Высакародная місія

- 10:06Вышэйшая школа

Калектыў БДПУ імя Максіма Танка ў пачатку бягучага года быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі. Дыплом лаўрэата прэміі ўручыў прэзідэнт краіны рэктару ўніверсітэта Аляксандру Іванавічу Жуку і студэнтцы чацвёртага курса БДПУ Кацярыне Мехавіч, лаўрэату конкурсу “Валанцёр года”. Паколькі ва ўніверсітэце вучацца пераважна дзяўчаты, дабрачыннасць тут мае ў асноўным дзявочае аблічча, ствараецца іх пяшчотнымі рукамі і чуллівымі сэрцамі.

Добраахвотна і сардэчна

У лепшых традыцыях дабрачыннасці рэктарат БДПУ вырашыў накіраваць грашовыя сродкі прэміі ў Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу Мядзельскага раёна. У ходзе візіту ў гэтую ўстанову А.І.Жук урачыста перадаў падарункавы сертыфікат на суму 350 базавых велічынь дырэктару вучылішча Андрэю Мар’янавічу Дубаневічу.

“Сёння мы прыехалі да вас з вельмі высакароднай місіяй, якая адлюстроўвае сутнасць валанцёрскай дзейнасці ўніверсітэта, што была высока адзначана кіраўніком дзяржавы Нацыянальнай прэміяй Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Мы без сумненняў прынялі рашэнне перадаць яе тым, хто мае ў ёй большую патрэбу, — сказаў у прывітальным слове рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — З-за розных прычын вы, маладыя людзі, апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Але ваша жыццё толькі пачынаецца, у вас усё наперадзе. Вы адчуваеце падтрымку з боку дзяржавы, якая прадастаўляе магчымасць прафесійнай падрыхтоўкі, і атрымліваеце спецыяльнасці аўтаслесара, маляра, тынкоўшчыка. Я ўпэўнены, што грашовая дапамога, якую мы аказваем зараз, палепшыць матэрыяльную базу вашай навучальнай установы, дас ць магчымасць адкрыць новую спецыяльнасць плітачніка-абліцоўшчыка”.

Пры візіце ў вучылішча лепшыя творчыя калектывы ўніверсітэта выступілі з канцэртнай праграмай, у якой прынялі ўдзел мужчынская вакальная група “Модус”, танцавальны калектыў “Арт-Юніці” з кампазіцыяй Only, з якой ён нядаўна перамог на адкрытым рэспубліканскім фестывалі па сучаснай харэаграфіі, беларуская група “Бай-сіці”, якая зарадзілася ў сценах універсітэта, каманда КВЗ БДПУ “Лепшыя сябры”. Выступілі і сольныя выканаўцы: фіналістка праекта “Вялікая сцэна” БДПУ студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі Настасся Козел і студэнтка філалагічнага факультэта лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і гарадскіх вакальных конкурсаў Марыя Хлань. Мастацтва валодання мячом прадэманстраваў удзельнік спартыўных і тэлевізійных праектаў фрыстайліст каманды “Лайфстайл” Ягор Цялушка. На памяць аб сустрэчы выхаванцы вучылішча ўручылі гасцям невялікія сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, і выканалі некалькі нумароў мастацкай самадзейнасці. Перад ад’ездам Аляксандр Іванавіч Жук правёў для дзяцей майстар-клас па шахматах і навучыў некаторым цікавым прыёмам гэтай гульні.

Візітоўка ўніверсітэта

“Валанцёрскі рух — своеасаблівая візітоўка нашай установы, адзін з прыярытэтных кірункаў яе развіцця, які мае даўнія і добрыя традыцыі, — адзначыла першы прарэктар універсітэта Святлана Іванаўна Копцева. — Такую дзейнасць студэнтаў мы разглядаем як своеасаблівы від педагагічнай практыкі. Будучага настаўніка немагчыма падрыхтаваць толькі на лекцыях і занятках ва аўдыторыях. Патрэбен практычны вопыт узаемадзеяння з дзецьмі, з соцыумам. І студэнтам неабходна набываць яго з першага курса праз удзел у сацыяльна значных праектах”.

Адной з валанцёрскіх традыцый, якой больш за паўстагоддзя, з’яўляюцца зорныя паходы студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. На працягу многіх гадоў у такіх паходах удзельнічалі прадстаўнікі і іншых універсітэтаў Савецкага Саюза. Але гэтая традыцыя захавалася толькі ў БДПУ імя Максіма Танка. Юныя студэнты-вандроўнікі наведваюць школы, сацыяльныя прытулкі, дзіцячыя дамы і бальніцы, а таксама ветэранаў вайны і працы. Прыязджаюць, як правіла, з падарункамі, расказваюць аб установе, ладзяць канцэрты, анімацыйныя праграмы. Сёлета прайшоў 52-гі зорны паход, у якім удзельнічала больш за 200 чалавек (у складзе 11 атрадаў).

Зараз у БДПУ функцыянуюць12 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў, у якіх задзейнічаны 1,5 тысячы з 6 тысяч студэнтаў дзённай формы навучання. Актыўна ўдзельнічаюць у аб’яднаннях і выкладчыкі. Першаму агульнаўніверсітэцкаму клубу “Міласэрнасць” (кіраўнік Людміла Леанідаўна Лазарчук, старшы выкладчык кафедры педагогікі) споўнілася ўжо 20 гадоў. Калі ён толькі ствараўся, дапамога маладых ініцыятыўных людзей больш за ўсё патрабавалася пры арганізацыі летняга аздараўлення і адпачынку дзяцей з АПФР і ў сацыялізацыі дзяцей-інвалідаў у грамадстве. Студэнты праводзілі інфармацыйныя акцыі, дабрачынныя мерапрыемствы па прыцягненні сродкаў для набыцця пуцёвак для аздараўлення дзяцей з інваліднасцю. Дзякуючы іх дзейнасці і сабраным сродкам, ужо аздаравіліся сотні дзяцей.

Валанцёры ўніверсітэта супрацоўнічаюць са шматлікімі ўстановамі і арганізацыямі краіны. Сярод іх — грамадскія аб’яднанні, ЦКРНіР, дзіцячыя дамы і бальніцы, рэабілітацыйныя цэнтры, сацыяльныя прытулкі, дзіцячыя спецыялізаваныя аздараўленчыя лагеры. У кожнай такой установе ажыццяўляецца як сістэмная работа, так і асобныя акцыі і мерапрыемствы.

“Важную ролю адыгрывае праектная добраахвотніцкая дзейнасць студэнтаў. Факультэт дашкольнай адукацыі, напрыклад, працуе над праектам “Памяць юных сэрцаў”, які фактычна з’яўляецца працягам нашых зорных паходаў, — адзначыла Святлана Іванаўна. — Валанцёры пры тэматычных сустрэчах з выхаванцамі дзіцячых садоў фарміруюць у іх патрыятычныя пачуцці, распрацавалі для дзяцей экскурсію па музеі Вялікай Айчыннай вайны, прыдумалі разнастайныя пазнавальныя праграмы і цікавыя маршруты для вандровак. Студэнты расказваюць малышам не столькі пра жахі вайны, колькі пра мужнасць, гераізм, якія праяўлялі яе ўдзельнікі пры абароне Радзімы, сваіх сем’яў. Перад Днём Перамогі яны праводзяць акцыі і канцэртныя праграмы, ускладаюць разам з дзецьмі кветкі да абеліскаў”.

Студэнты-дашкольнікі рэалізуюць праект “Бальнічны клоўн”, які разлічаны на дзяцей, што знаходзяцца працяглы тэрмін у бальніцах. Многія з іх адчуваюць страх перад урачамі і шматлікімі працэдурамі. Валанцёры наведваюць такіх дзяцей, апранаюць яркія касцюмы, надзяваюць парыкі і клоўнскі нос, каб зняць псіхалагічную напружанасць дзяцей, падняць ім настрой. Сёння ў гэтым кірунку працуюць студэнты факультэта дашкольнай адукацыі і Інстытута псіхалогіі БДПУ.

“Развіваецца ва ўніверсітэце і спартыўнае валанцёрства. На факультэце фізічнага выхавання сёння кожны трэці студэнт — валанцёр, — адзначыла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Святлана Мікалаеўна Маліноўская. — Студэнтаў БДПУ можна ўбачыць на самых вядучых спартыўных мерапрыемствах, якія праходзяць у Беларусі. Яны прысутнічалі на чэмпіянаце свету па хакеі, што праходзіў у Мінску. Для студэнтаў удзел у такіх мерапрыемствах не толькі свята, але і сур’ёзная матывацыя для вывучэння замежных моў. У найбліжэйшы час яны прымуць удзел у адкрытым Кубку Беларусі па настольным тэнісе. Спартыўныя валанцёры Інстытута інклюзіўнай адукацыі (раней — факультэт спецыяльнай адукацыі) задзейнічаны ў падтрымцы інваспорту, яны супрацоўнічаюць у гэтым кірунку з грамадскімі арганізацыямі, якія арганізоўваюць спаборніцтвы з удзелам дзяцей з АПФР”.

У рамках валанцёрскай практыкі студэнты БДПУ ідуць ва ўстановы адукацыі з мэтай аказання дапамогі ў арганізацыі пазавучэбных заняткаў, мерапрыемстваў шостага школьнага дня, адпачынку. У 2014 годзе ў БДПУ адкрыўся цэнтр дапамогі замяшчальным сем’ям, створаны разам з італьянскай валанцёрскай арганізацыяй PUER. Дзеці, якіх прымаюць у сем’і з інтэрнатных устаноў, часта адстаюць у вучобе, маюць шмат недахопаў у ведах. Валанцёры займаюцца з імі індывідуальна, дапамагаюць у падрыхтоўцы дамашніх заданняў. Вельмі запатрабавана ў такіх сем’ях дапамога студэнтаў факультэта пачатковай адукацыі і фізіка-матэматычнага факультэта.

Студэнты і выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання ўніверсітэта сталі ўдзельнікамі яшчэ аднаго ўнікальнага валанцёрскага спартыўна-адукацыйнага праекта — “Беларусіяда”. Яны вывучылі шматлікія беларускія народныя гульні нашых продкаў і на іх аснове пачалі займацца з дзецьмі. Летам у аздараўленчых лагерах, дзе студэнты працуюць важатымі, а таксама на школьных пляцоўках і проста ў дварах жылых дамоў яны далучаюць школьнікаў да гульняў “Пальчатка”, “Перацяжкі”, “Два агні” і г.д. У маі гэтага года пройдзе першы чэмпіянат па “Беларусіядзе” сярод навучэнцаў сталіцы і Мінскай вобласці, які арганізоўвае БДПУ.

У перыяд летніх канікул на базе 12 школ Маскоўскага, Фрунзенскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска дзейнічае агульнаўніверсітэцкі атрад “Дзеці сталіцы”. Яго ўдзельнікі арганізоўваюць вольны час для падлеткаў з групы сацыяльнай рызыкі з мэтай іх сацыяльнай адаптацыі. Яго мэтавая аўдыторыя — дзеці і падлеткі з дэвіянтнымі паводзінамі, з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, якія засталіся ў летні перыяд дома.

Каштоўны вопыт

Хто такі валанцёр? Чалавек, які добраахвотна прыняў рашэнне прысвяціць свой час, каб перадаць вопыт, веды, уменні і працоўныя навыкі людзям, якім яны неабходны, без усялякіх выгод для сябе. Немагчыма ўявіць больш высакародную і карысную дзейнасць для маладых людзей, чым валанцёрства. Ствараючы дабро, яны засвойваюць самыя галоўныя каштоўнасці жыцця. Студэнты, якія становяцца валанцёрамі, праходзяць папярэднюю падрыхтоўку. Чытаюць неабходную літаратуру, кансультуюцца з выкладчыкамі ўніверсітэта і з больш вопытнымі паспяховымі валанцёрамі, якія з’яўляюцца для іх своеасаблівымі цьютарамі, знаёмяць з асновамі будучай работы, расказваюць аб асаблівых дзецях, аб тым, як трэба да іх адносіцца. Разам з валанцёрамі-пачаткоўцамі цьютары рыхтуюць сумесныя праграмы, назіраюць за дзейнасцю навічкоў. Пасля кожнага дабрачыннага мерапрыемства праводзіцца рэфлексія, маладыя людзі абмяркоўваюць перажытыя імі пачуцці. Не заўсёды ў іх станоўчыя эмоцыі, некаторыя прызнаюцца, што адчувалі няўпэўненасць у сваіх сілах. З тымі, хто перажывае складаныя пачуцці, праводзіцца псіхалагічная работа, падрабязна аналізуюцца ўсе моманты іх зносін з асаблівымі дзецьмі.

Выпускніца факультэта дашкольнай адукацыі, прэс-сакратар БДПУ і валанцёр клуба “Добрае сэрца” Кацярына Карповіч расказала: “Для мяне дабрачынная дзейнасць і педагогіка — паняцці непадзельныя. Сам па сабе выбар прафесіі педагога мае на ўвазе наяўнасць такіх якасцей, як дабрыня, міласэрнасць, нераўнадушнае стаўленне да лёсу іншых людзей. На факультэце дзейнічае валанцёрскі клуб “Добрае сэрца” (кіраўнік — старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі Алена Пятроўна Часнакова). Рашэнне стаць удзельніцай клуба прыйшло да мяне не выпадкова — так падказала мне сэрца. Спачатку я прыняла ўд зел у свяце, якое мы арганізоўвалі ў дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках. Гэта было пад Новы год, зразумела, усе арганізатары мерапрыемства хацелі падарыць дзецям цуд. Дэкарацыі, касцюмы, сцэнарый, музычнае суправаджэнне, размеркаванне роляў — гульнявую праграму рыхтавалі вельмі старанна. І свята прайшло на самым высокім узроўні. Мы бачылі шчаслівыя вочы і ўсмешкі дзяцей, усю глыбіню іх эмоцый. Яны адгукаліся на кожнае выступленне, на кожны наш зварот. Мы адчувалі сябе самымі галоўнымі людзьмі ў іх жыцці.

Валанцёрская дзейнасць мяне многаму навучыла. Галоўнае — адказнасці і ўменню рацыянальна арганізоўваць свой час. Я проста ведаю, што ў мяне шмат спраў, і паспяваю ўсе іх зрабіць. Атрымліваецца, чым больш іх, тым лепш. Ты мабілізуешся і робіш патрэбнае без асаблівых цяжкасцей. Дзякуючы валанцёрству, я набыла каштоўны для будучага педагога вопыт. А гэта не што іншае, як практыка-арыентаваная студэнцкая падрыхтоўка. Падчас заняткаў і на экзаменах я заўсёды прыводзіла цікавыя прыклады з уласнай дзейнасці. У валанцёрстве кожны можа знайсці справу па душы, выбраць той кірунак, у якім хацеў бы працаваць. Камусьці складана выйсці на сцэну, затое ён лёгка і свабодна ўзаемадзейнічае з дзецьмі. Пераадольваючы падобныя цяжкасці, кожны з нас робіць першыя крокі на шляху да будучай прафесіі. Такое адчуванне, што ты сам-насам з дзіцем з’яўляешся творцам вашых узаемаадносін, якія напаўняюць і яго, і тваё жыццё новым сэнсам”.

Студэнтка Інстытута інклюзіўнай адукацыі Кацярына Мехавіч, лаўрэат конкурсу “Валанцёр года”, кіраўнік валанцёрскага аб’яднання “Роўнасць”, якое аказвае дапамогу дзецям-сіротам і дзецям з АПФР, паведаміла: “Калі паступіла ва ўніверсітэт, то, як і большасць студэнтаў, мела даволі стэрэатыпныя ўяўленні пра людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Але ўсё памянялася пасля знаёмства з Марынай Віктараўнай Краўцовай, дырэктарам сацыяльных вучэбна-працоўных майстэрань для людзей з абмежаванымі магчымасцямі пры Цэнтры духоўнай асветы і сацыяльнага служэння іконы “Усіх тужлівых” і яе падапечнымі, кожны з якіх, нягледзячы на абмежаванні, выконваў пасільную работу — займаўся маляваннем, шыццём, бісерапляценнем, працаваў з дрэвам і г.д. Памятаю, як мне далі пэндзлікі і фарбы і прапанавалі выканаць нескладаны малюнак. Я разгубілася і сказала: “У мяне нічога не атрымаецца. Маляваць не ўмею”. Да мяне падышоў малады чалавек і сказаў словы, якія вельмі ўразілі: “У вас ёсць розум, ёсць рукі і ногі, вы не маеце права на “не магу”. Мне стала зразумела, што ў людзей з абмежаваннямі можна навучыцца многаму, што іх не трэба шкадаваць. Яны чакаюць ад нас разумення і роўных адносін”.

Надзея ЦЕРАХАВА.