Важатая Ірына Пішчур расказала, як праходзіць праверку педагагічнага прызвання ў лагеры «Івалга»

- 13:10Лето-2023, Образование, Проекты

Работа ў аздараўленчым лагеры з’яўляецца праверкай педагагічнага прызвання. Менавіта так лічыць важатая загараднага аздараўленчага лагера “Івалга” Маладзечанскага раёна Ірына Пішчур, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адказнасць за жыццё і здароўе выхаванцаў, за арганізацыю іх вольнага часу і нават за такую зменлівую рэч, як дзіцячы настрой, ляжыць на важатых. 

Прафесію педагога Ірына Пішчур выбірала свядома і ішла ў педагогіку па поклічы сэрца. Сёння дзяўчына вучыцца ў Полацкім каледжы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, а педагагічную практыку ў загарадным аздараўленчым лагеры праходзіць упершыню.

“Я вучуся ў Полацкім каледжы па спецыяльнасці “Замежная мова”, — расказвае пра сябе будучы педагог. — У дзяцінстве заўсёды любіла гуляць у школу і марыла стаць настаўніцай замежнай мовы. І сёння ўспамінаю сваю першую практыку. Тады я праводзіла класныя гадзіны ў пачатковай школе. Усё праходзіла без асаблівых цяжкасцей”.

Пра ўзаемадзеянне з выхаванцамі ў аздараўленчым лагеры Ірына Пішчур гаворыць, што для яе гэта вельмі цікавы вопыт, але складаны: усе дзеці розныя, да кожнага патрэбен свой падыход, для кожнага неабходна знайсці час, каб ніхто не пакрыўдзіўся.

“Усе дзеці ўнікальныя, і мне кожны раз падабаецца пераконвацца ў гэтым! У маім атрадзе “Лімоны” тыя, каму 9—11 гадоў, — расказвае Ірына. — З навучэнцамі гэтага ўзросту працаваць найбольш камфортна: яны вельмі актыўныя, цікаўныя і непасрэдныя. Я ўжо раней разважала наконт таго, з якімі дзеткамі мне было б лёгка працаваць. З падлеткамі складана: я сама яшчэ студэнтка, таму старэйшыя дзеці могуць не ўспрымаць мяне сур’ёзна. А ў рабоце з малышамі яшчэ мала вопыту. Дарэчы, калі бачу, што ў некаторых выпадках мне яго не хапае, і не ведаю, як лепш рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю, спачатку пытаюся парады ў старшага выхавальніка нашага атрада Вольгі Славаміраўны Луцкай. Увогуле, будучаму настаўніку і маладому спецыя­лісту важна адчуваць, што яму ёсць на каго разлічваць, у каго папрасіць дапамогі”.

У лагеры “Івалга” ёсць добрая традыцыя, якой ужо многа гадоў. Штодзень за добрыя справы выхаванцам выдаюць іўжыкі — штучную валюту, якую ў канцы змены можна памяняць на бутэрброды з салам.

У якасці тавару, які можна набыць за іўжыкі, школьнікам-пакупнікам спрабавалі прапанаваць іншыя прысмакі, але дзеці адмовіліся: усе, як адзін, гавораць, што бутэрброды з салам — гэта самае смачнае.

“Другой па папулярнасці пакупкай з’яўляецца прадаўжэнне часу для дыскатэкі, — расказвае дырэктар лагера Аксана Ганчарук. — Дзецям такая ідэя вельмі падабаецца, таму яны з ахвотай зарабляюць іўжыкі. Іх, дарэчы, атрымаць не вельмі складана: дастаткова прыбіраць за сабой і дапама­гаць тым, хто меншы і не можа штосьці самастойна зрабіць. Гэтаму мы вучым хлопчыкаў і дзяўчынак з першага дня змены”. 

У “Івалзе” штогод арганізоўваюць 5 змен. Падчас першай, якая называецца “Рамантыкі” і доўжыцца 9 дзён, тут адпачываюць выхаванцы цэнтра творчасці “Маладзік”. У наступныя чатыры змены ў лагер прыяз­джаюць навучэнцы са школ горада і раёна. Сёлета тут змогуць адпачыць 660 школьнікаў. Са слоў дырэктара лагера, дзецям у “Івалзе” падабаецца, многія прыязджаюць сюды не першы год.

Для таго каб разнастаіць адпачынак, важатыя праводзяць для сваіх атрадаў шматлікія конкурсы і забаўляльныя праграмы.

Самы доўгачаканы конкурс падчас кожнай змены — квест-гульня “Мы — дзеці Беларусі”. Для ўдзелу ў ёй навучэнцы дзеляцца на 6 каманд па колькасці абласцей нашай краіны, вывучаюць традыцыі кожнага рэгіёна і гатуюць традыцыйныя стравы.

“Кожная з каманд стараецца здзівіць прысмакамі, і здараецца нават так, што пераможцу цяжка вызначыць, — пацвярджае Аксана Ганчарук. — Халаднік з запечанай бульбай у мундзірах, дранікі, калдуны — усё гэта нашы выхаванцы могуць згата­ваць лепш, чым дарослыя. Таксама падчас кожнай змены праводзім конкурсы песень і малюнкаў, прысвечаныя нашай Радзіме. Не менш актыўнае і спартыўнае жыццё лагера. Кожны дзень у “Івалзе” пачынаецца з зарадкі, але не звычайнай, а танцавальнай. На тэрыторыі ёсць футбольнае поле, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі і інш. Адным словам, для адпачынку і аздараў­лення дзяцей створаны ўсе ўмовы. Мы з камандай педагогаў, у сваю чаргу, зробім усё магчымае, каб дзецям у “Івалзе” было камфортна і каб наступным летам яны зноў сюды вярнуліся за новымі эмоцыямі і добрым настроем”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА