Вакансіі закрыты, ахова забяспечана

- 10:39Навіны рэгіёнаў

Сёлета ў Гомельскай вобласці пачалі дзейнічаць 1177 устаноў адукацыі,  у тым ліку 522 школы. Першага верасня за парты селі 155 тысяч школьнікаў, з іх больш як 17 тысяч — першакласнікі. Напярэдадні было праведзена пасяджэнне аблвыканкама, на якім абмяркоўвалася падрыхтоўка школ Гомельшчыны да новага навучальнага года.

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, больш як 840 маладых педагогаў пачалі працоўную дзейнасць ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці.

— Укамплектаванасць педагагічнымі кадрамі — важная задача пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Да 1 верасня закрыты вакансіі ва ўсіх установах адукацыі вобласці. На работу прыбылі 842 маладыя спецыялісты, і ў кожнай установе створаны дастойныя ўмовы для іх працы. Дарэчы, 158 маладых педагогаў вучыліся па мэтавай падрыхтоўцы.

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да навучальнага года сёлета было асвоена больш за Br16 млн. Каля Br14 млн выдаткавана на рамонт і мадэрнізацыю з бюджэту, яшчэ звыш Br2,3 млн прыцягнулі з дадатковых крыніц на набыццё будаўнічых матэрыялаў для выканання работ гаспадарчым спосабам.

Ва ўсіх установах адукацыі правялі вялікую работу для стварэння бяспечных умоў навучання дзяцей. Усе школы атрымалі пашпарты гатоўнасці да 25 жніўня. Руслан Смірноў адзначыў, што гэты год стаў самым ураджайным у плане адкрыцця новых аб’ектаў за апошнія гады.

Так, праведзена рэканструкцыя спальнага корпуса аздараўленчага лагера “Чонкаўскі бор”, што ў Гомельскім раёне, пад дзіцячы сад на 65 месцаў “Вясёлка-град”. Уведзена сярэдняя школа ў 21-м мікрараёне Гомеля, адноўлены заняткі ў Літвінавіцкай сярэдняй школе Кармянскага раёна. Акрамя таго, у будынку былога Гомельскага дзіцячага дома адкрылі яслі-сад. Пасля капітальнага рамонту пачалі працаваць яслі-сад № 5 у Петрыкаве. Распрацоўваецца праектная дакументацыя на будаўніцтва школы ў мікрараёне Хутар абласнога цэнтра.

На кантролі знаходзяцца чатыры школы, дзе неабходны капітальны рамонт. Гаворка пра сярэднюю школу № 2 Добруша, сярэднюю школу № 4 Рэчыцы, Перасвятаўскую базавую школу Рэчыцкага раёна, Прыбарскі дзіцячы сад — сярэднюю школу ў Гомельскім раёне. Па арганізацыі адукацыйнага працэсу па кожнай названай школе ўжо прыняты пэўныя рашэнні. Па рамонтна-будаўнічых работах вызначаны планы, прапрацоўваюцца варыянты іх рэалізацыі. Яшчэ ў дзевяці ўстановах адукацыі працягваецца капітальны рамонт.

Да новага навучальнага года ў Гомельскай вобласці набылі 11 школьных аўтобусаў, якія будуць падвозіць дзяцей да месца вучобы.

— Для падвозу дзяцей у рэгіёне задзейнічаюць 240 аўтобусаў, — гаворыць Руслан Іванавіч. — У 2020 годзе за кошт сродкаў абласнога, а таксама рэспубліканскага бюджэту, якія накіроўваюцца на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, запланавана набыццё 15 аўтобусаў. У тым ліку двух — спецыяльнага прызначэння, з пад’ёмнікамі для дзяцей-інвалідаў. Ужо закупілі 12 аўтобусаў. Яны адправіліся ў Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лоеўскі, Акцябрскі, Рагачоўскі, Хойніцкі і Петрыкаўскі раёны. Па трох адзінках право­дзяць працэдуры закупкі.

Увесь аўтатранспарт устаноў адукацыі прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд. Будуць і абавязковыя перадрэйсавыя тэхагляды транспарту і медагляды вадзіцеляў. Таксама супрацоўнікі ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама правялі комплекснае абследаванне вулічна-дарожнай сеткі ля ўстаноў адукацыі.

Начальнік галоўнага ўпраў­лення адукацыі Руслан Смірноў адзначае:

— На правядзенне рамонту аб’ектаў харчавання было накіравана звыш Br480 тысяч. Закуплена 325 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на агульную суму больш за Br621 тысячу. Папоўнілі запас сталовага і кухоннага посуду, інвентару, вытворчых сталоў, дапаможнага абсталявання на Br160 тысяч. За кошт прыцягнутых крыніц замянілі мэблю ў абедзенных залах. Для арганізацыі харчавання ў школах вобласці ў бюджэце гэтага года прадугледжана Br57 млн.

Акрамя таго, галоўнае ўпраў­ленне адукацыі сумесна з аддзеламі адукацыі Веткаўскага, Гомельскага, Светлагорскага райвыканкамаў укараняюць новыя формы арганізацыі харчавання. Яны накіраваны на тое, каб паменшыць выдаткі і палепшыць якасць харчавання. Напрыклад, сёлета ў Веткаўскім раёне на харчаблоку Радужскай сярэдняй школы імя М.Р.Батракова будуць гатаваць ежу яшчэ для трох сельскіх устаноў адукацыі. Школьныя абеды плануюць дастаўляць спецыяльным транспартам у тэрмакантэйнерах. Для гэтага набылі чатыры адзінкі тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, восем перададзена з устаноў адукацыі раёна.

Сістэмы відэаназірання да пачатку навучальнага года ўсталявалі ў 13 школах Гомельскай вобласці. Гэтая работа вядзецца паэтапна ўжо не першы год. Сёлета для абсталявання сістэмамі відэаназірання з далучэннем да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі вы­дзелена амаль Br700 тысяч — на ўстаноўку ў 13 установах і распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі ў трох.

Акрамя таго, для бяспекі ва ўсіх 609 установах, якія размешчаны ў зонах рэагавання падраз­дзяленняў абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС, усталяваны трывожныя сігналізацыі, два аб’екты дадаткова ахоўваюць вартаўнікі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.