Вінаград — беларуская ягада

- 15:04Навіны рэгіёнаў, Рознае

На два дні Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт стаў цэнтрам беларускага вінаградарства. Выстава-кірмаш “Вінаград-2014” прайшла тут у дзясяты раз.

Тое, што ў Беларусі можна вырошчваць вінаград, не горшы за паўднёвы, факт вядомы. А вось даведацца, як дасягнуць добрых вынікаў, атрымаць парады і кансультацыі не толькі ад аматараў, але і ад вучоных-аграномаў, набыць саджанцы ўсе жадаючыя маглі на выставе-кірмашы.
Як расказаў адзін з арганізатараў мерапрыемства, дацэнт кафедры плодаагародніцтва і лугаводства ГДАУ, кандыдат сельскагаспадарчых навук Сяргей Собалеў, удзел у выставе прымаюць аматары-вінаградары з усёй Беларусі. Сам Сяргей Юр’евіч не проста аматар-вінаградар, але і вучоны, які кандыдацкую дысертацыю прысвяціў распаўсюджванню гэтай культуры, адаптацыі да кліматычных умоў Беларусі. Яго навуковым кіраўніком быў знакаміты вучоны Рамуальд Лойка, які шмат зрабіў для з’яўлення і распаўсюджвання гатункаў беларускай селекцыі. Дарэчы, на выставе Собалеў прадставіў каля 30 гатункаў вырашчанага вінаграду. А ўвогуле выпрабаваў на сваім лецішчы каля 200 розных гатункаў.
Добрыя дасягненні беларускіх вінаградараў і былі прадэманстраваны на выставе, хоць год, па ўмовах надвор’я, як лічаць спецыялісты, быў не самым спрыяльным для гэтай культуры.
“У нашай краіне культывуецца больш за 300 гатункаў вінаграду, якія можна вырошчваць па розных тэхналогіях, у адкрытым грунце і ў цяпліцах, — расказвае Сяргей Собалеў. — Некаторыя вінаградары маюць у сваіх калекцыях да ста відаў. Нават у адкрытым грунце ў Беларусі выспяваюць гронкі вагой да кілаграма з салодкай ягадай. На карысць вырошчвання гэтай культуры будзе і той факт, што ўласны вінаград — гэта гарантыя яго экалагічнай чысціні. І захоўваць яго можна да лістапада і нават даўжэй”.
Наведвальнікі выставы маглі таксама пазнаёміцца з новымі і яшчэ не такімі распаўсюджанымі культурамі. Віктар Гузенка і яго жонка Валянціна Пятрэнка з Ліды дзяліліся вопытам вырошчвання актынідыі, кізілу, кітайскага лімонніку. Саджанцы гэтых раслін карысталіся не меншым попытам, чым вінаградная лаза.
Наведвальнікамі выставы сталі і студэнты аграрнага ўніверсітэта. Спецкурс “Вінаградарства” яны вывучаць у межах спецыяльнасці “Плодаагародніцтва”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Аляксандра САЕНКІ.