У пачатковай школе, калі вучэбна-пазнавальная дзейнасць становіцца вядучай, важна пашыраць уяўленні дзяцей аб розных прафесіях. Пэўныя элементы прафесійнай дзейнасці ім яшчэ цяжка зразумець, але ў кожнай прафесіі ёсць галіна, якую можна паказаць на аснове наглядных вобразаў, канкрэтных сітуацый з жыцця, гісторый, уражанняў. Менавіта таму вельмі важна стварыць максімальна разнастайную палітру ўражанняў аб свеце прафесій.
У пачатковай школе пачынаецца фарміраванне прафесійных інтарэсаў дзяцей. Таму трэба знаёміць іх з рознымі відамі працоўнай дзейнасці, выхоўваць павагу да людзей працы і адмоўнае стаўленне да тых, хто не любіць працаваць. Неабходна таксама фарміраваць у школьнікаў элементарныя ўяўленні пра культуру працы, вучыць дзейнічаць у калектыве, выпрацоўваць звычку трымаць у парадку сваё працоўнае месца, уменне карыстацца матэрыяламі і прыладамі. Усё гэта павінна вызначыць спецыфіку прафарыентацыйных экскурсій для малодшых школьнікаў.
На экскурсіях дзеці непасрэдна знаёмяцца з сучаснай вытворчасцю, тэхнікай, механізмамі, прыладамі, работай людзей розных спецыяльнасцей, прыкладам добрасумленных адносін да працы.
Такія экскурсіі спрыяюць умацаванню сувязі школы з вытворчасцю, фарміраванню прафесійных інтарэсаў і схільнасцей. Вучні маюць магчымасць паназіраць за працай вялікага вытворчага калектыва, які дзейнічае ў пэўным арганізаваным рытме. У працэсе экскурсіі дзеці знаёмяцца з перадавікамі вытворчасці, рацыяналізатарамі, што мае вялікае выхаваўчае значэнне.
У пачатковых класах можна парэкамендаваць экскурсіі на будоўлю, у парк сельскагаспадарчых машын, на калгаснае поле, у швейную майстэрню, тыпаграфію, на пошту, на цэглавы завод, у дрэваапрацоўчую і слясарную майстэрні, на завод, на фабрыку.
У нашай школе сістэматычна праводзяцца экскурсіі ў мясцовыя арганізацыі: на пошту, у сельскую бібліятэку, на ФАП, у магазін. Дзеці на свае вочы пераконваюцца ў неабходнасці і важнасці любой з гэтых прафесій.
Экскурсія прынясе карысць толькі ў тым выпадку, калі яна дасканала прадумана і ахоплівае канкрэтнае кола пытанняў. Правядзенне экскурсій патрабуе вялікай падрыхтоўкі, якая ўключае ў сабе вызначэнне тэмы, мэты і зместу экскурсіі, вывучэнне месца, маршруту і аб’екта для назірання. Увага дзяцей малодшага школьнага ўзросту няўстойлівая, таму важнай задачай экскурсавода з’яўляецца пастаноўка такіх пытанняў, якія выклікаюць цікавасць да аб’екту. Каментарыі павінны быць ёмістымі, але кароткімі, а агульная працягласць экскурсіі не павінна перавышаць 45 хвілін.
Назіранні за работай дарослых павінны пераканаць дзяцей у тым, што ўсе багацці, усё, што неабходна для жыцця чалавека, створана працай людзей. Таму кожны працаўнік карыстаецца вялікай павагай і пашанай, лепшым працаўнікам прысвойваецца званне перадавікоў. За вялікія дасягненні яны ўзнагароджваюцца граматамі, медалямі.
Падчас экскурсіі настаўнік і работнікі прадпрыемства напамінаюць дзецям, што для авалодання любой прафесіяй неабходна шмат вучыцца.
Ад экскурсіі ў дзяцей застаюцца яркія ўражанні. Рэкамендуецца ў заключэнне правесці выніковую гутарку, падчас якой экскурсавод дапамагае зрабіць правільныя высновы пра тое, што дзеці ўбачылі і пачулі. Цікавыя факты і назіранні малыя могуць аформіць у выглядзе фотаальбома, стэнда або творчай работы.
Поспех прафарыентацыйных экскурсій для малодшых школьнікаў шмат у чым залежыць ад творчага падыходу настаўніка, ад яго ўмення даступна і змястоўна даць дзецям неабходную інфармацыю.
Алена САНЮК,
настаўніца пачатковых класаў, Каўпеніцкая базавая школа, Брэсцкая вобласць.