Вольны час вучыць бяспецы

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Надзвычайныя сітуацыі могуць здарыцца і са старымі, і з малымі. Небяспека можа чакаць кожнага, хто страціў пільнасць. Таму чым раней чалавек засвоіць правілы бяспекі і чым лепш будзе іх выконваць, тым больш у яго шансаў ніколі не спазнаць на практыцы, што такое надзвычайная сітуацыя. Работа з дашкольнікамі ў гэтым кірунку вельмі важная. У Крупскім раёне прайшоў шэраг мерапрыемстваў для ўкаранення навыкаў бяспечных паводзін менавіта ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Усе мерапрыемствы неназойліва, весела і цікава навучалі дашкалят быць пільнымі і правільна паводзіць сябе ў нечаканых сітуацыях.

Кожнае мерапрыемства сумесна рыхтавалі супрацоўнікі дзіцячага сада, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. “Такое цеснае ўзаемадзеянне адразу некалькіх структур дазволіла максімальна ахапіць насельніцтва прапагандай ведаў і навыкаў бяспечных паводзін, — расказвае Алена Юр’еўна Баранчук, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета. — У мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 130 дзяцей. Форму выбралі найбольш даступную і цікавую для малых — тэматычныя забавы і развагі з мноствам гульняў, песень і танцаў”. Старт шэрага мерапрыемстваў быў дадзены ў Коласаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Крупскага раёна. Тэарэтычныя веды дзеці папаўнялі падчас гульні “Дадай слоўца”, а гульня “Бом, бом, загарэўся кошчын дом” дапамагла патрэніравацца на практыцы, як паводзіць сябе пры пажары. У госці ў дзіцячы сад завітаў “пажарны”, які падзякаваў дзецям за тое, што яны былі актыўнымі і добра ўсё вывучылі, а таксама яшчэ раз нагадаў ім самыя галоўныя правілы бяспекі.
Эстафету бяспекі прыняў Бобрскі яслі-сад — сярэдняя школа імя А.В.Луначарскага Крупскага раёна. Мерапрыемства “Не сваволь з агнём”, якое тут адбылося, мела спартыўны ўхіл. Інфармацыю дзеці засвойвалі, выконваючы розныя заданні на спрытнасць і хуткасць. “У гасцях у Дзядка-лесавічка” пабывалі выхаванцы Крупскага пасялковага ясляў-сада № 4. Так называлася гульнявая праграма, якая навучала правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях. Да малых прыйшла Агнявушка-паскакушка і ўсяляк заахвочвала дзетак распаліць вогнішча, але яны адмовіліся ад такіх небяспечных забаў і нагадалі непаслухмянай Агнявушцы, што гульні з запалкамі вядуць да вялікай бяды. У ДЦРД “Сонейка” Крупак на мерапрыемстве “Запалкі дзецям не цацкі” ўпор быў зроблены на творчую дзейнасць дзяцей. Выхаванцы старшых груп інсцэніравалі казкі і рабілі пастаноўкі па тэме пажарнай бяспекі, дэманстравалі правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях. У якасці гледачоў выступалі дзеткі з малодшых груп. Такім чынам мерапрыемства ахапіла ўвесь Цэнтр развіцця дзіцяці.
У найбліжэйшы час плануецца яшчэ адно мерапрыемства, але гэта не значыць, што работа ў гэтым кірунку спыніцца. У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама ўжо зараз працуюць над новымі формамі работы, якія працягнуць важную справу па навучанні дзяцей бяспечным паводзінам.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.