Якім павінен быць выпускнік, што заканчвае сельскую школу? На маю думку, гэта чалавек культуры, свабодны, творчы, сацыяльна абаронены і адаптаваны да сацыяльна-культурнага асяроддзя, руплівы гаспадар зямлі, які ўсведамляе сваю адказнасць за яе экалагічнае здароўе, працэсы абнаўлення аграгарадкоў і адраджэння нацыянальных традыцый свайго народа. Галоўнай задачай сельскай школы з’яўляецца выхаванне асобы, гаспадара зямлі. Мы хочам бачыць яго чалавекам, адказным перад зямлёй, прыродай, прадпрымальным, актыўным, справядлівым і добразычлівым да людзей, які разумее, што праца на роднай зямлі — найвышэйшы маральны абавязак гаспадара.
Неабходнай умовай самарэалізацыі сельскага школьніка як грамадзяніна, чалавека культуры і гаспадара зямлі з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць. Разам з навучэнцамі мы на працягу дзесяці гадоў займаемся навукова-даследчай дзейнасцю, якая накіравана на вырашэнне наступных задач:
* выхаванне асобы, здольнай да свабоднага, добраахвотнага выбару вясковага ладу жыцця і змянення жыццядзейнасці аграгарадкоў, селькагаспадарчай працы ў адпаведнасці з законамі прыроды і інтарэсамі чалавека;
* фарміраванне экалагічнай свядомасці як унутранага рэгулятара паводзін навучэнцаў у навакольным асяроддзі;
* навучанне школьнікаў умеламу спалучэнню працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы з клапатлівым, асцярожным стаўленнем да зямлі.
Чалавек культуры — асоба творчая. Творчасць праяўляецца ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: у вучобе, у побыце, падчас адпачынку, у зносінах і навукова-даследчай дзейнасці. Большасць нашых праектаў — “Капуліроўка розных гатункаў яблыні для атрымання марозаўстойлівых і высакаякасных гібрыдаў”, “Распрацоўка комплексу мерапрыемстваў па павышэнні ўраджайнасці таматаў ва ўмовах малагабарытнай неацяпляльнай плёначнай школьнай цяпліцы і павышэнні эканамічнай эфектыўнасці яе функцыянавання”, “Уплыў узросту мускусных качак-нясушак на якасць яек і эмбрыянальнае развіццё нашчадкаў, а таксама іх эканамічная выгада”, “Зялёная эканоміка” — дабрабыт сям’і” і г.д. — накіраваны на практычную падрыхтоўку сельскага выпускніка да жыцця ў пэўнай культурнай прасторы, уменне жыць па законах прыгажосці, весці хатнюю гаспадарку, ствараць і прымнажаць матэрыяльны дабрабыт сям’і. У сучасных экалагічна неспрыяльных умовах вельмі актуальнымі становяцца беражлівыя адносіны чалавека да свайго здароўя, уменне весці здаровы лад жыцця.
Важнай характарыстыкай выпускніка сельскай школы, якая аб’ядноўвае ўсе вышэйпералічаныя якасці чалавека культуры, з’яўляецца здольнасць быць гаспадаром зямлі. Уся наша вучэбная і выхаваўчая дзейнасць спрыяе развіццю гаспадара зямлі — яе ўласніка, захавальніка жыцця на планеце, лекара яе хвароб, адказнага за ўсё, што адбываецца з ёй. Каб быць такім, выпускнік сельскай школы павінен быць гатовым да землекарыстання і гаспадарання. Ён павінен быць экалагічна і эканамічна адукаваным, мець жыццёвыя планы, звязаныя з жыццём у вёсцы.
Выпускнікі сучаснай сельскай школы рыхтуюцца да жыцця ва ўмовах рыначнай гаспадаркі, дыялогу культур і народаў, міжнародных адносін, фермерскай дзейнасці. Адаптацыя да гэтых умоў патрабуе ад сельскіх выпускнікоў практычнага авалодання асновамі эканомікі і аграноміі, камп’ютарнай дасведчанасці; умення карыстацца сельскагаспадарчай тэхнікай; навыкаў зносін, ведаў народных звычак, вынікаў сельскагаспадарчай працы; паважлівых і беражлівых адносін да хлеба; павагі да старэйшых, да іх працы, жыццёвага вопыту; асаблівых адносін да школы як да духоўнага цэнтра і крыніцы культуры.
Толькі выхаваўшы такога чалавека, сельская школа можа паўплываць на развіццё вёскі, з’яўленне новых спосабаў гаспадарання, у тым ліку фермерства. Нам сёння ёсць кім ганарыцца, таму што выпускнікі нашай школы працуюць на палях і фермах раёна, старшынямі аграгарадкоў, аграномамі, заатэхнікамі і ветурачамі па ўсёй Беларусі. А найважнейшай умовай выхавання гаспадара зямлі з’яўляецца пранікненне ў свядомасць вясковага настаўніка ідэі народнасці выхавання.
Таццяна ДАМУЦЬ,
настаўніца біялогіі і хіміі
Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.