Упор — на рамонт школ

- 15:17Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў, Рознае

Першага верасня не за гарамі. Большая частка летніх канікул за спінай, і ўжо хутка ў школах зноў зазвіняць дзіцячыя галасы. А каб школьнікі правялі навучальны год у камфорце і ўтульнасці, зараз ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны гарачая пара — кіпіць работа па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага.

Як паведаміла начальнік аддзела тэхнагляду і развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў упраўлення адукацыі аблвыканкама Ганна Бломнік, у Дзень ведаў дзверы для юных магіляўчан расчыняць 387 агульнаадукацыйных устаноў.
— Увага пытанням падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі вобласці да новага навучальнага года ўдзяляецца належная, таму ўсе школы да дваццатага жніўня павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці. Гэтаму шмат у чым спрыяе своечасовае фінансаванне. Так, з абласнога бюджэту на вышэйназваныя мэты было выдзелена 111,7 міліярда рублёў. Гэтыя сродкі задзейнічаны на рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай, спецыяльнай адукацыі, у якіх быў зроблены касметычны рамонт, заменены і адрамантаваны дах, абноўлена мэбля і вучэбнае абсталяванне. Акрамя таго, выдзеленыя сродкі пайшлі на выкананне планавых мерапрыемстваў, накіраваных на бяспеку дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў і сталовых, закупку новых сучасных аўтобусаў для падвозу сельскіх школьнікаў, — расказала Ганна Сцяпанаўна.
Прадстаўленая афіцыйная інфармацыя цалкам пацвярджаецца ў рэчаіснасці. Узяць, напрыклад, Чэрыкаўскі раён. Адукацыйную дзейнасць тут ажыццяўляюць 22 установы. І практычна ўсе яны ўжо цалкам гатовы да навучальнага года. Паказчык уражлівы, у чым жа сакрэт?
— Сакрэту ніякага няма. Любая работа спорыцца, калі выконваць яе добрасумленна. Педагагічныя калектывы раёна менавіта з такім падыходам ставяцца да любой справы. І падрыхтоўка да новага навучальнага года — не выключэнне, — патлумачыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрыкаўскага райвыканкама Ларыса Асмалоўская. — Да рамонту некаторыя школы прыступілі яшчэ напрыканцы мая, астатнія падключыліся ў чэрвені-ліпені.

Акрамя асноўных работ па касметычным рамонце, шмат сіл было ўкладзена ў азеляненне і добраўпарадкаванне прылеглых да школ тэрыторый. Удзялялася пэўная ўвага замене электрасетак, сантэхнікі. Работы хапала ў кожнай установе, але працаваць усюды пачалі загадзя і зладжана. За аператыўнасцю хаваецца своечасовае фінансаванне і пастаянная курацыя ходу выканання рамонтных работ спецыялістамі аддзела адукацыі. Яны праводзілі маніторынгі выканання работ, кантроль за іх якасцю. Усё гэта дало магчымасць аператыўна ліквідаваць праблемы і выканаць усё ў тэрмін, — расказвае Ларыса Уладзіміраўна.
Наладжаная такім чынам сістэма пацвярджае сваю эфектыўнасць на справе, бо навучальныя ўстановы раёна ўжо зараз выглядаюць абноўленымі і хоць заўтра гатовы прыняць навучэнцаў. Менавіта такім убачылі мы Лабанаўскі дзіцячы сад — сярэднюю школу. Ва ўстанове не толькі ўжо завершаны рамонт, яшчэ чацвёртага жніўня вучэбны комплекс атрымаў пашпарт гатоўнасці да новага навучальнага года. Што, у прынцыпе, нядзіўна. Нягледзячы на статус сельскай школы, Лабанаўскі ВПК цалкам адпавядае сучасным адукацыйным стандартам. У рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі ў вучэбным комплексе быў праведзены капітальны рамонт і закуплена ўсё неабходнае для якаснай, паўнацэннай адукацыі. З таго часу прайшло амаль сем гадоў, а школа і група дзіцячага садка па-ранейшаму выглядаюць як новыя. А ўсё таму, што адносяцца да школьнай маёмасці і вучні, і дашкаляты адказана і беражліва.
— Станоўчую ацэнку гатоўнасці да навучальнага года наш ВПК атрымаў адным з першых у раёне. Але ж і працаваць для такога выніку давялося не пакладаючы рук. Сіламі педагогаў і вучняў у комплексе быў праведзены бягучы касметычны рамонт: пафарбавана падлога, паклеены шпалеры, абноўлены харчаблок, сталовая, спартзала. Выканаць усе работы ў даволі кароткі час атрымалася дзякуючы фінансавай падтрымцы з бюджэту і дапамогі шэфскай арганізацыі — Чэрыкаўскага лясгаса. Акрамя набыцця стройматэрыялаў, на падтрымліваючыя сродкі намі была закуплена і праведзена замена мэблі ў яслях-садзе, чаму будуць вельмі ўражаны нашы дашкаляты. Спадзяёмся, прыемна абрадуюцца абноўленым класам і школьнікі, тым больш што мы ўжо з нецярпеннем чакаем сваіх навучэнцаў, — расказала выкончаючая абавязкі дырэктара Лабанаўскага ВПК Алена Міхайлаўна Нікіціна.
Што ж, Лабанаўскі ВПК да 1 верасня гатовы. Але і астатнія навучальныя ўстановы Чэрыкаўшчыны не менш аператыўна працуюць над падрыхтоўкай да пачатку школьных будняў. Так, сярэдняя школа № 2 горада ў гэтай справе таксама амаль на фінішнай прамой. На момант наведвання ўстановы там завяршалі, як гаворыцца, апошнія рамонтныя штрыхі. Школа сустрэла зіхатлівым бляскам свежапафарбаваных падлог у кабінетах і калідорах, новымі шпалерамі на стенах, якія красамоўна казалі, што над касметычным рамонтам тут папрацавалі добра.
— У нашай установе падрыхтоўка да новага навучальнага года праходзіць без затрымак. За кожным вучэбным кабінетам замацаваны работнікі, якія адказвалі за правядзенне рамонту. Такая мера паспрыяла правядзенню работ згодна з графікам, а таксама дазволіла за кароткі тэрмін правесці сур’ёзную работу. Сёлета мы адрамантавалі дах будынка школы, абнавілі фасад, добраўпарадкавалі прылеглую да школы тэрыторыю, — адзначыла намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Марыя Міхайлаўна Ежылева. — Выкананню такога значнага спектра работ шмат у чым паспрыяла фінансаванне на рамонт школы з бюджэту і папячыцельскага бацькоўскага савета. Пасільную дапамогу аказаў і наш спонсар “Электрабудопт”, які для школы набудзе разнастайны спартыўны інвентар.
Па словах Марыі Ежылевай, работы былі праведзены не толькі звонку, але і ў самой школе. І сапраўды, для сустрэчы ў верасні школьнікаў зроблена нямала. У прыватнасці, тут правялі падключэнне гарачай вады да ўмывальнікаў перад уваходам у сталовую, замянілі падлогу і абнавілі раздзявалкі ў спартзале, адрамантавалі актавую залу, перафарбавалі ўсе кабінеты і калідоры, закупілі лінолеумнае пакрыццё і мэблю ў кабінеты фізікі і хіміі, новую мэблю набылі і для спальных пакояў першакласнікаў.
— У тым, што зроблена, вялікая заслуга нашых педагогаў і вучняў. Напрыклад, не магу не адзначыць работу настаўніцы беларускай мовы Святланы Уладзіміраўны Петрачэнка, настаўніка матэматыкі Мікалая Васільевіча Лапасіна, настаўніцы геаграфіі Святланы Уладзіміраўны Фядосавай, настаўніц рускай мовы Святланы Мікалаеўны Алёхінай, Ірыны Уладзіміраўны Кальчэўскай, Надзеі Віктараўны Пажыдаевай, а таксама настаўнікаў-дэфектолагаў Марыны Аляксандраўны Лукьянавай, Алены Фёдараўны Кірыенка, Аксаны Уладзіміраўны Фацеевай, якія душу ўклалі ў падрыхтоўку сваіх кабінетаў. Пастараліся і астатнія педагогі. Свой уклад у рамонт уносяць і школьнікі, якія задзейнічаны ў школе на летняй другаснай занятасці. Працуюць у нас дзве брыгады навучэнцаў: адна выконвае рамонтные работы, другая шчыруе ў школьнай швейнай майстэрні. Абедзве брыгады не толькі ўносяць свой значны ўклад у падрыхтоўку роднай школы да новага навучальнага года, але і маюць магчымасць зарабіць нядрэнныя грошы, — гаворыць Марыя Міхайлаўна. — Што тычыцца завяршэння рамонтных работ, то агульнымі намаганнямі поўнасцю скончыць падрыхтоўку плануем праз некалькі дзён.

Сярэдняя школа № 2 горада толькі-толькі заканчвае з рамонтам, а вось калектыў дзіцячага сада № 3 Чэрыкава справіўся з вызначаным фронтам работ у сваёй установе значна хутчэй і ўжо другі тыдзень прымае маленькіх наведвальнікаў. І гэта нягледзячы на тое, што спектр праведзеных работ быў не меншы, чым у школах.
— У дзіцячым садку № 3, прытрымліваючыся правіл новых санітарных норм, правялі падключэнне ўсіх рукамыйніц у прыбіральнях да гарачай праточнай вады, часткова замянілі сантэхніку, адрамантавалі харчаблок і сталовую, перафарбавалі столь, сцены, падлогу, на вулічнай гульнявой пляцоўцы пабудавалі новы ценявы навес, закупілі і новае гульнявое абсталяванне, прычым як на дваровую пляцоўку, так і ў групы, — падрабязна расказала начальнік Чэрыкаўскага аддзела адукацыі Ларыса Асмалоўская, дадаўшы, што праведзенай работай засталіся задаволены і дзеці, і бацькі. Дарэчы, па словах Ларысы Уладзіміраўны, дзякуючы Дзяржаўнай праграме развіцця дашкольнай адукацыі, усе дашкольныя ўстановы раёна значна павысілі якасць адукацыйных паслуг.
Як можна было пераканацца на прыкладзе Чэрыкаўшчыны, падрыхтоўчыя і рамонтныя работы ў навучальных установах вобласці падыхо-дзяць да свайго лагічнага завяршэння. Дырэктары рыхтуюцца да ацэнкі гатоўнасці школ да новага навучальнага года спецыяльнымі міжведамаснымі камісіямі. Але, калі зыходзіць з убачанага, хвалявацца няма чаго. Безумоўна, шэраг праблем ёсць, аднак з адпаведным падыходам да працы час на іх выпраўленне таксама ёсць. Можна не сумнявацца, што ўсе адукацыйныя ўстановы рэгіёна вельмі хутка зноў напоўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.