Сцэна актавай залы ў галоўным корпусе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка за сваю доўгую гісторыю ведала шмат самых розных герояў: паважаных гасцей з розных сфер жыцця, прадстаўнікоў рэктарата, выкладчыкаў, студэнтаў з ліку ўдзельнікаў універсітэцкай мастацкай самадзейнасці… Але каб на гэтай сцэне сыгралі адзін з лепшых сваіх спектакляў культавыя артысты прафесійнага тэатра № 1 у краіне і сабраліся разам міністры адукацыі і культуры, рэктар педуніверсітэта, гендырэктар Купалаўскага тэатра — такое, мабыць, адбылося ўпершыню. 23 лютага тут урачыста пачаліся Дні Купалаўскага тэатра ў БДПУ. Праект адкрыўся паказам легендарнага спетакля “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава.
Дні Купалаўскага тэатра ў БДПУ ў Год культуры сталі лагічным працягам шматлікіх культурна-асветніцкіх акцый, якія праводзіць універсітэт разам з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы ў рамках падпісанага ў 2014 годзе дагавора аб супрацоўніцтве. Як падкрэсліў, адкрываючы дні, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, педуніверсітэт мэтанакіравана развівае праект супрацоўніцтва з Купалаўскім тэатрам — праект, які, безумоўна, садзейнічае эстэтычнаму развіццю студэнтаў і навучэнцаў педагагічных класаў, будучых педагогаў, павышае цікавасць моладзі да тэатральнага мастацтва. “Мне здаецца, што педагогі і артысты вельмі падобныя па сваёй сутнасці, — заўважыў Аляксандр Іванавіч. — У іх агульная вялікая місія — сеяць разумнае, добрае, вечнае. З аднаго боку, настаўнік-майстар заўсёды з’яўляецца ў пэўнай ступені артыстам, з другога — артыст — гэта, безумоўна, настаўнік, педагог. Дні Купалаўскага тэатра ў БДПУ — гэта праект высокай культуры і важная падзея ў жыцці нашага ўніверсітэта”.
Пасля гэтых слоў рэктар урачыста запрасіў на сцэну міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Анатольевіча Жураўкова, міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Уладзіміравіча Святлова і генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Іванавіча Палякова, якія таксама звярнуліся з цёплымі словамі да перапоўненай залы слухачоў.
Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў назваў вельмі сімвалічным той факт, што галоўны тэатр краіны прыйшоў у галоўны педагагічны ўніверсітэт. “Выхаванне і навучанне заўсёды ідуць побач, неразрыўна адно ад аднаго, — сказаў міністр адукацыі. — Адукаваны інтэлігентны чалавек заўсёды разам з тым і выхаваны, начытаны, культурны. І таму вельмі здорава, што Купалаўскі тэатр, наш галоўны тэатр, як яго яшчэ называюць, сямейны тэатр, прыйшоў у педуніверсітэт для таго, каб будучым настаўнікам, педагогам, адказным за заўтрашні дзень нашай краіны, паказаць свае бліскучыя пастаноўкі. Тое, што выдатныя артысты будуць выступаць не ў родных сценах тэатра, а ў педагагічным універсітэце, сведчыць яшчэ і аб тым, што яны клапоцяцца пра нашых будучых настаўнікаў, любяць іх. Я вам шчыра зайздрошчу, што наперадзе ў вас — чатыры цудоўныя дні разам з Купалаўскім, чатыры сустрэчы з цудоўным”.У сваю чаргу міністр культуры Барыс Уладзіміравіч Святлоў нагадаў прысутным, што літаральна днямі на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры ён пакрытыкаваў айчынныя тэатральна-відовішчныя ўстановы за тое, што яны страчваюць свайго гледача, найперш — маладога гледача. І не паспела гэтая крытыка растварыцца ў паветры, як першым жа адгукнуўся на яе генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Іванавіч Палякоў, які не проста запрасіў студэнтаў у тэатр, а прывёў лепшых артыстаў-купалаўцаў у педагагічны ўніверсітэт. “А з іншага боку, гэты праект не адбыўся б, калі б не Аляксандр Іванавіч, нераўнадушны да культурнага выхавання чалавек, — падкрэсліў Барыс Уладзіміравіч. — Гэта проста цудоўна, што педагогі і людзі з сістэмы культуры іду ць побач. І хацелася б, каб Год культуры не скончыўся 31 снежня, а перайшоў у наступны год, працягваўся і працягваўся”.
Павел Іванавіч Палякоў з радасцю прадставіў зорных артыстаў Купалаўскага перад іх выхадам на сцэну: народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Сцяпанавіча Аўсяннікава, народнага артыста Беларусі Генадзя Міхайлавіча Гарбука, заслужаную артыстку Беларусі Тамару Васільеўну Міронаву. Гендырэктар падкрэсліў, што ў спектакль “Вечар”, пастаўлены Валерыем Мікалаевічам Раеўскім у 2006 годзе па п’есе Аляксея Ануфрыевіча Дударава, купалаўцы ўклалі ўсё сваё сэрца і душу. І студэнты гэта абавязкова адчуюць.
І потым выйшлі на сцэну яны — Ганна (Тамара Міронава), Васіль Мульцік (Генадзь Аўсяннікаў) і Мікіта Гастрыт (Генадзь Гарбук). І пачалі спавядацца перад Богам, перад сонцам, перад самімі сабой, перад сённяшнімі студэнтамі. З першых жа хвілін спектакля яны прымусілі студэнцкую публіку затоена сачыць за кожным сваім словам, рухам, памкненнем. Толькі раз-пораз зала ўзрывалася рогатам ад смачнага дудараўскага гумару. Гэта быў “Вечар” — іх, герояў п’есы, жыццёвы вечар і іх, студэнтаў БДПУ, раніца. Раніца, калі пачынаеш задумвацца, як, навошта і ў імя чаго жыць… Пасля заканчэння спектакля жывых легенд Купалаўскага яшчэ доўга не адпускалі са сцэны, ушаноўваючы працяглымі авацыямі.
Учора ў рамках Дзён Купалаўскага тэатра ў БДПУ студэнты педуніверсітэта і навучэнцы педагагічных класаў мелі магчымасць паглядзець меладраму ў адным дзеянні “Старамодная камедыя” рэжысёра Валерыя Раеўскага, сёння адбудзецца паказ спектакля “Гендэльбах” рэжысёра Генадзя Мушперта. А завяршыцца вялікае тэатральна-ўніверсітэцкае свята заўтра дэманстрацыяй спетакля “Шабаны”, пастаўленага Мікалаем Пінігіным па рамане Альгерда Бахарэвіча, дарэчы, колішняга выпускніка Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.