Велікодны вусны часопіс

- 16:12Нам пішуць

У 6 класе на ўроках беларускай літаратуры вучні пачалі знаёміцца ў раздзеле “Біблія — вечная і дзівосная кніга” з біблейскімі аповедамі: “Стварэнне свету”, “Ной будуе каўчэг”, з прытчамі. І ў сямітыднёвы пост у царкве свяшчэннік напамінае прытчу “Пра блуднага сына”.

Як сказана ў падручніку літаратуры, прытча — невялікі твор павучальнага характару, расказаны Ісусам народу. Біблейскія прытчы праслаўляюць высокія маральныя якасці чалавека: сумленнасць, праведнасць, справядлівасць, стараннасць і інш. І ў вёсцы, і ў горадзе ідзе падрыхтоўка да Вялікадня. І наш клас таксама далучыўся да гэтага: аднавілі інсцэніроўку прытчы пра блуднага сына, якую ладзілі раней, падабралі вершы пра жыццё, дабрыню і вечнасць чалавечай душы.

Падчас падрыхтоўкі вуснага часопіса важна было растлумачыць вучням, што такое Вялікдзень, як яго святкавалі нашы продкі, як рыхтуюцца сустрэць гэтае царкоўнае свята ў нашы дні. Размаўляючы з навучэнцамі, я засяродзіла ўвагу на тым, што пост — гэта не толькі абмежаванне ў ежы, а час рабіць дабро, дараваць крыўды, прыйсці да пакаяння. Таксама вялікая ўвага была ўдзелена Вербнай нядзелі.

Сабраны матэрыял быў узгоднены з мясцовым святаром і аформлены ў выглядзе вуснага часопіса. Цікавы змястоўны матэрыял да свята павучальнага выхаваўчага зместу прымусіў многіх задумацца аб сутнасці жыцця чалавека, яго ролі ў жыцці, адказнасці, маральных якасцях.

“ЖЫЦЦЁ ДАЕЦЦА, КАБ ТВАРЫЦЬ”
Вусны часопіс для вучняў 6 класа

Мэты: пашырыць уяўленне шасцікласнікаў пра беларускія нацыянальныя традыцыі; развіваць уменні даследча-пошукавай дзейнасці вучняў; дапамагчы ім зразумець, што кожны чалавек належыць да свайго народа, яго культуры, а таму трэба імкнуцца ведаць гісторыю Радзімы і ганарыцца ёю, шанаваць блізкіх, родавую памяць, зберагаць традыцыі продкаў.

На экране словы:

Беларускі народ знаходзіцца на новым пераломе ў сваім гістарычным існаванні — сцвярджае і адраджае самабытнасць, непаўторнасць сваёй нацыянальнай культуры. Ён зрабіў значны ўклад у скарбонку сусветнай культуры, яму належыць “пачэсны пасад між народамі”. У сувязі з гэтым узрастае роля традыцыйнай культуры, якая найбольш самабытная і адметная. Беларусы маюць цэлае багацце ўласных свят, абрадаў і звычаяў. Усе яны — наш гонар і неацэнная спадчына.

Эпіграф: Рабі іншаму тое, што хочаш, каб рабілі табе (Біблія).

Ход мерапрыемства

І. Уступнае слова настаўніка

Сёння мы праводзім класную гадзіну, якую падрыхтавалі разам з вамі дзякуючы нашай сумеснай працы, аповедам вашых бацькоў, дзядуляў і бабуль. Мы пазнаёмімся з традыцыямі нашых вёсак Вялікія і Малыя Арлы, дзе жывуць шчырыя, працавітыя, сумленныя і спагадлівыя людзі — вашы родныя, блізкія, суседзі і вы самі, разгледзім, як нашы аднавяскоўцы захоўваюць традыцыі сваіх продкаў.

ІІ. Асноўная частка

Кожны новы год у жыцці адметны, непаўторны. Але ён рухаецца па коле. Пры гэтым паўтараюцца поры года, святы народнага і рэлігійнага календара. Мы радуемся Нараджэнню Хрыстову, весялімся ў час калядак. Са з’яўленнем першай зорачкі на небе ходзім ад хаты да хаты са шчадроўкамі, песнямі, пажаданнямі. А цяпер рыхтуемся і чакаем самага светлага дня — Вялікадня. Гэтаму святу папярэднічае вялікая падрыхтоўчая праца. У нашых вёсках гавораць: “На Вялікдзень патрэбна чыстым быць і целам і душою”.

Цяпер доўжыцца пост, сямітыднёвы, падрыхтоўчы перыяд да свята. Кожную суботу і нядзелю нашы аднавяскоўцы ідуць у царкву паспавядацца, пакаяцца ў грахах, і ўсё для таго, каб годна, з чыстым сумленнем і шчырай душой сустрэць Вялікдзень.

На экране з’яўляецца фотаздымак царквы Святога Георгія Перамаганосца.

Вучань. Пост існаваў яшчэ ў старажытныя часы, але хрысціянства напоўніла яго новым зместам. Старэйшыя з хрысціянскіх вучоных-багасловаў сцвярджаюць, што хрысціянскі пост устанавілі ў гонар Майсея і Ісуса Хрыста, якія пасцілі 40 дзён у пустыні.

Вучаніца. Пасты дзеляцца на аднадзённыя і шматдзённыя. Да шматдзённых адносяцца:

* пост святой Чатырохдзясятніцы, або Вялікі пост, які пачынаецца за сем тыдняў да Вялікадня;

* пост апосталаў Пятра і Паўла , або Пятроўскі пост;

*Успенскі пост;

*пост перад Калядамі (Калядны пост).

Да самога посту ёсць падрыхтоўчы тыдзень. Людзі ўспамінаюць свае грахі, тых, каго пакрыўдзілі, даруюць крыўды, просяць адно ў аднаго прабачэння. Апошняя нядзеля перад постам называецца ў народзе “даравальнай нядзеляй”. У гэты дзень святар расказвае прытчу пра блуднага сына.

Інсцэніроўка

Прытча пра блуднага сына

Апавядальнік. Ісус расказаў народу прытчу: “У аднаго чалавека было два сыны; і сказаў малодшы бацьку …”

Малодшы сын. Ойча! Дай мне з маёнтка тую частку, якая мне належыць.

Апавядальнік. І бацька падзяліў паміж імі маёнтак.

Мінула нямнога дзён. Малодшы сын забраў усё, што належала яму, і пайшоў у далёкую краіну. І там усё распусціў, бо жыў надта распусна. Калі ён так растраціў, пачаўся ў той краіне вялікі голад, і ён сам пачаў галадаць. Тады ён пайшоў да жыхара той краіны і наняўся ў работнікі, а той паслаў яго пасвіць свіней, і рады быў бы ён наесціся стручкоў, якімі карміліся свінні.

Неяк, адумаўшыся, сказаў сам сабе: колькі наймітаў у майго бацькі жыве, і ўсе ў дастатку, а я паміраю тут з голаду! Збяруся і пайду да свайго бацькі і скажу яму: “Ойча!Я саграшыў перад небам і табою і ўжо нават не заслугоўваю называцца тваім сынам, залічы мяне да тваіх наймітаў”.

Сабраўся і пайшоў да свайго бацькі.

І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька, пашкадаваў, пабег на сустрэчу, абняў і цалаваў яго, а сын сказаў бацьку …

Малодщы сын. Ойча! Я саграшыў перад небам і табою і ўжо не варты называцца тваім сынам.

Бацька: (гаворыць сваім наймітам). Прынясіце лепшае адзенне і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і абутак на ногі; і прывядзіце ўкормленае цяля і закаліце: будзем есці і весяліцца. Бо сын гэты мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся!

Апавядальнік. І пачалі весяліцца. . .

Старэйшы сын быў у полі. Калі вярнуўся, пачуў, як весяляцца. Ён паклікаў аднаго слугу і спытаўся. . .

Слуга. Брат твой вярнуўся, і твой бацька зарэзаў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.

Апавядальнік. Выслухаўшы ўсё гэта, брат раззлаваўся і не хацеў уваходзіць у дом. Сын строга паглядзеў на бацьку і пачаў яго папракаць. . .

Старэйшы сын. Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго; але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я з сябрамі павесяліўся, а калі вось гэты сын твой, растраціўшы сваю долю, вярнуўся, ты закалоў дзеля яго ўкормленае цяля.

Бацька. Сыне мой, ты заўсёды пры мне і ўсё маё — тваё. А з таго радавацца і весяліцца нам трэба, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.

Апавядальнік. Гэтай прытчай Ісус не даводзіў, што Нябесны Айцец радуецца і даруе грахі таму, хто прыходзіць да яго, пакаяўшыся ад усяго сэрца.

(На экране дэманструецца слайд “Вяртанне блуднага сына”.)

Настаўнік. Першы дзень Вялікага посту ў народзе называюць чыстым панядзелкам.

Згодна з народнымі традыцыямі, у гэты дзень трэба прыбраць у хаце, апрануцца ва ўсё чыстае, каб сустрэць пост у чысціні. Панядзелак і аўторак — дні асаблівага абмежавання ў ежы.

(На экране дэманструецца слайд “Каляндар посту”.)

Вучань. На другім тыдні Праваслаўная царква ўспамінае і ўшаноўвае аднаго з вялікіх багасловаў — свяціцеля Рыгора Паламу, які вучыў людзей захоўваць пост і рабіць добрыя справы. За гэта Гасподзь адорвае вернікаў сваім жыватворным святлом.

(На экране з’яўляецца абраз Рыгора Паламы.)

Вучаніца. Чацвёрты тыдзень называецца Крыжапаклонны. У самы цэнтр храма выносіцца Крыж — напамін пра пакуты і смерць Хрыста. Крыж знаходзіцца ў гэтым месцы да пятніцы.

(На экране дэманструецца адпаведны слайд.)

Вучань. У чацвёрты тыдзень ушаноўваецца памяць святога Іаана, які ў сваім творы паказаў лесвіцу, або парадак добрых спраў, якія павінны рабіць людзі.

(На экране — абраз, на якім адлюстраваны Іаан Лесвічнік.)

Вучаніца. На пятым тыдні ўшаноўваецца Прападобная Марыя Егіпецкая, якая з’яўляецца прыкладам сапраўднага пакаяння.

(На экране — абраз, на якім адлюстравана Марыя Егіпецкая.)

Вучань. На шостым тыдні Праваслаўная царква ўшаноўвае 40 пакутнікаў севасційскіх, якія пацярпелі за дабрыню і веру. Гэты дзень называюць саракасвятныя, а таксама саракі.

Вучаніца. 22 сакавіка — прысвятак саракі. Гэта дзень вясновага раўнадзенства. Дзяўчаты пякуць сорак своеасаблівых піражкоў. Хрысціяне звязваюць гэтую круглую лічбу з 40 мучанікамі і напамінаннем пра Вялікі пост. У нашай мясцовасці гэтыя піражкі называюць балабушкамі. Пякуць іх з поснага цеста і пасыпаюць цукрам.

Вучань. Шосты тыдзень называецца вербным, або дзень уваходу Госпада ў Іерусалім, або царскае праслаўленне Хрыста перад смерцю. Царква паказвае, што яго пакутная смерць была добраахвотнай.

(На экране — абраз “Уваход Ісуса ў Іерусалім”.)

Настаўнік. На Вербніцу ў храмах асвячаюць галінкі вярбы, імі сцябалі прыгаворваючы: “Вярба б’е, не я б’ю. Будзь здароў, не памірай! Будзь здароў, як вада! Будзь багаты, як зямля!” Асвечанай вярбе надаюцца гаючыя ўласцівасці. Лічылі, што яна мае цудадзейную сілу. Галінкі часта ўпрыгожваюць стужкамі ці кветкамі чырвонага колеру.

  • Ці ведаеце вы, дзе захоўваюць асвечаныя галінкі вярбы? (Асвечаныя галінкі захоўвалі ў хаце, найчасцей на покуці побач з абразамі, клалі за бажніцу, а таксама ўторквалі ў сцены ці пад столь.)
  • Для чаго выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць галінкі вярбы? (Раней кожная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову на пашу, злёгку сцябаючы па баках галінкай; з вербачкай селянін выходзіў засяваць поле, садзіць бульбу. Засушаныя галінкі ў штодзённым жыцці выкарыстоўваюць як своеасаблівы абярэг, які ахоўвае, засцерагае ад хвароб і непагадзі. )
  • Што робяць з галінкамі старой вярбы? (Рэшткі вярбы ніколі не выкідвалі, а захоўвалі да наступнай вербніцы. Перад вялікім постам старыя галінкі вярбы спальвалі. )

Следам за Вербніцай пачынаўся перадвелікодны тыдзень. У чысты чацвер абавязкова прыбіралі ў хаце, мылі жывёлу, каб была здаровая. Самі гаспадары да ўзыходу сонца мыліся ў палонцы ці лазні кінуўшы ў пасудзіну серабро, каб не хварэць цэлы год.

Вялікая пятніца — успамін пра цярністы шлях і пакуты Хрыста. У гэты дзень у канцы вячэрняга набажэнства адбываецца абрад вынасу плашчаніцы з выявай Хрыста, пакладзенага ў труну.

Вялікая субота — дзень маўчання напярэдадні светлага Хрыстовага Уваскрасення. У велікодную ноч пачыналася самае значнае свята Уваскрасення Хрыстова. Абавязкова патрэбна было дачакацца поўначы, каб пачуць званы. У час усяночнай службы (літургіі) прыглядаліся, як гараць свечкі. Калі яны трапяшчаць — лета будзе з дажджом і маланкамі.

У старажытнасці Вялікі дзень быў сустрэчай новага года па сонечным календары і прыпадаў на свята вясновага раўнадзенства. Але з пашырэннем хрысціянства ён быў прыстасаваны да Вялікадня.

Уваскрасенне Хрыстова стала адным з галоўных свят. У гэты дзень услаўляецца подзвіг Хрыста дзеля чалавецтва. Ён сваім жыццём на зямлі і ўласным прыкладам даў нам мудрыя ўрокі. Ісус Хрыстос, сын Божы, доўга вандраваў, вучыў людзей правільна жыць, гаварыў, што вялікі грэх не толькі забойства, але і злосць, і зайздрасць, хцівасць. Трэба рабіць дабро, дапамагаць тым, каму цяжка. Ён вылечваў хворых, сляпых, дапамагаў бедным. Аднак былі людзі, якім не падабалася вучэнне Хрыста. Яго шукалі ўлады, каб расправіцца. Сярод вучняў Хрыста знайшоўся здраднік Іуда. Ісус Хрыстос быў схоплены, асуджаны рымскім намеснікам Понціем Пілатам і распяты на крыжы. Пасля смерці вернікі перанеслі цела Хрыста ў пячору, уваход закрылі вялікім каменем. Праз некалькі дзён жанчыны ўбачылі, што ўваход адкрыты, а цела Хрыста знікла. Анёл ім сказаў: “Ён уваскрос”.

Велікодная ноч з суботы на нядзелю святочная. Людзі ідуць у царкву, каб ушанаваць памяць і подзвіг Хрыста. Зранку пасля богаслужэння ў гонар Ісуса Хрыста хрысціяне тройчы вітаюць адно аднаго “Хрыстос уваскрос!”, а ў адказ кажуць: “Сапраўды ўваскрос”. Пасля вяртання з царквы дамоў людзі запальваюць свечкі, накрываюць святочны стол, на якім галоўная страва —фарбаваныя яйкі. Яйкі фарбавалі ў чырвоны колер з дапамогай шалупіння цыбулі. Чырвоны колер азначаў радасць; ярка жоўты — сонца, веснавога святла; блакітны — неба, паветра; зялёны — абуджэнне прыроды; бронзавы —пладаноснасці зямлі. Рабілі і іншыя яйкі, якія служылі абярэгам на працягу ўсяго года. Іх называлі пісанкамі. Пісанка — гэта яйка, якое ўпрыгожвалася сімвалічным арнаментам: спіраль — сімвал жыцця; рыба — сімвал здароўя; лісты дуба — сімвал сілы і даўгалецця; макавая кветка — сімвал маладосці; крыж — сімвал чатырох стыхій: агню, паветра, вады і зямлі. Калі парушыўся колер ці арнамент, то лічылася, што яйка не мае сілы. Калі жанчына распісвала, размалёўвала яйкі, то яна марыла аб сямейным шчасці, дабрабыце, здароўі. На велікодным стале пісанкі клалі вакол куліча, а фарбаванкі — на прарослы авёс. (На экране — велікодныя яйкі з розным арнаментам і колерам. ) З фарбаванкамі выходзілі на вуліцу і пачыналі шматлікія гульні з катаннем і біццём яек. Але да свята яшчэ некалькі тыдняў. Мы пазнаёміліся з падрыхтоўчым перыядам. У нас ёсць час прааналізаваць зробленае, задумацца пра свае ўчынкі і справы. А цяпер паглядзіце на дошку, паспрабуем звязаць назву нашага вуснага часопіса з тымі словамі, якія напісаны на плакатах.

Калі робіш добрае для людзей, гэта значыць, што робіш добрае сабе.

Калі робіш дрэннае для людзей, гэта значыць, што робіш дрэнна для сябе.

Не судзі нікога — не будзеш сам асуджаны (Біблія).

Усе гэтыя выказванні звязаны з эпіграфам нашай класнай гадзіны, узятым з вечнай і мудрай кнігі — Бібліі: “Рабі іншаму тое, што хочаш, каб рабілі табе”. Значыць жыццё чалавека даецца для таго, каб рабіць дабро. Да гэтага заклікае і наша беларуская літаратура — глыбока чалавечная і духоўная. Паслухаем аднаго з сучасных паэтаў.

Першы чытальнік.

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Каб светла-залатую яго ніць

віць і далей — любоўю, справай дзейнай

ды словам, што ад справы неаддзельна.

Тварыць!

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,

Высакародным, дружным намаганнем,

што патым зоркай у вяках гарыць.

Тварыць!

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць —

Тварыць!

Анатоль Вярцінскі

Настаўнік. Да класнай гадзіны вам было прапанавана падрыхтаваць прыказкі нашых вёсак пра святы, лепшыя чалавечыя якасці, а таксама вясновыя павер’і. Бо нашы вяскоўцы — людзі кемлівыя і назіральныя. (Вучні агучваюць прыказкі і павер’і.)

Прыказкі

  1. Перад Богам грэх, перад людзьмі смех.
  2. Нарабіў ліха — не чакай дабра.
  3. На праўдзе свет стаіць.
  4. Чужое на карысць не пойдзе.
  5. Чужым дабром не забагацееш.
  6. Хто сумленне мае, той чужога не чапае.
  7. Не чапай нікога, не бойся нічога.
  8. Шануй людзей, то і цябе пашануюць.
  9. Не чыні іншым таго — што табе не люба.
  10. Ад добрага не ўцякай і ліхога не рабі.
  11. Не рабі каму бяды, бо сам яе сустрэнеш.
  12. Не плюй у крыніцу— прыйдзеш па вадзіцу.
  13. Не капай каму ямы, бо сам у яе ўпадзеш.

Павер’і:

Калі вясна вельмі ранняя ды цёплая, то будзе халодны май.

Калі ў ясны дзень сонца заходзіць за хмарку, то будзе дождж.

Калі вушы свярбяць, то зімою будзе адліга, а летам дождж.

Калі на Грамніцы (Стрэчанне) капае з капяжа, то будзе добры ўраджай на агуркі.

Адкуль вее вецер на Вялікдзень, адтуль будзе веяць усё лета.

Калі зранку на захадзе стаіць хмара, то будзе дождж. . .

Калі куры рана садзяцца на седала, будзе добрая пагода.

Настаўнік. А цяпер я прачытаю словы песні, якую я запісала ад жыхаркі вёскі Малыя Арлы Веры Пятроўны Кулаковіч, 1929 года нараджэння. Гэтую каляндарную песню спяваюць валачобнікі.

Ішлі, прыйшлі валачобнікі,

іграючы, спяваючы.

Добры вечар, пане гаспадару!

ці спіш, ці ляжыш?

Калі спіш, Бог з табою,

Калі не спіш, хадзі за мною.

Адчыні акно, паглядзі на двор:

На тваім двары стаіць шацёр,

навюсенькі, бялюсенькі.

А ў тым шатры залатое крэсла,

а на тым крэсле сам Бог сядзіць,

а перад Богам усе святыя

Шыкуюцца, рахуюцца:

Катораму святу наперад пайсці?

Святыя саракі наперад пайшлі,

Святы Аляксей сохі чэша,

Святое Благавешчанне заворвае,

Святы Вербіч вярбу асвячае,

Чысты чацвер ячмень засявае,

Святы Вялікдзень з чырвоным яечкам —

Першы дзень пірагі маюць,

Сярэдні дзень пагуляюць,

У апошні дзень выпраўляюць.

Радаўніца статак запасвае,

Святы Юрый Божы пасол,

Да Бога пайшоў.

Узяў ключы залатыя,

Адамкнуў зямлю сырусенькую,

Пусціў расу цяплюсенькую,

На белы свет і на весь цвет.

Божы Барыс гарох сее.

Святы Мікола па межах ходзіць.

Па межах ходзіць, жыта родзіць,

Урасціўся, умачыўся,

пад залаты пояс падаткнуўся.

Святы Ўшэснік жыта выплаўляе,

Святая Тройца пляшнік носіць

І Бога просіць.

Святы Дзявятнік жыта раўнуе,

Святая Дзесятуха жыта красуе,

Святы Іван пчолы садзіць —

Пад пералазам шасцёра разам.

Святы Пётра жыта спеліць,

Святы Павел граблі робіць,

Залатыя, новыя і сталёвыя.

Святы Ілья — слаўная жняя.

Святы Барыс снапы зносіць,

Святая Ганна дамоў возіць,

Святы Спас жыта пасвячае,

Святая Прачыстая папар мяшае

І жыта засявае,

А другая ёй дапамагае.

Святы Міхайла з халодным ветрам,

Святое Узвіжанне з поля збірае,

Святая Пакрова зямлю пакрывае:

Зямлю — лістом, а ваду — лядком.

Святы Юрый грудай гвоздзіць,

Святы Мікола снегам мосціць.

Прыйшлі Калядкі — гаспадарам парадкі.

Святы Васіль дзяжу мясіў.

Святое Вадохрышча ваду асвячае,

людзей пакрапляе.

Святыя Грамніцы свечкі асвячаюць.

Прыйшлі саракі да другіх саракоў.

Дай жа, Божа, усім здароўя.

У нас гавораць: дзе дабро, спагада, міласэрнасць, там Бог жыве. Калі хочаце, каб Бог быў у хаце разам з вамі, рабіце дабро іншым людзям, шануйце і беражыце адно аднаго.

А далей паслухайце вершы нашых беларускіх паэтаў пра жыццё і пра тое, што самае галоўнае для чалавека на зямлі.

Другі чытальнік.

Найперш, чым свой лёс, нібы плот, гарадзіць,

падумай:

за ўсё давядзецца плаціць.

За злосць і за крыўды

за здзеклівы смех,

за кожны

свядома учынены грэх.

Не вельмі надзейся:

а можна, мяне

усё ж неадступная кара міне.

Наіўны,

свае спадзяванні адпрэч:

дастане ўсіх

справядлівасці меч.

Жыццё, як маланка,

мільгне, праляціць.

А потым…

За ўсё давядзецца плаціць.

Запомні:

нячыстымі справы былі —

заплаціш спачатку

і тут, на зямлі.

А потым заплаціш за сумнай мяжой

не тленнай купюрай,

а вечнай душой.

Трэці чытальнік.

Не адракайся веры, чалавек,

Ідзі за ёй і вера дапаможа

У ланцугу пакут і бездарожжа

Не патануць у гібельнай дрыгве.

Не адракайся веры, беражы

Яе ад усялякіх хмар жыццёвых,

Бо без яе на свеце нельга жыць —

У думках цёмна і на сэрцы цёмна.

Не адракайся веры, толькі з ёй

Адчуць сябе мажліва чалавекам,

І голас Бога над сінай-гарой

Пачуць і назаўжды яму паверыць.

Чацвёрты чытальнік.

Жыццё — адказнейшы экзамен,

Яго ніяк не абмінеш.

І ў спёку летнюю і ў замець

Ідзеш здаваць, пакуль жывеш.

З гадамі хочам азірнуцца,

Памылкі выправіць усе,

Але жыцця паток нясе,

І да вытокаў не вярнуцца.

Жыццё сваю дыктуе волю,

Жыві да ста, жыві за сто —

Перапісаць яго ніколі

на чыставік не змог ніхто.

Пяты чытальнік.

Не прашу я доўгага веку,

Не прашу асаблівай любві.

Я прашу цябе: “Будзь чалавекам!”

Я прашу вас: “Будзьце людзьмі!”

Нельга ж вечна жыць, як некалі.

Час зусім другі — глядзі,

Людзі! Будзьце чалавекамі!

Чалавекі! Будзьце людзьмі!

ІІІ. Рэфлексія.

Настаўнік падводзіць вынікі, дзякуе ўсім за актыўны ўдзел і работу на занятках.

Тамара СКРАБЕЦ,
настаўніца беларускай мовы вышэйшай катэгорыі
Арлоўскай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.