Уклад у вяртанне памяці

- 11:12Навіны рэгіёнаў

Ведаць сваю гісторыю, захоўваць памяць пра людзей, якія яе стваралі, і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне — гэта не толькі праяўленне патрыятызму, але і звычайны чалавечы абавязак.

Вялікая Айчынная вайна стала асаблівай старонкай у гісторыі нашага народа, закранула кожную сям’ю. Побач з намі застаецца ўсё менш сведкаў тых пакутных гадоў, а разам з гэтым губляюцца звесткі аб героях, якім мы абавязаны мірным небам. Сучаснае пакаленне дзяцей і падлеткаў часта не ведае пра гераічныя подзвігі сваіх прапрадзедаў, іх нялёгкае ваеннае жыццё і страты. Такія высновы можна было зрабіць падчас правядзення доўгатэрміновай акцыі “Бессмяротны полк” у Камарынскай сярэдняй школе Брагінскага раёна. Сутнасць акцыі ў тым, каб вучні, педагогі і іншыя работнікі ўстановы адукацыі сабралі звесткі, фотаздымкі, а магчыма, і нейкія рэчы, што засталіся ад іх прадзедаў, якія прайшлі вайну. Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам мерапрыемства стала настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Раманава.

— Улетку я пачула песню “Вярніце памяць”, якую ўпершыню выконвала спявачка Наргіз на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, — расказвае Ганна Міхайлаўна. — Вельмі кранула мяне гэтая песня. Я падумала, што ў кожнага з нас ёсць такі боль, і мне захацелася зрабіць нейкі свой уклад у вяртанне памяці. Так і нарадзілася акцыя.

Настаўніца кажа, што, калі ў верасні яна агучыла ў школе сваю ідэю, яе спачатку ўспрынялі неадназначна: адны загарэліся, як і Ганна Міхайлаўна, іншыя сумняваліся. Прыклад паказаў дырэктар установы Фёдар Ермакоў. Фёдар Фёдаравіч стаў адным з першых удзельнікаў акцыі і падзяліўся звесткамі пра свайго дзеда, які прайшоў вайну, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

— Хацелася, каб як мага больш людзей далучылася да акцыі, каб гэта выклікала сапраўдную цікавасць, асабліва ў сэрцах вучняў, — дзеліцца Ганна Раманава.

Доўга чакаць не прыйшлося. Калі нехта з вучняў ці настаўнікаў расказваў пра свае знаходкі, іншыя пачыналі ў добрым сэнсе зайздросціць. Так, жаданне зрабіць свой уклад у справу, нібыта ланцуговая рэакцыя, чапляла кожнага, і на стале ў Ганны Міхайлаўны раслі стосы паперак з запісамі і фотаздымкамі.

Акцыя ўскалыхнула ў душах навучэнцаў і педагогаў пачуццё бясконцай удзячнасці да людзей, якіх ужо няма. Многія школьнікі даведаліся шмат невядомых фактаў пра сваю сям’ю, сваіх блізкіх, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай, змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах.

Напрыклад, вучаніца 3 класа Ніка Бузава даведалася пра свайго прапрадзеда Івана Майсеевіча Кургіна, які ўдзельнічаў у фарсіраванні Дняпра, вызваляў Камарын. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалём “За абарону Масквы”, медалём “За перамогу над фашысцкай Германіяй”, а таксама медалём “За перамогу над Японіяй”. Дзяўчынка атрымала гэтыя звесткі ад свайго дзеда, унука Івана Майсеевіча, які жыве зараз у Камарыне. Больш за тое, незадоўга да смерці Іван Майсеевіч прыязджаў у госці да свайго ўнука і хадзіў на месца фарсіравання Дняпра.

Вучань 5 “А” класа Улад Петрусевіч таксама сабраў гісторыю пра свайго прапрадзеда Васіля Пятровіча Кукраке, які ваяваў на Першым Украінскім фронце, быў цяжка паранены, але пражыў яшчэ доўгае жыццё. Узнагароджаны медалём “За перамогу над фашысцкай Германіяй”.

Цікавыя звесткі пра сваю прабабулю сабрала вучаніца 6 “А” класа Софія Шайко. Яна даведалася, што яе прабабуля Надзея Фёдараўна Петрусевіч правяла на фронт траіх Іванаў: мужа Івана Іванавіча Петрусевіча, які загінуў у 1945 годзе, сына Івана Іванавіча Петрусевіча, узнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі, а таксама зяця Івана Якаўлевіча Бельчанку.

У вучаніцы 11 класа Хрысціны Мацапуры прапрадзед — Герой Савецкага Саюза, ураджэнец вёскі Гдзень Брагінскага раёна. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы.

Пра нялёгкі лёс прадзеда Рыгора Мацвеевіча Гарбара ведае цяпер дзевяцікласнік Данііл Нецвятаеў. Яго прадзед быў прызваны на фронт у 1941 годзе, а затым трапіў у блакадны Ленінград. Перажыў блакаду і голад.

Гэта толькі некаторыя гісторыі, сабраныя вучнямі. І іх шмат, бо вайна так ці інакш закранула кожную сям’ю. У Г.М.Раманавай таксама ёсць свая гісторыя. Яе дзядуля па матулінай лініі загінуў у час вайны, а месца яго пахавання невядома сваякам і сёння. Таму настаўніца прапусціла праз сябе кожную гісторыю, расказаную вучнямі і калегамі.

Збору звестак у рамках акцыі “Бессмяротны полк” у Камарынскай школе прысвяцілі ўсю першую палову навучальнага года. А вынікі гэтай высакароднай справы падводзілі падчас творчай справаздачы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Гэта было сапраўднае свята, удзел у якім прынялі прадстаўнікі пагранічнай заставы “Камарын”, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама кіраўнікі ўсіх школ Брагінскага раёна.

Матэрыялы пра жыццё і подзвіг людзей застануцца назаўжды ў школьным музеі ваеннай гісторыі. Гэта, на думку дырэктара ўстановы, дазволіць наступным пакаленням берагчы памяць і ганарыцца сваімі продкамі.

— У нашай установе патрыятычнаму выхаванню ўдзяляецца асаблівая ўвага, — гаворыць Фёдар Ермакоў. — Мы захоўваем традыцыі і пераемнасць пакаленняў, развіваем пачуццё грамадзянскасці і любові да сваёй малой радзімы. Усё гэта пачынаецца з малога — з любові сваёй сям’і, да свайго дома, а затым да сваёй краіны, яе гісторыі, яе мінулага і сучаснасці. Выхоўваць сапраўдных людзей з высокім маральным патэнцыялам, якія ўмеюць ствараць, працаваць, а калі трэба, то і абараняць Радзіму, — гэтая задача заўсёды была важнай для нас.

Нягледзячы на тое, што першыя вынікі акцыі ўжо падведзены, збор звестак не спыняецца і паліцы школьнага музея папаўняюцца новымі матэрыяламі. Па словах Ганны Міхайлаўны, іх праектам зацікавіліся калегі з іншых устаноў адукацыі раёна: тэлефануюць, просяць падзяліцца вопытам, падказаць, як разгарнуць такую акцыю, з чаго пачаць, як прывабіць дзяцей. Варта сказаць, што праект выходзіць за рамкі школы, ён з’яўляецца важным для ўсяго раёна.

Наталля ЛУТЧАНКА.