбліжэйшы час усе педагогі ў вобласці стануць сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Да гэтага мы ўжо наблізіліся. Таксама пастараемся максімальна прымяняць дыстанцыйную форму павышэння кваліфікацыі. Гэта вельмі зручна, бо педагог павышае сваю прафесійную кампетэнтнасць, не адрываючыся ад работы, сям’і. Эканоміцца і час, і сродкі.
На Міншчыне актыўна праходзіць эксперымент па ўвядзенні электронных журналаў і дзённікаў. Паспяхова рэалізоўваецца ён ва ўстановах адукацыі Бярэзінскага, Барысаўскага, Дзяржынскага, Капыльскага, Мінскага, Маладзечанскага, Смалявіцкага, Салігорскага, Старадарожскага раёнаў. Колькасць устаноў, якія працуюць з электроннымі журналамі і дзённікамі, будзем павялічваць. Чакаем, калі з’явіцца магчымасць афіцыйна адмовіцца ў гэтых установах ад папяровых аналагаў.
Сёння, як ніколі, і навучэнцам, і супрацоўнікам устаноў адукацыі неабходны эканамічныя веды. Наступны важны кірунак равіцця — павышэнне эканамічнай дасведчанасці. Некалькі гадоў назад з’явіліся школьныя бізнес-кампаніі для дзяцей. Сёння іх каля 100. Навучэнцы выпускаюць прадукцыю, аказваюць паслугі, самі займаюцца бухгалтэрыяй, рэкламай і г.д. Такая работа фарміруе ў іх новае эканамічнае мысленне і кампетэнтныя адносіны да размеркавання заробленых сродкаў.
Лічу важным павышаць эканамічную дасведчанасць кіраўнікоў устаноў адукацыі, бо чалавек з веданнем эканомікі лепш арыентуецца ў сітуацыі, бачыць перспектывы развіцця ўстановы, разумее, куды варта накіроўваць фінансавыя сродкі. У наступным навучальным годзе будзе праводзіцца эканамічная падрыхтоўка дырэктараў, адбудзецца шэраг семінараў, метадычных мерапрыемстваў гэтага кірунку.
У выхаваўчай рабоце наша галоўная стратэгія — кансалідацыя. Аб’яднаўшы магчымасці ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, сям’і, грамадскіх аб’яднанняў, мы зможам выканаць сацыяльны заказ дзяржавы. Плануем павялічваць колькасць профільных лагераў па кірунку дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, удасканальваць работу навучэнскага самакіравання ва ўстановах адукацыі, пашыраць сетку аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага кірунку, актыўна праводзіць спартыўныя мерапрыемствы з удзелам навучэнцаў, бацькоў, спецыялістаў розных структур і ведамстваў.
Нас, педагогаў, кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, хвалюе тое ж пытанне, якое непакоіць грамадства: хто прыйдзе нам на змену? І сёння з радасцю адзначаю, што ўкараняецца станоўчая тэндэнцыя павышэння цікавасці да прафесіі настаўніка. 519 хлопцаў і дзяўчат у Мінскай вобласці сталі навучэнцамі педагагічных класаў і груп. Будзем працаваць і далей над тым, каб класы гэтыя напаўняліся дастойнымі, таленавітымі вучнямі. Садзейнічаць гэтаму будзе ўвядзенне льготнага паступлення выпускнікоў такіх класаў на педагагічныя спецыяльнасці, якое плануецца з наступнага года.
Стараемся вырасціць і новае пакаленне кіраўнікоў: фарміраванню моцнай каманды маладых прафесіяналаў садзейнічае стварэнне рэзерву кіруючых кадраў. У банку даных рэзерву — 56 чалавек. Мы планамерна працуем з гэтымі перспектыўнымі людзьмі, каб падрыхтаваць іх да далейшага кіраўніцтва ўстановай, сфарміраваць у іх імкненнне да самаразвіцця і самаўдасканалення. Адна з форм работы з рэзервістамі — індывідуальныя планы, якія прадугледжваюць стажыроўку (выкананне абавязкаў кіраўніка, калі той адсутнічае). Словам, прыкладаем максімум намаганняў, каб у сістэме адукацыі вобласці працавалі дасведчаныя, кампетэнтныя, ініцыятыўныя людзі.
І, зразумела, не застанецца па-за ўвагай матэрыяльны бок работы. Дзеці павінны вучыцца, а педагогі — вучыць у добрых умовах. Над гэтым працавалі і будзем працаваць. У 2016—2020 гадах плануецца будаўніцтва 9 дашкольных устаноў на 2070 месцаў і 4 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2670 месцаў. Актыўна вядзецца тлумачальная работа з насельніцтвам па адкрыцці прыватных дзіцячых садоў.
Што тычыцца сістэмы прафесійнай адукацыі, то цудоўна сябе паказалі ў рабоце рэсурсныя цэнтры па 11 спецыяльнасцях, якія працуюць на Міншчыне. Гэта своеасаблівыя астраўкі прафесіяналізму, дзе сканцэнтравана ўсё найноўшае абсталяванне, з якім можа сустрэцца ў рабоце прадстаўнік пэўнай прафесіі. Працягнем удасканальваць матэрыяльную базу як рэсурсных цэнтраў, так і ўстаноў прафесійнай адукацыі ў цэлым, будзем і далей забяспечваць іх сучасным вучэбна-вытворчым абсталяваннем і новай тэхнікай. У выніку зможам выпускаць яшчэ больш спецыялістаў з высокімі разрадамі. Ужо сёння мы перавышаем рэспубліканскі паказчык амаль удвая: колькасць выпускнікоў з чацвёртым разрадам і больш высокімі ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці прыбліжаецца да 60%. Будзем гэтыя дасягненні ўкараняць і рухацца далей.
Дар’я РЭВА.