Ветразь

- 12:04Нам пішуць

Якое лёгкае, трапяткое, хвалюючае слова — “ветразь”! Са школьнага дзяцінства з намі вобраз самотнага лермантаўскага ветразя, што бялее ў блакітным тумане мора, і тых пунсовых грынаўскіх ветразяў, якія нарэшце ўгледзела на гарызонце летуценніца Асоль. Чаму мы, беларусы, так арганічна і ахвотна прымаем да сэрца рамантыку марскіх вандраванняў, рамантыку сустрэч і расстанняў, нават ніколі не бачыўшы самога мора? Пытанне рытарычнае, бо значэнне гэтага слова зразумелае нам, а вобраз ветразя сімвалічны. Ветразь — гэта мара, прадчуванне, узнёсласць, надзея, чаканне… 

Мабыць, выбіраючы назву для ІІ Мінскага конкурсу беларускага народнага танца “Ветразь”, яго арганізатары таксама адчувалі перадусім рамантыку, якая ідзе ад гэтага лёгкага і прыгожага слова. Зрэшты, назва мерапрыемства добра пасавала да знешняга выгляду яго ўдзельнікаў, апранутых у рознаварыянтныя беларускія народныя строі. У імклівай “Лявонісе” ці вясёлай польцы шырокія дзявочыя спаднічкі ўзляталі, бы хвалі, а над імі — белыя сарочкі ды кашулі. Ну чым не ветразі ў хвалістым моры?

Наш фальклорны гурт “Берагіня” (мастацкі кіраўнік Мікола Козенка) не навічок у конкурсах народнага танца. Сённяшнім яго ўдзельнікам, а іх больш за 30, былыя “берагінцы” пакінулі ў спадчыну ўспаміны, фотаздымкі, дыпломы, падарункі, прывезеныя ў розныя гады з г.п.Акцябрскага, дзе ў рамках Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” традыцыйна праходзіць конкурс танцавальных пар — выканаўцаў народнага побытавага танца. А ў далёкім 1996 годзе, годзе нараджэння нашага гурта, такі ж конкурс адбыўся ў нашай роднай вёсцы Мётчы. Менавіта ён і даў пачатак трывалай і нязменнай любові мётчанскіх дзяцей да народнага танца, да фальклорнай спадчыны. Затым была “Беларуская полька”, быў “Палескі карагод”, “Сожскі карагод”, была “Мінская кадрыля”, былі конкурсы, арганізаваныя ў роднай Мётчанскай школе. Іх заўсёды яднаў дух змагання і захаплення бясконцым багаццем рухаў, фігур, інтанацый, варыянтаў беларускага танца. Яны пакідалі добры настрой, добрыя ўражанні незалежна ад заваяваных ці незаваяваных перамог.

Такія ж цёплыя, добрыя ўспаміны прывезлі “берагінцы” і з ІІ Мінскага конкурсу беларускага народнага танца “Ветразь”, які даў дзецям не толькі магчымасць паспаборнічаць у любімым відзе народнага мастацтва, але і пазнаёміў з адметнай установай агульнай сярэдняй адукацыі — школай № 168 Мінска. Для вясковых дзяцей сама паездка ў сталіцу ужо незвычайная з’ява. Малодшыя здзіўляліся ўсяму, што бачылі па дарозе, старэйшыя паблажліва пасмейваліся з іх рэакцыі, мабыць, успамінаючы сябе ў такім узросце.

Нам прыемна было сустрэць на “Ветразі” сваіх добрых знаёмых з калектываў “Мілавіца”, “Вясейка”, GUDA. Прыемна было бачыць вядомых людзей Беларусі: Міколу Дудчанку, Анатоля Бутэвіча, Энгельса Дарашэвіча, Вячаслава Калацэя, Рэгіну Гамзовіч.

Нечаканай і прыемнай была сустрэча з даўнімі сябрамі і фундатарамі “Берагіні” Людмілай Леанідаўнай і Міхаілам Іпалітавічам Собаль.

Для ўсіх нашых танцавальных пар удзел у конкурсе быў дэбютам. Тым больш радаснымі сталі вынікі: два дыпломы І і адзін дыплом ІІ ступені. Гэтыя дыпломы дадалі павагі не толькі калектыву і яго кіраўнікам, але і перш за ўсё адкрылі дзецям саміх жа сябе, акрылілі і ўпэўнілі ў значнасці той справы, якую яны робяць і любяць. Старэйшы ўдзельнік “Берагіні” адзінаццацікласнік Сяргей Мацюшонак успамінае: “Паездкі, канцэрты, выступленні, знаёмствы з новымі мясцінамі, з новымі людзьмі напачатку былі самымі прыцягальнымі момантамі майго берагінскага жыцця. Калі “Берагіня” прыпыніла на нейкі час сваю дзейнасць, я сумаваў па гэтых момантах. У 10 класе зноў вярнуўся ў калектыў. Толькі зараз я ўжо любіў не паездкі — я любіў танцаваць. Па-сапраўднаму адчуў смак танца на конкурсе “Ветразь”. Пашанцавала з партнёрам, бо Таня Абрамовіч — цікавая асоба, прыгожая, таленавітая і працаздольная. Мы занялі тады 1-е месца ў сваёй групе і вельмі радаваліся. А яшчэ мяне ўразіла тое, што танцавалі на конкурсе не толькі дзеці-школьнікі, але і сучасныя маладыя людзі — з моднымі прычоскамі, у цікавых народных строях. Было прыемна адчуваць, што ўсім гледачам спадабалася выступленне нашага гурта “Берагіня”. А мы захапляліся майстэрствам танцавальных пар з розных школ і ўстаноў, выступленнем калектыву “Мілавіца”, з якім пазнаёміліся яшчэ на свяце “Мінская кадрыля”.

Вельмі хочацца, каб конкурс “Ветразь” і надалей творча ўзвышаўся і пашыраў свае межы, уцягваючы ў кола народнага танца не толькі насельнікаў Міншчыны, але і аматараў з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Антаніна АБРАМОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, музычны кіраўнік
заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Берагіня”
Мётчанскай школы Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.