Узнагарода ў надзейныя рукі

- 16:37Нам пішуць

11 студзеня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбылася цырымонія ўзнагароджання Абласной прэміяй імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко адораных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Дыплома лаўрэата прэміі ад Навагрудскага раёна ўдастоены Уладзіслаў Багданенка, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 1 Навагрудка, выхаванец Навагрудскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 1.

Уладзіслаў па выніках 2017 года неаднаразова быў узнагароджаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені ў спаборніцтвах па лыжных гонках і біятлоне абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Юнак уваходзіць у склад зборнай Гродзенскай вобласці па лыжных гонках, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прыняла дэлегацыя Навагрудскага раёна ў складзе лаўрэатаў мінулых гадоў, педагагічнай грамадскасці. Навагрудчына ганарыцца сваімі дзецьмі і дапамагае маладым людзям вызначыць сваё годнае месца ў свеце, максімальна рэалізаваць сябе, бо ў іх руках — будучыня роднага горада, рэгіёна, краіны. Усім хочацца, каб гэтыя рукі былі здаровымі, моцнымі і надзейнымі!

Таццяна ТРЫГУБЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Навагрудка.