Віншаванні ў незвычайным фармаце

- 12:34Навіны рэгіёнаў

Павіншаваць лепшых педагогаў вобласці з прафесійным святам на Гродзеншчыне вырашылі ў незвычайным фармаце, без прывычных пасяджэнняў з дакладамі. Для іх разгарнулі чырвоную дарожку ў Лідскім замку, а затым запрасілі на шосты школьны дзень “ПрафСтарт” у аздараўленчы лагер “Бярозка”.

Ад змены фармату мерапрыемства не страціла ўрачыстасці. Муры Лідскага замка толькі надалі яму яркіх фарбаў. Прыемнай стала і экскурсія па замку для ўсіх гасцей свята. А калі пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых педагогаў вобласці, то кожны з іх павінен быў прайсці да сцэны па чырвонай дарожцы, што ўжо выклікала прыўзняты настрой і нават нейкае хваляванне.

У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, старшыня камісіі па рабоце з моладдзю Гро­дзенскага абласнога савета ветэранаў Аляксандр Сягоднік, старшыня абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнай работы Уладзімір Гаўрон.

Цёплыя словы ў адрас усіх педагогаў вобласці і, у праватнасці тых, хто прыняў удзел у свяце, сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык:

— Прафесійнае свята сёлета мы дружным калектывам адзначаем у культурнай сталіцы Беларусі. Менавіта тут, у сценах Лідскага замка мы ўручаем узнагароды лепшым з лепшых. Паважаныя калегі, з Днём настаўніка вас! Здароўя вам, энергіі, прафесійнага росту, дабрабыту. Хочацца пажадаць, каб у бягучым навучальным годзе нас чакала больш перамог, дасягненняў у кожнай школе, кожным ліцэі і каледжы. Хацелася б унесці прапанову, каб бягучы навучальны год стаў годам эстэтычнага выхавання ў нашых навучальных установах.

Як адзначыў Руслан Абрамчык, сёлета многае было ўпершыню: шмат перамог і знаходак:

— Упершыню ў сістэме адукацыі Гродзен­шчыны з’явілася прэмія ў галіне якасці — дыплом, які атрымаў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Упершыню ўручаецца прэмія “За настаўніцтва”. Выдатна справіліся з заданнямі нашы школьнікі на прадметных алімпіядах, якія прахо­дзілі ў складанай эпідэмічнай сітуацыі. Хацелася б адзначыць выдатны вынік нашых педагогаў на конкурсе “Настаўнік года”. Усебаковая падтрымка аказваецца маладым спецыялістам, маладым кіраўнікам сістэмы адукацыі Гродзен­шчыны.

Ва ўрачыстай атмасферы лепшыя педагогі вобласці былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Гро­дзенскага абласнога выканаўчага камітэта, атрымалі падзякі старшыні аблвыканкама, граматы і ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, узнагароды цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Уручаны прэміі “Лідар настаўніцтва” і “Паспяховы старт”. 

Нагрудны знак Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” атрымала начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Таццяна Аксаміт. Пад яе кіраўніцтвам на працягу 10 гадоў раён з’яўляецца лепшым у вобласці па забеспячэнні якасных паказчыкаў сістэмы дашкольнай адукацыі, арганізацыі выхаваўчай работы і якаснага аздараўлення. Таксама знак “Выдатнік адукацыі” ўручаны загадчыку сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Святлане Стачук, дырэктару сярэдняй школы № 5 Смаргоні Раісе Захарыч і настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнка Гродна Аліне Касцюк.

Аліна Касцюк прызналася:

— Я вельмі рада атрымаць гэтую ўзнагароду, але яна належыць не толькі мне, а і таленавітым адораным вучням, якія навучыліся мяне слухаць, чуць і разумець. З упэўненасцю магу сказаць, што я шчаслівая настаўніца, таму што магу назіраць, як растуць у сваіх ведах, уменнях, сваёй упэўненасці мае вучні. У прафесіі я амаль сорак гадоў. Пастаянна самаўдасканальваюся, шукаю нешта новае. Ганаруся сваімі вучнямі. У 2019/2020 навучальным годзе мая выхаванка заваявала дыплом ІІ ступені на заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы.

Яшчэ ў 2016 годзе галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама выступіла ініцыятарам стварэння “Віртуальнай кнігі гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гро­дзенскай вобласці”. Падчас свята абвешчаны імёны тых, хто напярэдадні Дня настаўніка ўпісаны ў кнігу гонару. Пасведчанне маладым спецыялістам уручылі Руслан Абрамчык і старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі Вера Грышэчка. 

Віншавальныя словы з Днём настаўніка таксама адрасавалі ўдзельнікам свята намеснік страшыні Лідскага райвыканкама Генадзь Владыка і намеснік старшыні Гро­дзенскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Святлана Вараніца.

Яркімі і эмацынальнымі былі віншаванні ад дзіцячых творчых калектываў Гродзеншчыны.

Незвычайна і цікава прадоўжылася свята ў аздараўленчым лагеры “Бярозка”. Супрацоўнікі Гродзенскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі крэатыўна падышлі да падрыхтоўкі. Быў абвешчаны шосты школьны дзень у выгля­дзе школы “ПрафСтарт” — паляпшэння вольнага часу настаўнікаў. Падзяліўшыся на каманды, педагогі на імправізаваных уроках выконвалі пэўныя заданні. Адны заняліся пасадкай алеі з туй, другія ў гэты час на валанцёрскай пляцоўцы збіралі шышкі і майстравалі домік для насякомых. Маладыя спецыялісты ў рамках Школы актыўнага грамадзяніна рыхтавалі флэш-моб, а супрацоўнікі прафесійна-тэхнічных устаноў творча, у вершаванай форме прэзентавалі 80-годдзе сваёй сістэмы. На спартыўнай пляцоўцы можна было прявіць сябе ў гульні ў шашкі альбо гольф, яздзе на веласіпе­дзе, пакідаць дроцікі ў дартс.

Такі своеасаблівы педагагічны капуснік прыйшоўся ўсім даспадобы. Нягледзячы на невялікі дождж, сумаваць нікому не давялося. А такое свята запомніцца надоўга.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.