Уладзімір РЫЖКОЎ: “Будзем працягваць рух наперад”

- 11:20Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў ведае ўсе асаблівасці функцыянавання сістэмы адукацыі знутры. Ды і як інакш, ён жа стаіць ля руля ўсёй адукацыйнай галіны Магілёўскай вобласці. Аднак да гэтай высокай пасады ён прайшоў доўгі прафесійны шлях, які пачынаўся са школы, дзе працаваў звычайным настаўнікам-фізікам. Вопыт, атрыманы за гады працы ва ўстановах рознага профілю, на розных, у тым ліку і кіруючых, пасадах, дазваляе яму сёння добра арыентавацца ва ўсіх тонкасцях і перыпетыях дзейнасці сістэмы адукацыі рэгіёна і ўпэўнена весці галіну да паляпшэння работы па многіх паказчыках.

— Вядома, далёка не ўсе задуманыя станоўчыя змены адразу паспяхова рэалізуюцца, не ўсе стандарты і даведзеныя планы, нягледзячы на ўсеагульнае імкненне, атрымліваецца выконваць. Але мы да гэтага імкнёмся. Дакладней нават будзе сказаць, што да максімальна эфектыўнага выканання сваёй працы імкнецца кожны магілёўскі педагог. Напэўна, менавіта гэтае імкненне, а таксама канкрэтныя арганізацыйна-практычныя меры па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнні якасці адукацыі, задавальненні запытаў насельніцтва ў адукацыйных паслугах дазваляюць нашай сферы адукацыі стабільна функцыянаваць і мэтанакіравана развівацца, — кажа Уладзімір Рыжкоў.

І сапраўды, за апошнія пяць гадоў удалося дасягнуць станоўчай дынамікі развіцця па многіх напрамках дзейнасці рэгіянальнай сістэмы адукацыі. У вобласці забяспечана выкананне ўсіх устаноўленых нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў, створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі права кожнага дзіцяці на дастойную і якасную адукацыю.

— За апошні час значная работа праведзена па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У планавым рэжыме праводзяцца капітальныя і бягучыя рамонты навучальных устаноў, актыўна будуюцца і ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя. У Магілёве і Бабруйску пабудаваны пяць дашкольных устаноў на 1055 месцаў. Новая сярэдняя школа на 1020 месцаў з’явілася ў мікрараёне Спадарожнік абласнога цэнтра. Завершана будаўніцтва другога вучэбнага корпуса са спартыўнай, актавай заламі і харчаблокам сярэдняй школы № 2 у Горках і прыбудовы да сярэдняй школы № 2 у Слаўгарадзе. Акрамя таго, уведзена ў эксплуатацыю 28 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Адметна і тое, што ў рэгіёне з кожным годам павышаецца прафесійны ўзровень педагогаў. Практычна кожны педагагічны работнік сёння мае вышэйшую адукацыю, а звыш сямідзесяці шасці працэнтаў ад агульнай колькасці — вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, — адзначае начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі.

Паводле яго слоў, гэтыя фактары спрыяюць удасканаленню работы ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў. Так, у дашкольнай адукацыі работа арыентавана на індывідуальнасць кожнага дзіцяці і запыты яго сям’і, дасягнута варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, крокавая даступнасць навучальных устаноў. Дарэчы, даступнасць дашкольнай адукацыі забяспечваецца не толькі за кошт будаўніцтва новых устаноў, але і аптымізацыі сеткі існуючых. Эфектыўным спосабам павелічэння колькасці месцаў для атрымання дзецьмі дашкольнай адукацыі стала вяртанне ў сетку будынкаў, якія эксплуатаваліся не па назначэнні. Такая мера за апошнія некалькі гадоў дазволіла адкрыць дзіцячыя сады на 50—75 месцаў у Касцюковічах, Бялынічах, Горках і Шклове.

Дынамічна развіваецца і сістэма агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Як заўважае начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама, з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і асаблівасцей развіцця раёнаў тут таксама працягваецца аптымізацыя. Усебаковая падрыхтоўка да такога кроку і шырокая растлумачальная работа з насельніцтвам дазваляюць правесці аптымізацыю бесканфліктна і накіраваць яе на паляпшэнне якасці навучання. Напрыклад, стварэнне ў сельскай мясцовасці вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа” шляхам аб’яднання забяспечвае пераемнасць дашкольнай і школьнай адукацыі і, як вынік, павышэнне паспяховасці дзяцей у засваенні вучэбных праграм.

Улічваецца і эканамічны напрамак функцыянавання агульнаадукацыйных устаноў. У рэгіёне паспяхова рэалізуецца эксперыментальны праект па нарматыўным фінансаванні. Першыя яго вынікі былі станоўчымі: павысілася самастойнасць устаноў у плане кіравання бюджэтнымі сродкамі, іх адказнасць за паказчыкі работы, значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, павялічылася заработная плата педагагічных работнікаў. Зараз да нарматыўнага фінансавання далучыліся яшчэ 45 навучальных устаноў.

— Вялікая работа вядзецца педагогамі і па развіцці здольнасцей навучэнцаў. Гэта прыносіць адпаведны вынік. Штогод школьнікі заваёўваюць медалі на міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах, розных інтэлектуальных конкурсах. Сёння амаль трэць выпускнікоў магілёўскіх школ маюць сярэдні бал атэстата вышэйшы за 8,5. Калі казаць пра цэнтралізаванае тэсціраванне, то вобласці ўдалося палепшыць свае паказчыкі па рускай, беларускай і французскай мовах, матэматыцы, грамадазнаўстве і сусветнай гісторыі, біялогіі і геаграфіі. У нас павялічылася колькасць выпускнікоў з сертыфікатамі ў максімальныя сто балаў. Больш стала і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўваходзяць ва ўмоўны рэспубліканскі рэйтынг лепшых. Па выніках леташняга цэнтралізаванага тэсціравання ў гэты спіс увайшлі тры ліцэі, пяць гімназій і чатыры сярэднія школы, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.

У дзейнасці ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўная мэта таксама рух наперад. Паўсюдна ў навучальных установах гэтага профілю імкнуцца да арганізацыі падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых на максімальна высокім узроўні. З гэтай мэтай на базе лепшых устаноў ПТА функцыянуюць рэсурсныя цэнтры, якія дазваляюць актыўна трансліраваць і ўкараняць эфектыўныя педагагічныя напрацоўкі. Павышэнню якасці навучання спрыяе таксама аптымізацыя, а менавіта далучэнне прафесійных ліцэяў да адпаведных профільных каледжаў. На дадзены момант у рэгіёне ўжо функцыянуюць тры такія шматузроўневыя ўстановы прафесійнай адукацыі інтэграванага тыпу. Гэтыя адукацыйныя кластары дазваляюць больш прадукцыйна выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічныя, кадравыя і фінансавыя рэсурсы, а таксама спрыяюць арганізацыі бесперапыннай адукацыі.

Дасягнуты пэўныя поспехі і ў іншых напрамках дзейнасці. Павысілася даступнасць адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ва ўстановах назіраецца актыўны пераход да ідэй інклюзіўнага навучання. Больш за пяцьдзясят пяць працэнтаў магілёўскіх школьнікаў ахоплены арганізаванымі формамі пазаўрочнай занятасці ва ўстановах дадатковай адукацыі — гэта самы высокі паказчык у рэспубліцы. У рэгіёне дзейнічае зладжаная сістэма работы па сямейным уладкаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёння ў замяшчальных сем’ях пражываюць звыш 84 працэнтаў сірот, і гэты паказчык таксама вышэйшы за сярэднерэспубліканскі.

Як відаць з усяго пералічанага, настаўніцтва Магілёўшчыны ўмее мэтанакіравана працаваць. Кожны педагог зацікаўлены ў інтэнсіўным развіцці галіны. Да чаго ж настаўнікі будуць імкнуцца ў найбліжэйшай будучыні?
— Стаяць на месцы, спыняцца на дасягнутым мы не будзем. Трэба працягваць рухацца наперад. Сфера адукацыі павінна адпавядаць патрабаванням часу, забяспечваць умовы для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Зрабіць гэта атрымаецца толькі праз павышэнне якасці навучання, эфектыўнасці адукацыйных паслуг. Шырокія магчымасці ў гэтым плане адкрывае профільнае навучанне. На сённяшні дзень у вобласці ўжо функцыянуюць амаль трыста профільных класаў. У планах — павелічэнне іх колькасці і развіццё дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў, — адзначыў Уладзімір Рыжкоў.

Паводле яго слоў, плануецца таксама ўдасканальваць эканамічны складнік дзейнасці навучальных устаноў, бо сістэма адукацыі не павінна быць адарванай ад эканомікі. Працягнецца работа па пашырэнні платных адукацыйных паслуг, пазабюджэтнай дзейнасці, узбуйненне ўстаноў адукацыі, аптымізацыя рэсурсаў. Аднак аптымізацыя — не самамэта. У першую чаргу будзе ўлічвацца нават не эканомія сродкаў, а паляпшэнне адукацыйнага працэсу, бо ў малакамплектных класах або школах неабходнага ўзроўню якасці адукацыі дасягнуць складана.

— Планаў і ідэй шмат. Будзем сумеснымі намаганнямі працаваць над іх рэалізацыяй, — рэзюмаваў кіраўнік сферы адукацыі Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.