Вобразы малой радзімы: асобы, падзеі, час

- 11:17Навіны рэгіёнаў

У ходзе правядзення Дня моладзі на XXIX Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў інтэрактыўныя тэматычныя і спартыўныя пляцоўкі фестывалю, пагутарыў з педагогамі, навучэнцамі, спартсменамі і пісьменнікамі Паўночнага рэгіёна.

Так, прэзентацыю прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі патрыятычнага праекта “Жывая памяць” падрыхтаваў Віцебскі раён. “Памяць — гэта здольнасць захоўваць назапашаны вопыт з гісторыі нашай радзімы, які адлюстроўвае жыццё людзей, што ваявалі і абаранялі будучыню сваёй краіны. Памяць пра вайну жыве ў кожнай сям’і, таму што яна закранула ўсіх — ад малога да вялікага. У кожнай сям’і захоўваюцца старыя фатаграфіі тых, каго з удзячнасцю ўспамінаем мы сёння, дзякуючы каму нашы дзеці не ведаюць, што такое вайна, голад і разруха… З пакалення ў пакаленне перадаецца гэтая памяць аб цяжкім мінулым. Без памяці жыць нельга, таму што без мінулага няма будучыні. З дапамогай гэтага праекта мы хочам знайсці адлюстраванне нашых продкаў у сучасніках, у кожным з нас! З дапамогай успышкі фотаапарата прапануем аб’яднаць два часы і пераканацца: Вялікая Перамога — не забытая гісторыя, гэта мы з вамі!” — заклікалі моладзь арганізатары праекта, Віцебскі раённы гістарычна-краязнаўчы музей і Кастрычніцкая сярэдняя школа Віцебскага раёна. Навучэнцы школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Дзікловай актыўна адгукнуліся на гэтую прапанову. Вынікам стала арыгінальная серыя фотарэканструкцый, стваральнікі якіх пастараліся як мага больш дакладна паўтарыць выявы на фота з сямейных архіваў.

Падчас сустрэчы Ігара Карпенкі з прадстаўнікамі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Тамарай Красновай-Гусачэнка адбылася зацікаўленая гаворка аб шляхах развіцця сучаснай літаратуры, рабоце па папулярызацыі класікі і твораў сучасных беларускіх аўтараў сярод моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.