Усе канікулы як вясёлка

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Калі канікулы для дзяцей пачынаюцца першага чэрвеня, то для калектыву Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі значна раней. А дакладней, падрыхтоўка да лета тут пачынаецца зімой.

Тры летнія месяцы — гэта час вельмі актыўнай працы, якая мае свае адметнасці: ствараюцца часовыя аб’яднанні па інтарэсах, для якіх трэба скласці адпаведныя праграмы заняткаў, каб кожны дзень быў напоўнены цікавымі справамі, улічваючы розны ўзрост удзельнікаў (ад 6 да 18 гадоў), прыдумаць новыя мерапрыемствы, арганізаваць тэматычныя пляцоўкі, каб яны былі актыўнымі, пазнавальнымі, карыснымі і нясумнымі. Летам тут працуе каля 100 аб’яднанняў па інтарэсах рознага кірунку (для параўнання: на працягу навучальнага года — каля 220).

У спецыяльным сшытку намеснік дырэктара палаца Ала Жылевіч кожны дзень адзначае заяўкі школ на ўдзел у мерапрыемствах і акцыях.

— Мы працуем як са школьнымі лагерамі, так і з дзецьмі, якія застаюцца ў горадзе і прыходзяць да нас па сваёй праграме, — расказвае Ала Аляксандраўна. — У маі правялі дзень адкрытых дзвярэй і паказалі ўсім жадаючым, якім будзе лета-2018 у нашым цэнтры. Планы таксама даслалі ва ўсе школы. Прааналізаваўшы работу падчас мінулагодніх летніх канікул, вызначылі цікавасць дзяцей і іх прыярытэты. Так, у 2017 годзе дзецям вельмі спадабаліся квест-гульні. У гэтым годзе яны таксама будуць праводзіцца. Пройдзе, напрыклад, квест-гульня “Мурашнік”. Лідарская лабараторыя “Навігатар” таксама добра зарэкамендавала сябе ў мінулым годзе. Тут па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” развіваюцца лідарскія якасці, актыўнасць дзяцей.

Дзеці з’яўляюцца не толькі спажыўцамі адпачынку, але і яго арганізатарамі. Як і ў мінулым годзе, будуць праходзіць канцэрты на прыступках палаца “Добры дзень, сонечнае лета!”. Гэтыя выступленні арганізуюць удзельнікі шматлікіх творчых калектываў, а далучаюцца да іх і дарослыя. Ідзе чалавек пасля работы — і застанецца на некалькі хвілін адпачыць, паслухаць песні. А калі хто жадае патанцаваць — калі ласка, на пляцоўку ў найбліжэйшы парк. Па пятніцах тут арганізуецца гульнявая анімацыйная праграма. Батл “Танцавальны рытм” дае магчымасць навучыцца сучасным вулічным танцам.

У салоне “Музычная хваля” дзеці могуць павучыцца іграць на розных інструментах. Для творчых асоб працуе цэнтр “Сакрэты закулісся”, дзе яны становяцца ўдзельнікамі мюзікла. І гэта навінка лета-2018. Мастацтву вакалу можна павучыцца ў студыі “Эстрадны трэк”.

Для юных аматараў спорту арганізуюць пляцоўкі Sport complex з навучаннем каратэ і тэнісу, для аматараў інтэлектуальных гульняў — “IQ-клуб Thinker”, “IT-land і я” — для тых, хто хоча вывучаць інфармацыйныя тэхналогіі.

Не перапыняецца летам і работа сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы: дзейнічае пляцоўка псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі “УКантакце.by”, дзе індывідуальную кансультацыю можа атрымаць кожны жадаючы.

У гэтым годзе на базе цэнтра працуе аздараўленчы лагер краязнаўчай накіраванасці “Мой край гісторыяй багаты”, які наведваюць дзеці ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў.

А пачалося лета са свята ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Удзел у ім прынялі ўсе навучальныя ўстановы горада. Разам з Лідскім раённым цэнтрам творчасці дзеці расквецілі яго крэатывам, актыўнасцю, цікавымі мерапрыемствамі. І так будзе кожны летні дзень.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.