Улюбёная ў музыку і педагогіку

- 12:23Навіны рэгіёнаў

Цудоўная фартэпіянная музыка льецца па калідоры, запаўняючы сабой усё вакол. Мелодыя настолькі прыгожая, што прымушае спыніцца. Спыніцца, і, прыслухоўваючыся да непаўторных гукаў, рушыць насустрач. Музыка прыводзіць да вучэбнага кабінета, дзе вядзе ўрок педагог, які неймаверна захоплены музыкай і са стараннем перадае гэтае захапленне і любоў сваім вучням. Выкладчыка па класе фартэпіяна Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава Наталлю Мікалаеўну Блашкову адрознівае высокая педагагічная культура, добрае веданне тэорыі і методыкі выкладання, дзіўная эрудыцыя ў музыцы, а самае галоўнае — вялікая любоў да дзяцей.

— Веру, што наш жыццёвы шлях вызначаецца яшчэ ў дзяцін­стве. Будучы маленькай, на пытанні аб прафесіі я заўсёды адназначна адказвала, што хачу быць настаўнікам. Так і адбылося, дзіцячае імкненне ўдалося рэалізаваць. Напэўна, гэтаму паспрыялі выдатныя педагогі, у якіх я вучылася. Любоў да музыкі мне прывіла маці Ларыса Васільеўна Блашкова — педагог дзіцячай школы мастацтваў № 1 Магілёва. Дарэчы, менавіта ў гэтай навучальнай установе, толькі ў класе Наталлі Анатольеўны Кузьмянковай, я пачала свае першыя крокі ў свет музыкі. Акрамя яе, я і зараз з цеплынёй успамінаю выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рымскага-Корсакава Святлану Сямёнаўну Кундзянок, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Мікалаевіча Няхаенку, — расказала Н.М.Блашкова.

На прыклад сваіх настаўнікаў Наталля Мікалаеўна раўняецца і сёння, хоць за яе плячыма ўжо дванаццацігадовы вопыт работы. Свой шлях педагога яна пачынала ў Мінску, аднак па шэрагу жыццёвых акалічнасцей праз пэўны час вярнулася ў Магілёў. У родным горадзе на працягу ўжо сямі гадоў выкладае ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава.

Музыку Наталля Мікалаеўна лічыць адным з асноўных складнікаў паўнавартаснага інтэлектуальнага і духоўнага выхавання навучэнцаў. Яна пастаянна знаходзіцца ў пошуку і распрацоўках новых прагрэсіўных адукацыйных сродкаў выкладання. Галоўны прынцып, якога гэты педагог прытрымліваецца ў рабоце: захоўваючы індывідуаль­насць вучня, прывіць яму любоў і ўсвядомленае стаўленне да музыкі.

Каб рэалізаваць гэты прынцып, з кожным з дзяцей Н.М.Блашкова імкнецца знайсці агульную мову, улічваючы яго індывідуаль­ныя здольнасці і рысы характару. Па яе меркаванні, універсальнага сродку зносін з навучэнцамі не існуе. Да кожнага трэба шукаць падыход. І яна гэты падыход шукае. Шукае праз сваю спагаду і дабрыню да дзяцей, уменне выклікаць цікавасць і захапіць іх сваім прадметам. А, як вядома, выклікаць цікавасць да заняткаў можа толькі педагог самаадданы справе. Наталля Мікалаеўна менавіта такі настаўнік — творчы, па-сапраўднаму ўлюбёны ў музыку і педагогіку.

— Выхоўваць іншага можна толькі выхоўваючы самога сябе. Адпаведна, каб нечым захапіць, неабходна самому быць захопленым. Я заўсёды імкнуся праводзіць урокі ў супрацоўніцтве з вучнямі, бо ўпэўнена: кожны ўрок — гэта маленькае жыццё, якое трэба пражываць з задавальненнем, разуменнем, карысцю, — адзначыла Н.М.Блашкова.

Асобную ўвагу Наталля Мікалаеўна ўдзя­ляе рабоце з адоранымі вучнямі. На яе погляд, раскрыць творчы патэнцыял вучня можна толькі тады, калі педагог сапраўды зацікаўлены ў яго лёсе. Асабіста яна, працуючы з таленавітымі дзецьмі, імкнецца не аўтарытарна, а пераканаўча раскрываць кожнаму яго ж магчымасці.

— Менавіта так атрымалася з маім навучэнцам Даніілам Лазарэнкам. Ён займаецца ў мяне з 2 класа, і з першых урокаў быў відавочны патэнцыял гэтага хлопчыка. Праўда, у той жа час Данік сур’ёзна займаўся ха­кеем і шансы захапіць яго ў належнай меры музыкай былі невялікія. Не перагружаючы, але пазначаючы мэты і задачы, а таксама ўлічваючы музычны густ Данііла, я дала яму магчымасць праявіць сябе і адчуць незвычайныя пачуцці ад канцэртных выступленняў і захопленых апладысментаў. Зараз музычнае выкананне Даніка не толькі вельмі прафесійнае, але і напоўненае глыбокімі развагамі, а цудоўнае сцэнічнае абаянне ніколі не пакідае абыякавымі гледачоў. Яшчэ адзін яскравы прыклад — Апалінарыя Каваленка. Дзяўчына прыйшла да мяне займацца ўжо будучы паспяховай вакалісткай. Яна і далей плануе прафесійна займацца вакалам, але паставіла перад сабой мэту стаць добрай піяністкай. Разам, часта займаючыся індывідуальна, мы змаглі гэтае жаданне рэаліза­ваць. Сёння Апалінарыя бліскуча выступае на розных музычных конкурсах, у тым ліку і як піяністка, — расказала Н.М.Блашкова.

Самааддача Наталлі Мікалаеўны вучням неверагодная, аднак і іх дасягненні, у якіх вялікі ўклад гэтага педагога, не менш уражлівыя. Яе навучэнцы — пастаянныя прызёры разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў мастацтваў, творчых фестываляў. Двое вучняў, а менавіта Апалінарыя Каваленка і Данііл Лазарэнка, нядаўна сталі ўладальнікамі ўзнагарод спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Апалінарыя атрымала гранд-прэмію і адпаведны нагрудны знак, а Данііл — заахвочвальную прэмію.

Плённая педагагічная дзейнасць Н.М.Бла­ш­ковай неаднаразова адзначана ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад. Шмат асабістых узнагарод у яе і за актыўную канцэртную дзейнасць. Усе яны для Наталлі Мікалаеўны важныя, але больш натхняюць яе дасягненні вучняў. Менавіта іх поспехі матывуюць настаўніцу на самаўдасканаленне ў нялёгкай справе выхавання таленавітых музыкантаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Н.М.Блашковай.