Валанцёрства — праца і адпачынак

- 17:04Спартыўныя падзеі

Напэўна, самая хвалюючая падзея будучага года — ІІ Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Мінску ў чэрвені. Прыезду спартсменаў і замежных гасцей чакае ўся краіна: рыхтуюцца спартыўныя аб’екты, абнаўляецца турыстычная інфраструктура.

Ды галоўнае ў рэцэпце гасціннай атмасферы — людзі, якія будуць сустракаць спартсменаў і балельшчыкаў, знаёміць іх з Беларуссю, дапамагаць у складаных сітуацыях. Узяць на сябе гэтую пачэсную місію і стаць валанцёрамі ІІ Еўрапейскіх гульняў змогуць 8 тысяч чалавек. Заяўкі падала ўжо амаль 21 тысяча ахвотных, і іх колькасць працягвае расці. Ёсць сярод іх і прадстаўнікі педагагічных прафесій. Пра сваю падрыхтоўку да гульняў і чаканні ад работы валанцёрамі яны расказалі “Настаўніцкай газеце”.

Іван Калкоўскі працуе ў бараўлянскай сярэдняй школе № 2 настаўнікам малодшых класаў і вывучае методыку выкладання ў магістратуры. З работай валанцёра пазнаёміўся яшчэ ў педагагічным каледжы — дапамагаў клапаціцца пра немаўлят, ад якіх адмовіліся мамы ў мясцовым раддоме.

— Калі пачуў, што патрэбны валанцёры для правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў, адразу захацеў паўдзельнічаць, — расказаў Іван. — Да гэтага мне не даводзілася працаваць на спартыўных мерапрыемствах, стала цікава, як гэта выглядае знутры. Тым больш спаборніцтвы такога ўзроўню і маштабу — мне падаецца, што атрымаю вельмі цікавы вопыт!

Пакуль што спадзяванні Івана апраўдваюцца. Настаўнік паспеў паўдзельнічаць у адкрыцці стадыёна “Дынама”, святкаванні Дня Незалежнасці, арганізацыі спаборніцтваў па баскетболе. Такая трэніроўка дапамагае валанцёрам паспрабаваць розныя напрамкі дзейнасці, падвучыцца і праявіць сябе, каб атрымаць адказную ролю падчас саміх гульняў.

— Падчас адкрыцця стадыёна мы працавалі на сектарах — дапамагалі гледачам знайсці сваё месца, а таксама ўдзельнічалі ў танцавальным нумары, — узгадвае Іван. — На спаборніцтвах па баскетболе задача была зусім іншая — я сачыў за парадкам на полі.

Як прызнаецца сам настаўнік, яму больш падабаецца працаваць з людзьмі. Таму ў сваёй анкеце ён папрасіў накіраваць яго на работу з гледачамі спаборніцтваў. Звычайна гэта навігацыя ці дапамога на гарадскіх інфармацыйных пунктах, якія з’явяцца ў Мінску падчас гульняў. Каб жаданне задаволілі, трэба не толькі прадэманстраваць адказнасць падчас работы, але і добра справіцца з тэарэтычнай падрыхтоўкай. Перш-наперш, валанцёраў праверылі на валоданне англійскай мовай: чым лепшы ўзровень, тым большая верагоднасць, што валанцёру давядзецца ўзаемадзейнічаць з замежнымі спартсменамі і гасцямі. Пасля пачаліся сапраўдныя заняткі.

— У кожнага валанцёра ёсць уласны кабінет на сайце, дзе з’яўляюцца матэрыялы для азнаямлення i праверачныя тэсты, — падрабязна расказвае Іван. — Мы знаёмiмся з гiсторыяй Еўрапейскіх гульняў і алімпійскага руху, славутымi мясцінамі Беларусі і Мінска.

Матэрыялы аформлены як яркія прэзентацыі з фотаздымкамі, таму яны лягчэй запамінаюцца і тэсты даюцца лёгка.

Як прызнаецца Іван, галоўнае чаканне ад работы на спаборніцтвах — сустрэчы з новымі людзьмі. Большасць валанцёраў, з якімі ён працуе, — студэнты, і спачатку ўспрымаюць яго як занадта дарослага, адчуваюць пэўную мяжу. Але падчас сумеснай работы пра розніцу ва ўзросце забываюць, перастаюць саромецца і ахвотна знаёмяцца з настаўнікам.

Яшчэ адно каштоўнае ўражанне — самі спаборніцтвы. Асабліва падабаецца Івану лёгкая атлетыка, якой ён і сам займаўся ў дзяцінстве, таму адкрыццё стадыёна “Дынама”, у якім прынялі ўдзел беларускія лёгкаатлеты, асабліва ўсхвалявала героя.

— Калі працуеш валанцёрам, як ніхто адчуваеш хваляванне стадыёна, бо з аднаго боку бачыш эмоцыі гледачоў, а з іншага — закуліссе стадыёна, дзе нервуюцца спартсмены і трэнеры. Я нават не ведаю, як патлумачыць гэтае пачуццё словамі. Захапляе!


Бясконца назіраць за спаборніцтвамі па лёгкай атлетыцы можа і калега Івана — настаўніца пачатковых класаў Зарына Аліва. Зарына скончыла магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і пяты год працуе ў той жа бараўлянскай сярэдняй школе № 2. Прызнаецца, што спрабавала праводзіць заняткі нават са студэнтамі, але любіць вучыць маленькіх дзетак, бо яны больш успрымальныя, падатлівыя.

Валанцёрам Зарына ніколі не была, але загарэлася ідэяй змены дзейнасці, новага акружэння.

— Захацела паглядзець, чым дыхае сучасная моладзь, — смяецца Зарына, — узгадаць студэнцкія гады, па якіх, бывае, сумуеш.

Зарына хацела б узаемадзейнічаць са СМІ і спартсменамі, але для гэтых пазіцый трэба добра ведаць англійскую мову, а настаўніца вывучала нямецкую. Таму яна выбрала ўдзел у цырымоніях: менавіта валанцёры ствараюць маштабныя танцавальныя нумары, за якімі звычайна сочаць і наведвальнікі, і тэлегледачы. Зарына, як і Іван, выступала з камандай валанцёраў на стадыёне “Дынама”, а таксама на плошчы Перамогі ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

— Вельмі адказная місія ў мяне была на чэмпіянаце па дзюдо: мы дапамагалі суддзям працаваць з камерамі, — узгадвае настаўніца. — Раней я нават правілы не ведала, таму прыйшлося добра падрыхтавацца, каб выконваць свае абавязкі. Затое я зблізку бачыла эмоцыі спартсменаў, калі яны збіралі ўсе свае сілы, каб вырваць у саперніка перамогу. Мяне вельмі ўразіла.

Таксама Зарына дапамагала арганізатарам адбіраць валанцёраў. Хутка пасля таго, як яна сама прайшла субяседаванне і стала часткай каманды, настаўніца аказалася па іншы бок — знаёмілася з ахвотнымі і правярала іх гатоўнасць да адказнай работы на ІІ Еўрапейскіх гульнях.

— Часта яны пераацэньвалі свае магчымасці ці наўмысна завышалі ўзровень валодання мовай, каб атрымаць больш цікавыя задачы, — расказала Зарына. — Але мы вельмі ўважліва правяралі, як чалавек паводзіць сябе, як рэагуе на пытанні, каб зразумець, ці зможа ён сабрацца і знайсці выйсце ў складанай сітуацыі. Валанцёр павінен быць адказным, спагадлівым, здольным да ўзаемападтрымкі ў камандзе.

Тыя, хто змог прайсці адбор, сталі часткай вялікай каманды, якая разам не толькі працуе, але і адпачывае. Настаўніца скардзіцца, што не заўсёды хапае часу, каб наведаць нефармальныя сустрэчы для валанцёраў. А ў іх, як аказалася, цэлае каманднае жыццё: яны разам узнагароджвалі лепшых у Міжнародны дзень валанцёра, каталіся на каньках падчас “Бала-маскараду на лёдзе”. Зараз для валанцёраў рыхтуецца масленічнае свята.

Заахвочвае да валанцёрства не толькі забаўляльная праграма, але і магчымасць развіваць асабістыя якасці. Зарына адзначыла, што работа на гульнях вучыць трымаць сябе, трэніруе манеру зносін і нават прымушае задумацца над вывучэннем яшчэ адной замежнай мовы.

— Калі падыходзяць гледачы і звяртаюцца па-англійску, я вельмі хачу дапамагчы, але не магу не толькі нешта растлумачыць, але нават зразумець пытанне, — шкадуе яна. — Моўны бар’ер вельмі абмяжоўвае.

Такі імпульс да самаўдасканалення — каштоўны бонус ад валанцёрскай працы.


Даведацца больш пра нефармальнае жыццё каманды мы вырашылі ў валанцёра-студэнта: як-ніяк у іх больш часу на адпачынак. Ды калі студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Віялета Аляшкевіч расказала пра свой графік, моцна засумняваліся, што ў яе ёсць вольная хвілінка. Дзяўчына вучыцца на 3 курсе, стварае дэкарацыі для факультэцкіх мерапрыемстваў, працуе нянькай і праводзіць творчыя заняткі для дзетак у сацыяльна-педагагічным і анкалагічным цэнтрах. У валанцёрстве на ІІ Еўрапейскіх гульнях Віялета ўбачыла цікавы выклік і падала заяўку на работу ў службе навігацыі.

— Складанасць у тым, што людзі не заўсёды гатовы слухаць, могуць пачаць спрачацца ці нават абражаць, і да гэтага трэба быць гатовым, — дзеліцца Віялета. — Правільна рэагаваць — захоўваць спакой, вырашаць канфлікты — нас вучаць на спецыяльных трэнінгах.

Разам з валанцёрамі Віялета нават наведала заняткі па акцёрскім майстэрстве, якія дапамагаюць трымаць сябе. Ды галоўны сакрэт самавалодання — часцей зараджацца пазітывам, таму Віялета стараецца наведваць мерапрыемствы для валанцёраў.

— Самае запамінальнае — гонка на драганботах, — узгадвае дзяўчына і пачынае аповед: — Для валанцёраў ёсць агульная старонка ва “УКантакце”, дзе запрашаюць на мерапрыемствы. Калі спыталі, хто ўмее плаваць, я зразумела, што будзе вада, і вельмі спужалася: зусім плаваць не ўмею! Вырашыла, што змагу знайсці сабе работу на беразе. Арганізатары якраз шукалі барабаншчыка. Думаю: барабан дакладна на ваду не перанясуць, трэба адгукнуцца. Які сюрпрыз чакаў мяне, калі я ўпершыню ўбачыла драганбот!

Драганбот — гэта вялікае каноэ, падобнае да дракона. Каб весляры рухаліся сінхронна, у яго на носе замацаваны вялікі барабан, які адбівае рытм рухаў. За гэты барабан і пасадзілі Віялету падчас гонкі паміж камандамі валанцёраў і дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Такую прыгоду не хутка забудзеш!

Яшчэ адзін від спорту, з якім Віялета пазнаёмілася падчас валанцёрства, — бокс. Яна займалася навігацыяй гледачоў падчас Міжнароднага турніру па боксе і так загарэлася гэтым відам спорту, што сама наведала некалькі заняткаў. Смяёмся, што цяпер дзяўчына можа не толькі наладзіць камунікацыю са складанымі суразмоўцамі, але і пастаяць за сябе, калі дамовіцца не атрымаецца.

Для Івана, Зарыны і Віялеты валанцёрства стала важнай часткай жыцця — пашырыла кола сяброў і знаёмых, дапамагло раскрыць новыя таленты і развіць карысныя (асабліва для настаўніка) асабістыя якасці. Валанцёры працягваюць падрыхтоўку і з нецярпеннем чакаюць лета, з якім пачнецца вялікае свята і для іх саміх, і для ўсёй краіны.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва герояў.