Вернасць выбранай прафесіі

- 12:05Навіны рэгіёнаў

Людміла Ігараўна Мельнікава — чалавек цудоўны і неверагодна пазітыўны. Яна належыць да таго пасляваеннага пакалення, якому з маленства прыйшлося прайсці нялёгкую школу жыцця, зведаць нямала цяжкасцей. Але ў душы жанчыны заўсёды заставалася радасць і вера ў паспяховую будучыню. І, здаецца, менавіта гэта стала вызначальным.

Усё жыццё Людмілы Ігараўны — гэта спорт і дзеці. Яе педагагічны стаж складае 37 гадоў, 34 з якіх прайшлі ў сценах гомельскай сярэдняй школы № 7. Уявіце, колькі пакаленняў прайшло праз яе рукі і колькі былых вучняў захоўваюць у памяці ўрокі фізкультуры з любімым настаўнікам.

— Я ніколі не думала, што буду настаўнікам фізкультуры, — кажа Людміла Ігараўна, — але лёс распарадзіўся так, што мая зацікаўленасць спортам прывяла мяне ў гэтую прафесію. І я засталася верная ёй на працягу ўсяго працоўнага жыцця.

Спорт з’явіўся ў жыцці Людмілы раптоўна. Сям’я рана страціла бацьку, маці засталася з трыма дзецьмі на руках, якіх трэба было накарміць, апрануць, выхаваць і даць адукацыю. Жылі ў сваім доме на беразе Дняпра, трымалі вялікую гаспадарку. Падросшы, дзеці сталі дапамагаць матулі, а старэйшы брат Фёдар разам з Людмілай улетку ўладкоўваліся працаваць на цагельны завод рознарабочымі, зараблялі грошы. Нягледзячы на ўсе клопаты, дзяўчынка расла зацікаўленай, добра вучылася, паспявала зрабіць урокі і ўсе хатнія справы і яшчэ на трэніроўку па веласпорце схадзіць. Аднаго разу паспрабавала, і яе захапіла. Кажа, што тады, дзяўчынкай, яна разумела, што тут, у спорце, можна праявіць сябе, даказаць, што ты лепшая, што можаш зноў і зноў дасягаць вяршынь. Так і атрымалася. Веласпорт стаў стартам, а хутка Людміла Мельнікава пачала займаць прызавыя месцы ў самых розных кірунках: міжшкольных спаборніцтвах па лыжах, лёгкай атлетыцы, стральбе і кросавай падрыхтоўцы. Яе захапленне спортам, імкненне быць першай заўважыў трэнер па веславанні на байдарцы Віктар Сцяпанавіч Станібула, які набіраў вучняў у сваю секцыю, і прапанаваў сесці ў лодку. У дзяўчыны, якая мела добрую фізічную падрыхтоўку, моцны характар, сяброўства з лодкай атрымалася, і гэта стала пачаткам яе спартыўнай кар’еры.

Ужо праз паўгода актыўных трэніровак Людміла займае першыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Праз год выконвае нарматыў майстра спорту СССР і ўваходзіць у склад зборнай БССР. Становіцца неаднаразовай чэмпіёнкай Савецкага Саюза і ўжо як член зборнай СССР — прызёрам Еўрапейскіх матчавых сустрэч. А залатыя і сярэбраныя медалі толькі падкрэсліваюць гэтыя дасягненні. Адначасова актыўная спартсменка працуе інструктарам па веславанні ў Гомельскім абласным спартыўным таварыстве “Дынама”.

У 1973 годзе Людміла Ігараўна скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаўшы дзве спецыяльнасці: “Настаўнік фізічнай культуры і спорту”, “Метадыст па лячэбнай фізкультуры і спорце”. Першым працоўным месцам дыпламаванага настаўніка стала пасада педагога-арганізатара ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рабочым пасёлку Касцюкоўка, што недалёка ад Гомеля, а па сумяшчальніцтве малады педагог працуе яшчэ і настаўнікам фізкультуры ў сярэдняй школе № 13. У жніўні 1974 года яе запрашаюць на работу настаўнікам фізічнага выхавання ў толькі што пабудаваную сярэднюю школу № 7. Тут яна цалкам аддае сябе педагагічнай рабоце і застаецца на доўгія гады.

— Напэўна, як і кожны настаўнік, я лічыла свой прадмет асноўным, — расказвае Людміла Ігараўна. — Галоўнай педагагічнай задачай я бачыла ўмацаванне здароўя кожнага вучня, бо ў фізічна слаба развітых дзяцей не можа быць добрай вучобы і паўнавартаснага жыцця ў будучыні. Я і зараз так лічу.

Дбайная падрыхтоўка да заняткаў дазваляла праводзіць іх на высокім арганізацыйна-метадычным узроўні. Але ж галоўнае, што на ўроках яна імкнулася знайсці шлях да сэрцаў сваіх вучняў, убачыць і раскрыць іх лепшыя якасці. Нядзіўна, што для дзяцей яна была любімым настаўнікам. Перадаючы ім свой багаты спартыўны і жыццёвы вопыт, Людміла Ігараўна выхоўвала ў кожным сілу духу і волю ў дасягненні пастаўленай мэты. Таму не выпадкова каманды школы нязменна выходзілі пераможцамі і ўваходзілі ў дзясятку наймацнейшых каманд горада ў розных спартыўных спаборніцтвах.

Не забывалася педагог і пра дзяцей з адхіленнямі здароўя, не здольнымі займацца ў агульнай групе, вяла для іх урокі лячэбнай фізкультуры. Абсталявала ў школе трэнажорную залу, дзе дзеці праходзілі агульнафізічную падрыхтоўку і бавілі пазаўрочны час. А яшчэ ў спісе настаўніцы фізкультуры былі секцыі лёгкай атлетыкі, валейбола, баскетбола, лыжнай падрыхтоўкі і класнае кіраўніцтва.

Патрабавальная да сябе, строгая і справядлівая, заўсёды гатовая дапамагчы і падтрымаць, Л.І.Мельнікава заваявала любоў і павагу калег, вучняў і іх бацькоў.

— Сёння, калі за маімі плячыма сем дзясяткаў гадоў, я азіраюся назад і разумею, што я ўсё рабіла правільна, — дзеліцца думкамі ветэран працы, ветэран спорту і настаўнік вышэйшай катэгорыі. — Я ўсім сэрцам радуюся, што мае выпускнікі сталі добрымі спецыялістамі ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны, служаць у войсках, з’яўляюцца вядучымі спартсменамі краіны. А тое, што яны ніколі не забываюць павіншаваць мяне са святамі і дзякуюць за атрыманае выхаванне, — мая вялікая ўзнагарода.

За сваю шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры Людміла Ігараўна атрымала шмат падзяк і ўзнагарод. Прызнаецца, што асабліва даражыць Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Аддаючыся працы, Людміла Ігараўна ніколі не забывалася пра сям’ю. Яна любячая жонка, клапатлівая маці і добрая гаспадыня. Сёння сям’я Мельнікавых вялікая: двое сыноў і пяцёра ўнукаў. А з мужам Дзмітрыем, кандыдатам у майстры спорту па веславанні на каноэ, яны пазнаёміліся на рэспубліканскіх спартыўных зборах у 1970 годзе, і з таго часу больш не расставаліся. Усё жыццё яны нібы раўняліся адно на аднаго і дапаўнялі адно аднаго. Дзмітрый Барысавіч працоўнае жыццё прысвяціў чыгунцы, узнагароджаны знакам “Ганаровы чыгуначнік”. Але іх заўсёды аб’ядноўвала любоў да спорту, яны і зараз абое ўваходзяць у абласную арганізацыю ветэранаў спорту.

І сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Людміла Мельнікава вядзе актыўны лад жыцця, якому могуць пазайздросціць многія. Заўсёды ўдзельнічае ў гарадскіх і абласных спартыўных спаборніцтвах сярод ветэранаў спорту, культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў родным горадзе. І заўсёды побач з ёй надзейны спадарожнік. Цяпер у мужа і жонкі шмат вольнага часу, яны жывуць у яднанні з прыродай, амаль увесь час праводзяць на дачы, вырошчваюць садавіну і агародніну, любяць збіраць грыбы, ягады, лавіць рыбу, захапляюцца пчалярствам. Актыўныя ў працы, яны такія ж актыўныя ў жыцці, зараджаюць сваім пазітывам усіх навокал і нясуць дабрыню — настаўніца і чыгуначнік, якіх аб’яднала любоў да спорту.

Натялля ЛУТЧАНКА.