Вучым бяспецы змалку

- 11:31Навіны рэгіёнаў

Выхавальнікі нашага ясляў-сада фарміруюць у дзяцей навыкі бяспечнай жыццядзейнасці з дапамогай праектнага метаду і бацькоў.

Выхоўваць у дашкольнікаў усвядомленыя адносіны да ўласнай бяспекі — задача не з лёгкіх. Мы пачалі з сябе. Абнавілі і асучаснілі куткі бяспечнай жыццядзейнасці, стварылі лэпбукі па правілах дарожных паводзін, пажарнай бяспекі і бяспекі на вадзе, распрацавалі і рэалізавалі тэматычныя праекты ў розных узроставых групах, арганізавалі метадычныя кансультацыі, у тым ліку па выкарыстанні праектнага метаду, зладзілі выставу метадычных распрацовак “Бяспечнае дзяцінства”, правялі майстар-клас па стварэнні лэпбукаў для дашкольнікаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці, круглы стол “Шляхі, сродкі і сучасныя тэхналогіі па фарміраванні ў дашкольнікаў навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці” і адкрытыя прагляды мерапрыемстваў.

Не засталіся ўбаку і бацькі. Для іх былі падрыхтаваны буклеты і памяткі з серыі “Бяспечнае дзяцінства: бяспека дома”, арганізаваны агульныя і групавыя сходы з запрашэннем зацікаўленых ведамстваў. Штоквартал ладзяцца акцыі “Засвяціся! Стань больш заўважным на дарозе!”, “Асцярожна на вадаёмах, рэках” і “За бяспеку — разам”. Мамы і таты ўдзельнічаюць у стварэнні відэаролікаў “Ганарымся, што навучылі” і выставах дзіцяча-бацькоўскай творчасці. Павышаную ўвагу ўдзяляем нядобранадзейным сем’ям.

Выхавальнікі імкнуцца стварыць для дзяцей своеасаблівую школу радасці, дзе яны ў цікавай і нязмушанай форме змогуць набыць неабходны вопыт па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Фарміруючы бяспечныя паводзіны на дарозе, пры пажары, у побыце і на вадзе, звяртаемся да гульнявой дзейнасці. Педагогі пераваўсабляюцца ў Нязнайку, інспектара па надзвычайных сітуацыях і ўчастковага інспектара.

Першасныя ўяўленні пра элементарныя правілы бяспекі фарміруюцца падчас тэматычных тыдняў “Наша здароўе”, “Мая бяспека”, “Вуліца. Дарога. Святлафор”, “Усе прафесіі важныя, усе прафесіі неабходныя”. Адной з асноўных форм работы па тлумачэнні небяспечных сітуацый з’яўляюцца гутаркі “Адзін дома”, “Асцярожна — лёд!”, “Калі ўзнік пажар”, “Як пераходзіць дарогу” і інш. Вельмі падабаюцца дзецям пазнавальныя мерапрыемствы “Службы 101, 102, 103”, “Гарыць — не гарыць”, “Чым затушыць агонь?” і “Дружба агню і паветра”, дыдактычныя гульні “Што трэба пажарным” і “Патэлефануй па нумары 101, 102, 103”, гульні-драматызацыі “Кошчын дом” і “Дарога да церамка”, музычныя і фізкультурныя забавы “Калі раптам пачаўся пажар” і “Агонь — сябар, агонь — вораг”, сюжэтна-ролевыя гульні “Доктар Айбаліт спяшаецца на дапамогу” і “Аўтапарк”, прагляд мультымедыйнай прэзентацыі “Небяспека на вадаёмах”, заняткі “Нязнайка і правілы дарожнага руху”.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.