Верым у цуды

- 9:20Навіны рэгіёнаў

Абласное свята ў межах рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прайшло ў Гомельскім цырку. Там сабраліся больш за 1,2 тысячы юных жыхароў з усёй вобласці. Запрашэнні на галоўную абласную ёлку атрымалі пераможцы міжнародных, рэгіянальных, рэспубліканскіх творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, дзеці з асаблівасцямі развіцця, дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных, прыёмных сем’яў, сіроты.

Мерапрыемства было арганізавана з улікам эпідэмічнай сітуацыі. Усіх у­дзельнікаў падзялілі на дзве групы і прымалі ў розны час. На ўваходзе — бескантактнае вымярэнне тэмпературы, апрацоўка рук. У глядзельнай зале было прадугледжана шахматнае рассаджванне. Дзеці яшчэ да пачатку паказу рабілі здымкі на памяць у фотазонах і абмяркоўвалі экспанаты тэматычных выстаў. Сям’я Мушкаўцоў, у якой матуля выхоўвае чацвярых дзяцей, атрымала падарункі ад старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Іх перадаў намеснік Уладзімір Прывалаў.

— Свята падарыла выдатны настрой, — гаворыць матуля Таццяна. — Дзякуй усім за гэта!

У спісе навагодніх пажаданняў школьнікаў асноўнае сёлета — здароўе. Вучаніца дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля выхаванка Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі Навабеліцкага раёна Вольга Астапенка жадае, каб на ўсёй планеце ніхто не хварэў:

— Я загадваю, каб каранавірус хутчэй знік, каб усе былі здаровыя. Вельмі спадзяюся, што жаданне спраўдзіцца, бо на Новы год адбываюцца цуды.

У свае 9 гадоў Вольга станавілася пераможцай гарадскога этапу конкурсу “Шануйце спадчыну сваю”, прызёрам абласнога этапу конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”, міжнародных конкурсаў “Творчасць без меж” і VIP-star.

— Год, які сыходзіць, быў няпростым, але мы разам імкнуліся вырашаць усе пытанні, выконваць пастаўленыя задачы, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. — А вашы поспехі яшчэ раз паказалі, колькі таленавітых, мэтанакіраваных дзяцей жыве ў Гомельскай вобласці. Рэгіён чарговы раз стаў лепшым па цэнтралізаваным тэсціраванні. 2020 год завяршае трылогію Года малой радзімы, і за гэты час у вобласці добраўпарадкаваны раённыя цэнтры, адкрыты новыя аб’екты, у тым ліку і ўстановы адукацыі — дзіцячыя сады ў Петрыкаве, Гомельскім раёне, школа ў Гомелі і г.д. Зрабіце ўсё, каб бацькі ганарыліся вамі, будзьце сапраўднымі патрыётамі радзімы.

Уладзімір Прывалаў пажадаў дзецям новых перамог і поспехаў на жыццёвым шляху, здароўя, каб дзеці заўсёды радавалі сваіх бацькоў. Пасля віншаванняў дзеці паклікалі Дзеда Мароза і Снягурку і з задавальненнем паглядзелі цыркавы паказ з акрабатамі, жанглёрамі, вясёлым клоўнам, белымі мядзведзямі, дрэсіраванымі тхарамі, сабакамі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.