Узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў як вынік паспяховай падрыхтоўкі спецыялістаў

- 13:56Навіны рэгіёнаў

Наколькі добра падрыхтаваныя спецыялісты прыходзяць сёння ва ўстановы адукацыі? Ці гатовы яны адразу ўключыцца ў педагагічную дзейнасць? На чым будуецца прафесійная падрыхтоўка настаўнікаў на сучасным этапе і чаму важна шукаць новыя падыходы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу? Гэтыя і іншыя пытанні ляглі ў аснову правядзення круглага стала ў Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага.

Значальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргеем Парошыным і начальнікам аддзела кадравай і планава-эканамічнай работы Вольгі Валасенка абмеркаваць актуальную тэму сабраліся кіраўніцтва і выкладчыкі гомельскага педкаледжа, кадравікі аддзелаў адукацыі ўсіх раёнаў вобласці і абласнога цэнтра, прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Адміністрацыя каледжа ўпэўнена, што паспяховая падрыхтоўка будучых педагогаў у многім залежыць ад узаемадзеяння навучальнай установы з заказчыкамі кадраў. І тут нельга абмяжоўвацца зносінамі накшталт “вось мы падрыхтавалі вам спецыялістаў — забірайце, калі ласка”.

— Калі мы не пачуем меркаванні заказчыкаў, то не зможам выпраўляць тыя хібы, якія існуюць у падрыхтоўцы кадраў для галіны адукацыі, — тлумачыць намеснік ды-рэктара Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Людміла Капаткова. — У нашай установе захавалася традыцыйная падрыхтоўка педагогаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якая пастаянна дапаўняецца новымі падыходамі, запатрабаванымі часам. Аднак на практыцы, калі выпускнік трапляе на працу, могуць выяўляцца розныя праблемы.

Каб валодаць сітуацыяй і выпраўляць пры неабходнасці нейкія хібы, адміністрацыя каледжа падтрымлівае прамы кантакт з раённымі аддзеламі адукацыі. Акрамя таго, ужо тры гады запар праводзіцца анкетаванне заказчыкаў кадраў, якое дазваляе складаць больш ясную карціну адносна ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі выпускнікоў каледжа, іх удзелу ў дзейнасці ўстановы адукацыі, дзе яны працуюць, і гатоўнасці аказваць запатрабаваныя платныя адукацыйныя паслугі.

— Атрыманыя праз анкетаванне даныя мы аналізуем на пасяджэнні педагагічнага савета, распрацоўваем план карэкцыйных мерапрыемстваў на цыклавых камісіях, — расказвае дырэктар Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Мікалай Валодзін. — Такая праца дае свае вынікі: за тры гады мы назіраем станоўчую дынаміку, у пытаннях, якія нас хвалявалі, сітуацыя выпраўляецца.

Сёння каледж вядзе падрыхтоўку па трох спецыяльнасцях: “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” і “Музычная адукацыя”. Ва ўстанове займаюцца 688 навучэнцаў, асноўная частка з якіх — на дзённай форме навучання. У каледжы працуе моцны калектыў выкладчыкаў, палова з іх мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Неабходна адзначыць, што ў гомельскі педкаледж прыходзяць не слабыя абітурыенты. Сёлета па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” прахадны бал па агульным конкурсе склаў 8,7, па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” — 7,8. Як згадаў на пасяджэнні круглага стала начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, калі дзеці маюць у атэстаце добрыя адзнакі, гэта гаворыць пра тое, што ў школе яны адказна ставіліся да вучобы. І гэтая адказнасць не можа проста так знікнуць у сценах каледжа ці ўніверсітэта. Магчыма, на нейкім этапе ім трэба дапамагчы, падказаць, накіраваць, і тады будзе вынік. Сяргей Іванавіч таксама акцэнтаваў увагу, што неабходна змагацца за тое, каб педагогі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй імкнуліся вучыцца далей, каб выпускнікі каледжа былі настроены адразу ісці ва ўніверсітэты.

— Некаторыя разважаюць так: я скончыў каледж, і гэтага дастаткова, каб працаваць па спецыяльнасці, — выказаў думку С.І.Парошын. — Такое мысленне было пабудавана ў мінулым стагоддзі, а сённяшнія рэаліі паказваюць, што педагогу, як і любому іншаму спецыялісту, неабходна пастаяннае развіццё. Адсутнасць жа вышэйшай адукацыі абмяжоўвае і ў прасоўванні па службовай лесвіцы, і ў заробку.

Кіраўнік адзначыў, што як гэтае, так і многія іншыя пытанні ляжаць у аснове працы спецыялістаў па кадрах, паколькі на месцах для іх сітуацыя больш відавочная.

— У вас павінна быць моцная аналітыка, што дазволіць вам падказваць начальнікам аддзелаў пэўныя рашэнні адносна таго ці іншага спецыяліста, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі. — Тое ж тычыцца і маладых спецыялістаў, якіх вы прымаеце на працу і ў якіх першыя бачыце нейкія недахопы. Падказвайце нашым каледжам і ўніверсітэтам, на што неабходна звяртаць увагу, дзе ёсць патрэба нешта выправіць і г.д.

Круглы стол, арганізаваны Гомельскім педагагічным каледжам, якраз дазволіў абмеркаваць найбольш вострыя пытанні ў рабоце з маладымі педагогамі. Самыя простыя з іх здзівілі. Кадравыя работнікі заўважылі, што некаторыя выпускнікі каледжа не ведаюць поўную назву навучальнай установы, дыплом якой атрымалі. Хаця такое здараецца рэдка. Яшчэ адна заўвага — запаўненне дакументаў пры афармленні на першае працоўнае месца: некаторыя робяць гэта неакуратна, нібы ў чарнавіку.

Ёсць і больш сур’ёзныя заўвагі кадравікоў, якія тычацца ўжо непасрэдна падрыхтоўкі педагогаў. Кадравыя службы адзначылі, што маладыя спецыялісты не ў поўнай меры ведаюць нарматыўныя дакументы, якімі павінны непасрэдна кіравацца ў рабоце, — Кодэксам аб адукацыі і Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Магчыма, ва ўстанове патрэбна вывучаць хаця б тыя артыкулы, якія абавязкова спатрэбяцца ў практычнай дзейнасці. Варта сказаць, што гэтая праблема ёсць у выпускнікоў не толькі педкаледжаў, але і ўніверсітэтаў.

Асобная праблема — работа з сем’ямі. Часта настаўнікі і выхавальнікі, якія толькі прыступілі да працы, не гатовы да ўзаемадзеяння з бацькамі. Бацькоўская аўдыторыя розная, і не заўсёды можна з лёгкасцю пабудаваць з ёй дыялог. Але педагогу не пазбегнуць гэтага, а значыць, неабходна вучыцца строіць адносіны. Якім бы дзіўным гэта не падалося, такую праблему адчуваюць і псіхолагі, і сацыяльныя педагогі, якія прыходзяць ва ўстановы адукацыі пасля ўніверсітэта. Як адзначылі кадравыя службы, нярэдка дыпламаваным спецыялістам трэба нямала часу, каб наладзіць адносіны не толькі з бацькамі, але і з навучэнцамі і наогул зразумець, што патрабуецца ад спецыялістаў.

Агучвалася на пасяджэнні круглага стала і пытанне знешняга выгляду маладых работнікаў, а дакладней педагогаў-дашкольнікаў. Праўда, гэты момант вырашаецца адразу, дастаткова зрабіць заўвагу і растлумачыць, чаму выхавальнік павінен выглядаць так, а не інакш.

Зразумела, размова ішла не толькі пра праблемы, адзначалася і шмат станоўчага. Напрыклад, аддзел адукацыі Мазырскага райвыканкама цалкам задаволены маладымі спецыялістамі. Калі і ўзнікаюць нейкія складанасці, то звычайна з-за адсутнасці вопыту педагагічнай працы. Гэта лёгка вырашаецца на месцах пры падтрымцы старшых калег. Шанцуе з моладдзю і аддзелу адукацыі Навабеліцкага раёна Гомеля, спецыяліст аддзела кадраў якога адзначыў, што ва ўстановах раёна хваляць выпуск мінулага года і асабліва выпускнікоў менавіта Гомельскага педагагічнага каледжа.

Усе мы добра разумеем, што падрыхтоўка педагога, як і любога іншага спецыяліста, непарыўна звязана з самім чалавекам — яго жаданнем стаць прафесіяналам, яго адказнасцю, светаадчуваннем, нарэшце, выхаваннем, закладзеным у сям’і. Калі няма прагі да вучобы і прафесійнага развіцця, ніякія ўніверсітэты не дапамогуць. Тым не менш задача кіраўнікоў рознага ўзроўню — заўважаць, вучыць, тлумачыць, выпраўляць. Круглы стол, які прайшоў у Гомельскім педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага, — адна з форм работы, здольная ўзнімаць вострыя пытанні і шукаць шляхі іх вырашэння.

— Неабходна агучваць праблемы, адкрыта абмяркоўваць іх, — сказаў у заключэнне начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — Калі мы будзем замоўчваць, то нічога не вырашыцца.

Дырэктар педагагічнага каледжа Мікалай Валодзін падзякаваў усім за актыўны ўдзел у пасяджэнні круглага стала. Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што пастаянная зваротная сувязь з заказчыкамі кадраў дазваляе своечасова вызначаць тыя кірункі прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў, якія патрабуюць паляпшэння. “У нас шмат станоўчых вынікаў, аднак заўсёды ёсць што ўдасканальваць, тым больш у наш зменлівы ва ўсіх працэсах час”, — адзначыў кіраўнік навучальнай установы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.