Валожын без бар’ераў

- 16:01Сацыяльны ракурс

Турызм даступны для кожнага

Праект “Валожын без бер’ераў” рэалізуецца ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Яго вынікам павінна стаць распрацоўка пяцігадовай праграмы развіцця сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю. У рамках прэс-туру па Валожыншчыне журналісты прынялі ўдзел у адкрыцці фотавыставы “Праекты ў асобах”, дзе быў прадстаўлены гэты праект, і экалагічнай сцежкі ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”. Сцежка адаптавана для асоб з абмежаваннямі, у тым ліку для тых, хто перамяшчаецца на інвалідных калясках, і для людзей са слабым зрокам.

Праект “Валожын без бар’ераў” (2015—2018) накіраваны на пашырэнне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне. Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам у партнёрстве з Валожынскім райвыканкамам, грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства інвалідаў”, мясцовым фондам садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва “Інтэракцыя” і Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы”. Бюджэт для рэалізацыі праекта складае 1 111 000 еўра, з іх 90 працэнтаў — уклад ЕС. Прычым падтрымка праекта “Валожын без бар’ераў” ажыццяўляецца не толькі фінансавая, але і інфармацыйна-метадычная.

Зараз у Валожынскім раёне пражывае каля 2100 людзей з інваліднасцю. Як і ва ўсёй Беларусі, увага да іх патрэб у сацыяльных паслугах і адпачынку недастатковая. Для таго каб пачаліся змяненні ў гэтым кірунку, неабходны прыклады паспяховага супрацоўніцтва паміж мясцовымі органамі ўлады, недзяржаўнымі структурамі ў сферы сацыяльнай інтэграцыі і пастаўшчыкамі сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг.

У першы год рэалізацыі праекта “Валожын без бар’ераў” быў праведзены ў раёне маніторынг даступнасці сацыяльных аб’ектаў і аб’ектаў агульнага карыстання для людзей з інваліднасцю. Было абследавана каля 300 будынкаў. Эксперты склалі рэкамендацыі па паляпшэнні даступнасці, і ў выніку 19 сацыяльна-значных аб’ектаў былі рэканструяваны і сталі поўнасцю безбар’ернымі. Гэта медыцынскія ўстановы, музеі, будынкі дзяржустаноў, гасцініца, кінатэатр, бібліятэкі.

Валожынскі раён размешчаны недалёка ад Мінска ў маляўнічым месцы. 40 працэнтаў тэрыторыі Валожыншчыны займаюць лясы, у тым ліку Налібоцкая пушча. У раёна вялікі турыстычны патэнцыял. Склаўся грамадскі савет па агратурызме. Мясцовыя аграсядзібы пачалі супрацоўнічаць паміж сабой і з мясцовай уладай, вырашаючы агульныя задачы. Распрацаваны “зялёны” турыстычны маршрут “Валожынскія гасцінцы”, які прадугледжвае адпачынак у аграсядзібах, вандроўку па веламаршруце, пракладзеным праз увесь раён, па водных шляхах, наведванне экамузеяў, прыродных і гістарычных мясцін. Дарэчы, гаспадары пяці аграсядзіб прынялі рашэнне стварыць даступнае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках праекта “Валожын без бар’ераў” яны атрымаюць неабходную падтрымку.

У бягучым годзе ў Валожыне чакаецца адкрыццё турыстычнага інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра для людзей з інваліднасцю з хостэлам і канферэнц-залай.

На шляху да Налібоцкай пушчы прадстаўнікі СМІ пазнаёміліся з мясцовымі ініцыятывамі, што ажыццяўляюцца ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Праект фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

Першая ініцыятыва — “Развіццё інфраструктуры “зялёнага” маршруту “Валожынскія гасцінцы” ў Валожынскім раёне” рэалізуецца ў вёсцы Міжрэчча ў аграсядзібе і сялянскай фермерскай гаспадарцы “Мядовая каралева”. Турыстам тут прапануецца аздараўленчая паслуга “сон на вуллях”. Адпачыць і паспаць можна ў драўляным апі-доміку, уздоўж сцен якога размешчаны вуллі (па 4 з кожнага боку). Спальныя месцы абсталяваны над вуллямі.

Вандроўнікам можна рэкамендаваць наведаць вёску Замасцяны і далучыцца яшчэ да адной мясцовай ініцыятывы — “Птушка ў аб’ектыве”, якая рэалізуецца Валожынскім сельскім выканкамам у партнёрстве з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На беразе Сакаўшчынскага вадасховішча абсталявана аглядная пляцоўка, дзе аматары бёрдвотчынгу змогуць назіраць пры дапамозе бінокляў і падзорных труб за вадаплаўнымі і каляводнымі птушкамі ў натуральным асяроддзі пражывання і, зразумела, фатаграфаваць іх. Пляцоўка з’яўляецца безбар’ернай. Ініцыятыва запатрабавана ў навучэнцаў сярэдняй школы вёскі Сакаўшчыны — членаў клуба па вывучэнні птушак “Крылаты дазор”. З фотаздымкамі птушак і відэаролікамі аб іх жыцці, зробленымі турыстамі, можна будзе пазнаёміцца на найбліжэйшай аграсядзібе “За масточкам”, дзе абсталёўваецца прэзентацыйны пакой. Тэрыторыя сядзібы прылягае да возера, дзе можна працягнуць назіранне за птушкамі.

У Валожыне журналісты пазнаёміліся з ініцыятывай “Бяспека дзяцей. Інавацыйныя метады навучання бяспецы жыццядзейнасці”. На базе сярэдняй школы № 2 Валожына быў створаны раённы Цэнтр бяспекі жыццядзейнасці, які быў аснашчаны наступнымі вучэбнымі комплексамі: “Адпрацоўка паводзін на лёдзе”, “Адпрацоўка навыкаў работы з вогнетушыцелем”, “Адпрацоўка навыкаў выкліку выратавальных службаў па тэлефоне” і “Пакой памылак”. Навучэнцам, якія прыходзяць на заняткі ў цэнтр, прапануюцца штучна змадэляваныя надзвычайныя сітуацыі, у якіх яны вучацца дзейнічаць. Акрамя таго, дзеці праходзяць інтэрактыўны тэст (з прымяненнем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці) з мэтай папярэджання няправільных дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Цэнтр бяспекі жыццядзейнасці стане пілотным у Мінскай вобласці і будзе выкарыстоўвацца для навучання і школьнікаў, і дарослых. Напрацаваны вопыт плануецца распаўсюдзіць у іншых раёнах.

* * *

Ва ўрачыстай атмасферы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу Валожына была адкрыта фотавыстава “Праекты ў асобах”. Экспазіцыя пад адкрытым небам расказвае пра 29 праектаў, рэалізаваных у Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Праекты закранаюць важныя пытанні: ахова навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, укараненне энергазберагальных і “зялёных” тэхналогій, развіццё сельскіх тэрыторый і падтрымка прадпрымальніцтва, дапамога падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса, а таксама жанчынам, пацярпелым ад дамашняга насілля. Праекты садзейнічаюць распаўсюджанню еўрапейскага падыходу ў адукацыі і навуцы, захаванню гістарычных і культурных традыцый.

Гасцей і герояў выставы вітаў намеснік кіраўніка праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Элгарс Азалінш і старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік. Адзін з герояў фотавыставы — Уладзімір Патапенка, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, — прадставіў праект “Валожын без бар’ераў”. Мужчына адзначыў, што праект гэты ўнікальны, таму што ў Беларусі ўпершыню загаварылі аб тым, каб зрабіць даступным турызм для людзей з інваліднасцю.

* * *

Журналістаў чакаў далейшы маршрут — у вёску Белакорац, што побач з Налібоцкай пушчай, дзе была адкрыта экалагічная сцежка, абсталяваная для людзей з інваліднасцю. Дырэктар Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” Васіль Уладзіміравіч Гуркоў правёў невялікую экскурсію.

“Стварэнне экасцежкі патрабавала асаблівых умоў, — адзначыў Васіль Уладзіміравіч. — Мы шукалі месца, да якога людзі змогуць бесперашкодна пад’ехаць і па якім будуць самастойна, без старонняй дапамогі, перамяшчацца. Выбраны намі ўчастак ляснога масіву — адзін з самых экалагічна чыстых. Да таго ж на ім прадстаўлены пяць біятопаў: плантацыя сасны Банкса, сасновыя насаджэнні, змешаны лес, луг і рака Іслач. Падчас пракладвання экасцежкі выкарыстоўваліся толькі экалагічна чыстыя матэрыялы. Пакрыццём для яе стала гранітная крошка, што была шчыльна ўтрамбавана.

Сцежка ўяўляе сабой замкнёную фігуру ў форме васьмёркі працягласцю 1296 метраў.

Па існуючых нарматывах, заказнік можа прымаць у дзень больш за 17 тысяч чалавек, а экасцежка — больш за 800 чалавек. Уздоўж шляху тут абсталяваны месцы для адпачынку: альтанкі з пандусамі, лавачкі. На інфармацыйных стэндах размешчана інфармацыя аб мясцовых раслінах і іх карысных уласцівасцях, аб жывёлах і птушках пушчы. Інфармацыя пададзена на зразумелай мове, прадубліравана шрыфтам Брайля і даступна для людзей з рознымі парушэннямі. Тактыльныя макеты нагадаюць пра тое, як выглядаюць сляды жывёл. Візуальна і навобмацак кожны турыст зможа зразумець па тактыльных макетах, у якім месцы экасцежкі ён спыніўся ў пэўную хвіліну”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.