Урокі мінулага — для сучаснасці

- 11:39Навіны рэгіёнаў

Урокі камсамольскага мінулага і яго вопыт для сучаснага маладзёжнага руху абмеркавалі на Магілёўшчыне. Дыялог прайшоў у фармаце канферэнцыі, а яго ўдзельнікамі, акрамя моладзі, сталі прадстаўнікі органаў кіравання, грамадскіх арганізацый, ветэраны.

Для грамадзянска-патрыятычнага выхавання вопыт камсамольскага руху неацэнны. Камсамол дапамог маладым людзям стаць патрыётамі, прыносіць карысць сабе, сям’і, Радзіме. За сваю шматгадовую дзейнасць гэтая арганізацыя ўпісала мноства яркіх старонак у гісторыю савецкай дзяржавы — гісторыю юнакоў і дзяўчат, чые справы і ўчынкі нават сёння з’яўляюцца прыкладам.

Як было адзначана на канферэнцыі, эстафету ўсесаюзнай піянерыі і камсамола перанялі сучасныя маладзёжныя аб’яднанні. Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працягваюць слаўны летапіс сваіх папярэднікаў. Прымнажаючы лепшыя традыцыі, згаданыя арганізацыі ўносяць вялікі ўклад у важную справу выхавання моладзі ў духу патрыятызму, паважлівага стаўлення да гістарычнай спадчыны, актыўнай жыццёвай пазіцыі, любові да Айчыны. БРПА і БРСМ ажыццяўляюць сваю дзейнасць у грамадзянска-патрыятычным, ідэйна-маральным выхаванні, сацыяльнай абароне дзяцей і падлеткаў, валанцёрскім руху, развіцці спорту і турызму, абароне навакольнага асяроддзя, развіцці талентаў, міжнародным супрацоўніцтве.

— Піянерыя Беларусі — сучасны фармат арганізаванага дзяцінства. Піянерскі рух з’яўляецца адной з крыніц, здольных змяніць жыццё дзіцяці ў сучасным соцыуме, узбагаціць яго духоўны свет. Дзеці атрымліваюць першыя ўрокі грамадзянскасці і патрыятызму, вучацца любіць і прымнажаць дабрабыт сваёй Радзімы, — адзначыла старшыня абласнога савета “БРПА” Алена Малдаванава.

— Уклад камсамола ў дабрабыт савецкай дзяржавы цяжка пераацаніць. Моладзь істотна дапамагала ў развіцці краіны. Станоўчы вопыт удалося захаваць, і гэта правільна. Мы працягваем тыя слаўныя справы ў адпаведнасці з рэаліямі нашага часу. Дапамагаем моладзі ў яе станаўленні, фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі, накіроўваем энергію маладых людзей у патрэбнае рэчышча — на карысць роднага краю, — падкрэсліў першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Павел Алекса.

Удзельнікі канферэнцыі маглі не толькі азнаёміцца з дзейнасцю БРПА і БРСМ. Маладыя людзі наведалі музей К.Сіманава і ваенную экспазіцыю ў Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага. Завяршылася мерапрыемства ўрачыста: учарашнім акцябратам завязалі піянерскія гальштукі. А піянеры, якія дасягнулі неабходнага ўзросту, былі прыняты ў шэрагі Рэспубліканскага саюза моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена абласным саветам “БРПА”.