Вучыць з любоўю і павагай

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Галіна Іванаўна Зязюлькова працуе ў сферы адукацыі ўжо 40 гадоў. За гэты час яна шматкроць аналізавала свой выбар і сёння лічыць прафесію настаўніка найлепшай.

З дзяцінства Галіна Іванаўна хацела быць падобнай на сваю першую настаўніцу Аляксандру Барысаўну Случанкову. З павагай і любоўю яна таксама ўспамінае свайго класнага кіраўніка — Зою Віктараўну Сідорскую.

— І, напэўна, уплыў старэйшай сястры, педагога Валянціны Іванаўны таксама вызначыў мой выбар прафесіі, — прызнаецца Галіна Іванаўна.

Настаўніца расказвае, што ледзь ёй споўнілася 20 гадоў — стала на чале Дабранскай малакамплектнай пачатковай школы. Было ўсё: слёзы, хваляванні, перажыванні, але галоўнае — поспехі. У памяці застаўся выпадак, калі яна, малады дырэктар, атрымаўшы навагоднія падарункі для сваіх вучняў, у моцны мароз везла іх з райцэнтра на кані ў школу. А яшчэ: велізарны прысядзібны ўчастак, добраўпарадкаваць які, каб падтрымаць маладога дырэктара, прыходзілі ўсе бацькі і вучні.

— Настаўніцкая прафесія — творчая. Я заўсёды шукала новыя формы і метады работы з вучнямі, кіравалася дэвізам: “Вучу, люблю, паважаю”, — расказвае Галіна Іванаўна.

Як вынік, яе вучні на рэспубліканскай алімпіядзе часта ўдастойваліся дыпломаў і грамат. Галіна Іванаўна памятае ўсіх сваіх вучняў, падтрымлівае з імі сувязь, радуецца іх перамогам і поспехам. Асабліва ганарыцца тым, што некаторыя з іх сталі яе калегамі.

У памяці педагога засталіся раённыя конкурсы настаўніцкага майстэрства “Педагагічны вопыт”, “Мой класны — самы класны”, дзе яна была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені; “Настаўнік года”, “Урок года”, па выніках якіх яна атрымала дыпломы І ступені. Гэтыя ўзнагароды для яе значныя, але самыя каштоўныя для настаўніцы — граматы за падрыхтоўку пераможцаў раённых алімпіяд.

Доўгі час Галіна Іванаўна адпрацавала ў сярэдняй школе № 2 Мсціслава. Дзесяць гадоў узначальвала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў. Яна выбудавала ўласную сістэму па тэме “Сістэма работы па папярэджанні памылак на ўроку рускай мовы ў 2—4 класах”, якую паспяхова абараніла ў абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Галіна Іванаўна — добразычлівы настаўнік, зарэкамендавала сябе добрым спецыялістам. Яе ўрокі па любым прадмеце цікавыя, прадуманыя, спланаваныя. Педагог удзяляе шмат увагі развіццю мовы вучняў, фарміраванню ў іх навыкаў самастойнай работы. Яна вучыць дзетак разважаць, развівае іх творчыя здольнасці.

Штрыхом да партрэта Галіны Іванаўны з’яўляецца яе захапленне чытаннем. Вельмі любіць яна гістарычную літаратуру. Дома ў настаўніцы сабрана багатая бібліятэка. На асаблівым месцы стаяць зборнікі любімага паэта Сяргея Ясеніна.

На думку Галіны Іванаўны, настаўнік пачатковых класаў павінен быць высокаадукаваным, добрым, а яшчэ — тонкім псіхолагам, які разумее дзіцячую душу. Яна заўсёды кажа, што маладым настаўнікам не трэба баяцца цяжкасцей. Неабходна пастаянна ўдасканальвацца, укараняючы ў свае ўрокі ўсё лепшае і перадавое з педагагічнага вопыту, аналізуючы вынікі сваёй работы.

А галоўнае: трэба любіць і паважаць сваіх вучняў, умець разгледзець у кожным з іх асобу.

Сёлета вялікі калектыў нашай школы цёпла і сардэчна павіншаваў Галіну Іванаўну з 60-гадовым юбілеем. Паважлівыя і тактоўныя адносіны да бацькоў, вучняў, калег стварылі ёй заслужаны аўтарытэт. Галіна Іванаўна і зараз у страі, не мысліць сябе без любімай работы і працягвае працаваць у адукацыі.

Наталля ЧЫЖ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Мсціслава.