Вечар сустрэчы заўсёды такі доўгачаканы і хвалюючы для выпускнікоў і педагогаў школы. Па традыцыі ў першую суботу лютага ў Верасніцкай сярэдняй школе Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці праходзяць вечары сустрэчы выпускнікоў. І субота 6 лютага не стала выключэннем. Моладзь і дарослыя з нецярпеннем чакалі гэтага дня, каб пабачыцца са сваімі аднакласнікамі і настаўнікамі, якіх не бачылі шмат гадоў.
Школа сабрала ў сваіх сценах выпускнікоў розных гадоў і розных пакаленняў, але ўсіх іх аб’ядноўвала адно – любоў да роднай школы і павага да сваіх настаўнікаў. Героямі дня былі, вядома ж, юбілейныя выпускі.
Старшакласнікі на чале з класным кіраўніком Таццянай Аляксандраўнай Комар падрыхтавалі цікавую канцэртную праграму. Тут было ўсё: і песні, і сцэнкі, і конкурсы. Акунуцца ў мінулае, успомніць строгіх і ў той жа час добрых настаўнікаў, аднакласнікаў дапамаглі старыя школьныя фатаграфіі.
Наша школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Гледзячы на іх, настаўнікі разумеюць, што праца не прайшлі дарма, што на змену растуць адукаваныя спецыялісты, клапатлівыя бацькі і самае галоўнае – добрыя і ўдзячныя людзі, якія заўсёды спяшаюцца на вечар сустрэчы выпускнікоў.
Таццяна САМЦОВА,
Верасніцкая сярэдняя школа Жыткавіцкага раёна.